Галоўнымі супернікамі пісьменьніцы называюць японца Харукі Муракамі і былога вязьня сумленьня з Кеніі Нгугі ва Тхіёнга.
Сярод іншых фаварытаў амэрыканская паэтэса Джойс Кэрал Оўтс, алжырка Асія Джэбар, альбанец Ісмаэль Кадарэ і сірыйскі паэт Адоніс.
«На якіх падставах і каго абірае Швэдзкая акадэмія, ніхто ня здолее прадказаць», — кажа Дзьмітры Плакс, уганараваны прэміяй Шведскай акадэміі ў галіне перакладаў. Уласна гэтая арганізацыя і вырашае, каму аддаць Нобэля ў літаратуры.
«Агульнае ўспрыманьне ў культурным асяродьдзі ў Швэцыі такое, што Сьвятлана Алексіевіч мае вялікі шанец на Нобелеўскую прэмію. Але, магчыма, ня ў гэтым годзе», — лічыць Дзьмітры.
Букмэкерская кантора Ladbrokers на 14:00 6 кастрычніка ставіць Сьвятлану Алексіевіч у тройку фаварытаў з рэйтынгам 7 да 1.
Паводле дадзеных ірляндзкай канторы Paddypower, Сьвятлана на чацьвёртым месцы з рэйтынгам 6 да 1.
У той жа час адна з найстарэйшых кантор брытанская William Hill ставіць беларуску на шостае месца з каэфіцыэнтам 12.
А Unibet дае нашай суайчыньніцы 8-мы каэфіцыент на тым жа шостым месцы.
Аналізуючы паводзіны букмэкераў, Wall Street Journal піша, што швэдзкая акадэмія можа зрабіць выбар на карысьць Алексіевіч пад уплывам палітычнай кан’юнктуры:
«Сьвятлана Алексіевіч не ўваходзіць у лік адназначных фаварытаў, — лічыць аналітык Юрась Адамовіч. — Для больш карэктных высноваў варта глядзець на большы каэфіцыэнт ад аўтарытэтных кантораў».
«Уявіце, што я вас прапанаваў у якасьці Нобелеўскага ляўрэатара з каэфіцыэнтам 2. Зразумела, што вашыя шанцы роўныя нулю, але я нічым не рызыкую. Калі нехта на вас паставіць, я проста выйграю грошы, — тлумачыць Адамовіч. — А вось прэса ўжо можа заявіць, што зьявіўся новы сэнсацыйны фаварыт, які мае найменшы каэфіцыент і ідзе на першым месцы па верагоднасці атрыманьня Нобелеўскай прэміі. Насамрэч гэта ня мае анічога агульнага з рэчаіснасцью».
Перамога Алексіевіч ня стане сэнсацыяй, але і чакаць яе ня варта
Паводле аналітыка, кантора, якая ставіць нізкі каэфіцыэнт на таго ці іншага пісьменьніка, робячы яго «фаварытам», нічым не рызыкуе. Наадварот, яна такім чынам страхуецца і будзе выплочваць меншыя грошы, калі нехта паставіць на пераможцу. Таму лепш глядзець на больш высокія каэфіцыэнты, бо гэта паказьнік таго, што кантора гатовая плаціць большыя грошы, а значыць, больш пільна аналізуе верагоднасьць на перамогу.
«Вось напрыклад, Уільямс Хіл аддае Алексіевіч 5-6 месца з каэфіцыэнтам 13. Каэфіцыэнт не сэнсацыйны, але адназначна не фаварыцкі. Напрыклад, той самы Муракамі мае каэфіцыент 4,5.
Я б не сказаў, што Алексіевіч ужо зусім ня мае шанцаў. Але на дадзены момант яна не зьяўляецца асноўнай фаварыткай».
