Можна назваць гэта «народнай люстрацыяй» альбо небясьпечнымі праявамі самасуду. Але як гэта не назаві, украінскія актывісты ўсё часьцей бяруць справу пакараньня чыноўнікаў старога рэжыму ў свае рукі.
Незадаволеныя непадпісаньнем заканадаўства аб люстрацыі, актывісты такіх груповак, як ультранацыяналістычны «Правы сэктар» закідваюць чыноўнікаў у сьмецьцевыя кантэйнэры — і часам нават зьбіваюць іх — каб выказаць агіду іх сувязямі са старым рэжымам, меркаванай карупцыяй ці падтрымкай сэпаратыстаў на ўсходзе краіны.
Апошнім аб’ектам гэтай кампаніі на гэтым тыдні быў Нестар Шуфрыч, народны дэпутат ад Партыі рэгіёнаў зрынутага прэзыдэнта Віктара Януковіча. Шуфрыч асудзіў ваенную кампанію ва ўсходняй Украіне.
Дэпутат прыбыў 30 верасьня ў Адэсу, каб правесьці прэсавую канфэрэнцыю ў межах кампаніі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 26 кастрычніка.
Але каля будынка абласной адміністрацыі натоўп больш чым зь дзясятка людзей у масках, у тым ліку актывістаў «Правага сэктару», зьбіў Шуфрыча, скрывавіўшы яму твар і парваўшы кашулю. Каб натоўп не закінуў яго ў кантэйнэр для сьмецьця, ён зьбег у свой мікрааўтобус, не атрымаўшы амаль ніякай дапамогі ад міліцыі.
Шуфрыч толькі чарговая ахвяра гэтай тэндэнцыі, якая ўзмацнілася ў пачатку верасьня, калі парлямэнт Украіны, Вярхоўная Рада, падрыхтаваўсяа да галасаваньня па законапраекце аб «люстрацыі», каб ачысьціць новы рэжым ад карумпаваных чыноўнікаў.
Актывісты рэкламуюць сваю дзейнасьць у сацыяльных сетках пад хэштэгам «TrashBucketChallenge» — гуляючыся з назвай віруснай інтэрнэт-кампаніі «Ice Bucket Challenge», якая імкнулася павысіць дасьведчанасьць грамадзтва аб хваробе аміётрафічны склероз.
Гэта сьведчыць аб усё большым расчараваньні ва Ўкраіне тым, што не спыняецца карупцыя і злоўжываньні паўнамоцтвамі, а новыя ўлады зацягваюць палітычныя рэформы.
16 верасьня Віталя Жураўскага, дэпутата Вярхоўнай Рады, закінулі ў сьмецьцевы кантэйнэр каля будынку парлямэнту, таму што ён галасаваў супраць законапраекту.
Законапраект аб люстрацыі ўрэшце быў падпісаны з трэцяй спробы ў той дзень, і цяпер чакае подпісу прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.
Пералік службовых асоб, якія сталіся ахвярамі «выкліку сьметніцы», доўгі і ўключае ў сябе наступных асобаў:
Алег Рудэнка, рэгіянальны чыноўнік з Адэсы ў сфэры грамадзкага страхаваньня, якога нядаўна абвінавацілі ў атрыманьні хабару;
Віталь Федак, чыноўнік зь Цярнопаля;
Аляксандар Панчанка, былы лідэр казакоў з Запароскай вобласьці;
Мікалай Карэцкі, рэгіянальны дэпутат у Кіраваградзкай вобласьці, які раней быў у Партыі рэгіёнаў;
Віктар Піліпішын, дэпутат Вярхоўнай Рады ад Партыі рэгіёнаў;
І іншыя:
Шуфрыч атрымаў страсеньне мозгу, а потым зьявіўся на тэлебачаньні з бальнічнага ложка зь перавязаным вокам. Была распачатая крымінальная справа за хуліганства, хоць яго «апазіцыйны блок» выказаў сумнеў, што гэта дасьць нейкія значны вынік.
У паведамленьні на сваёй старонцы ў фэйсбуку ў сераду, міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў зьвярнуўся за радыкалаў з заклікам спыніць такія дзеяньні, кажучы, што гэта можа каштаваць Украіне падтрымкі на захадзе.
«Яшчэ пару разьбітых твараў шуфрычаў, лінчаваных піліпішыных, і Эўропа адвернецца ад нашай пераможнай рэвалюцыі. Баюся, што і Амэрыка таксама. Спадарства радыкалы, ня будзьце маргінальнымі дэбіламі — не ідзіце ў тупое інстынктыўнае і справакаванае жаданьне судзіць правам натоўпу,» — напісаў ён.
У размове з украінскай службай Радыё Свабода актывіст «Правага сэктару» Юрый Міндзюк сказаў «Правы сэктар» разумее, што актывісты выйшлі за межы закону... Але нас больш турбуе, што люстрацыя ва Ўкраіне можа нават не адбыцца і што старыя бандыты, якія абрабавалі гэтую краіну, ніколі ня будуць прыцягнутыя да адказнасьці".