«Варта памятаць, што стаўкі — рэч дынамічная, — папярэджвае Адамовіч. — Адпаведна шансы на перамогу ў разуменьні букмэкераў могуць мяняцца. Галоўнае найперш тое, што Нобелеўская прэмія — рэч закрытая і кан’юнктурная. Прааналізваць яе, у адрозьненьні ад спартовых падзеяў, нашмат цяжэй. Магу сказаць, што перамога Алексіевіч ня стане сэнсацыяй, але і чакаць яе ня варта».
Падобныя ж адчуваньні мае і перакладчык Дзьмітры Плакс:
«Ёсьць, хаця і нічым не пацьверджанае, але ўяўленьне пра тое, што існуе нейкая чарга на ляўрэатаў, — кажа Плакс. — Пісьменьнікі атрымліваюць узнагароду ў пэўным парадку. І чарга Сьвятланы папросту не падышла. У гэтым, можа, нешта ёсьць. Мы ж ведаем, што шмат нобэлеўскіх ляўрэатаў атрымалі прэмію вельмі позна ў сваім жыцьці. Дорыс Лесінг ужо больш-менш нічога не пісала, а Эліс Манро ўжо ў такім паважаным узросьце, што нават ня здолела прыехаць на цырымонію.
Пісьменьнікі атрымліваюць узнагароду ў пэўным парадку. І чарга Сьвятланы папросту не падышла
Нічога пэўнага сказаць нельга. У Сьвятланы вялікія шанцы. Цяпер выйшла кніга «Цынкавыя хлопчыкі» ў швэдзкім перакладзе. Яна ўжо вось каторы тыдзень уваходзіць у топ-ліст найбуйнейшай штодзённай газэты «Даген нюхетэр». Пра Сьвятлану ізноў шмат гавораць, як і летась, калі тут выйшаў пераклад кнігі «Час сэканд-хэнд».
Першае месца букмэкеры традыцыйна прадракаюць 65-гадоваму японцу Харукі Муракамі (4 да 1 на Ladbrokers і 7 да 2 на Paddypower). Унук будыйскага сьвятара і аўтар культавага раману «1Q84» ужо некалькі гадоў стаіць у букмэкераў на першых месцах.
Сярод іншых спаборнікаў — кенійскі пісьменьнік Нгугі ва Тхіёнга. 72-гадовы аўтар піша па-ангельску і на роднай мове кікую. У 70-х кенійскія ўлады пасадзілі пісьменьніка ў турму за актыўную палітычную пазыцыю, Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня. Пасьля зьняволеньня ён мусіў зьехаць з Кеніі, выкладаў літаратуру ў вядучых амэрыканскіх унівэрсытэтах. Аўтар некалькіх дзясяткаў раманаў, п’ес, апавяданьняў і эсэ. Сярод іх найбольш вядомыя — Weep Not, Child, (1964), I Will Marry When I Want (1976), турэмны дзёньнік Detained (1981).
Тыя, хто давярае свае грошы ірляндзкай канторы, вераць у альжырскую пісьменьніцу Асію Джэбар. 78-гадовая фэміністка даўно жыве ў Францыі. Вядомая сваімі творамі Vaste est la prison (1995), La femme sans sépulture (2002).
Сьвятлану Алексіевіч ужо некалькі гадоў называюць сярод найбольш імаверных кандыдатаў на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. У 2013-м перамогу ў беларускі вырвала канадка Эліс Манро. Сьвятлана Алексіевіч назвала рашэньне камітэту «справядлівым»:
«Гэта справядлівае рашэньне. Гэта сумленная гульня і сумленны выбар. Тут няма нічога крыўднага. Я, на жаль, не чытала гэтую канадзкую пісьменьніцу. Але я яе віншую і рада за яе», — заявіла пісьменьніца Радыё Свабода 20 кастрычніка 2013 году, адразу па абвяшчэньні рашэньня камітэту.
Сёлета пераможцу абвесьцяць 9 кастрычніка а 14 гадзіне дня паводле менскага часу. На Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры намінавана 210 кандыдатаў, сярод якіх 36 новых імёнаў.