Міхал не называе свайго прозьвішча, але не хавае твару. Ягоны бацька — беларус, паходзіць зь вялікай палескай вёскі Агдэмер Драгічынскага раёну. Сам ён нарадзіўся ў расейскай Цюмені, куды бацькі паехалі на заробкі. Ва Ўкраіну Міхал прыехаў дзесяцігадовым. Мінулай зімой ён стаў удзельнікам Эўрамайдану, а гэтым летам паехаў ваяваць на Данбас.
— Міхал, як вы сталі салдатам батальёну «Данбас»?
— Запісаўся ў батальён на Майдане ў Кіеве 1 чэрвеня. 2 чэрвеня мы зь сябрам паехалі сваім ходам у Новапятроўцы (на палігон Нацыянальнай гвардыі. — РС). На самім Майдане быў з пачатку сьнежня. Сябраваў зь Міхалам Жызьнеўскім. Мы часта сустракаліся, размаўлялі зь ім, абмяркоўвалі сытуацыю. Клясны быў хлопец. На вуліцы Грушэўскага зь яшчэ адным беларусам Анатолем мы ўсталёўвалі бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоню. У батальёне «Данбас» ёсьць салдаты з Расеі, Грузіі, Беларусі.
— Які быў першы сур’ёзны бой з вашым удзелам?
— Першы сур’ёзны бой быў, калі нашы 70 чалавек заходзілі браць Папасную 22 ліпеня. Калі падаеш на асфальт, тут куля, там куля чыркае, зьверху лісьце з дрэў сыплецца... Нас мачылі тады па поўнай. Спаўзаеш у кювэт, бачыш — пацана параніла, другому куля ў камізэльку трапіла, трэцяму каску развараціла. У нашай роце было 4 забітых, 13 параненых. Бойня была там. Сэпаратысты сышлі з Папаснай пасьля таго бою.
У Папаснай быў сьмешны выпадак. Да нашага блёк-паста пад’ехалі сэпаратысты, палезьлі абдымацца. Думалі, што свае. Але зразумелі, схапіліся за галаву. Траіх тады мы ўзялі ў палон. Мы пазначалі сабе жоўтым скотчам. Яны — стужкамі каларадзкімі.
Калі мы сыходзілі, ішлі як зомбі. Сьпёка, амуніцыя. Кулі вакол чыркаюць аб асфальт, а нам пасьля той бойні, якую мы перажылі, калі заходзілі ў горад, ужо нібыта ўсё роўна. Сэпаратысты пісалі ў сацсетках потым, што мы былі абкураныя.
Кулі вакол чыркаюць аб асфальт, а нам пасьля той бойні, якую мы перажылі, калі заходзілі ў горад, ужо нібыта ўсё роўна
— Калі вашы апэрацыі былі найбольш пасьпяховыя?
— Лепш за ўсё, калі ніхто з вышэйшага кіраўніцтва нічога ня ведае. Толькі як пачынаеш нешта сумеснае рабіць з рэгулярным войскам... Далі нам на сумеснай апэрацыі БМП і 2 БТР, едзем у Ілавайск. Заходжу ў чат Папаснай. Паміж сабой людзі перапісваюцца і абмяркоўваюць, як мы едзем трыма калёнамі. Я сам пра тры калёны ня ведаў. Меркаваў, што ідзем дзьвюма. Палітыкі і генэралы вельмі шмат гавораць на публіку і мала робяць. Калі мы працуем самастойна, партызанскімі мэтадамі, спрацоўвае фактар нечаканасьці. Такія апэрацыі найбольш пасьпяховыя.
— Як вас паранілі?
— Я быў паранены ў Ілавайску 21 жніўня. Нас ужо пачыналі браць у кола. Адной мінай 4 чалавекі параніла. Калі міна ляціць на цябе, яе не чуваць. Мне ў галаву асколак трапіў, у бронекамізэльку, руку і яшчэ 20 асколкаў у ногі. Другому, хто стаяў за мной ад месца выбуху, асколак трапіў у горла. Трэцяму прабіла локаць. Ён потым зьбег зь лякарні на перадавую. Чацьвёртаму адзін асколак у галаву трапіў. Яго ўратаваў індык. Мы ж у Ілавайск бралі прадуктаў на дзень. А захрасьлі там на тыдзень. Заходзілі ў кінутыя гаспадаркі, бралі сякую-такую ежу. Дык той хлопец трымаў індыка, калі выбухнула міна. Большая частка асколкаў паляцела ў птушку.
Мяне параненага вывезьлі з зоны баявых дзеяньняў на інкасатарскай машыне ў Старабешава. Мне пашанцавала, у адрозьненьне ад тых, хто застаўся ваяваць. Бо бальшыня зь іх загінула альбо трапіла ў палон у Ілавайскім катле.
— Як мясцовыя ставіліся да вас?
— Скажу за Ілавайск. Да нас у бамбасховішча прыходзілі жанчыны зь дзецьмі. Мужчын няма. Пытаемся: дзе мужы? Няма... ваююць. Ім апошнія гады ўбівалі ў галаву, што яны вялікія шахцёры, кормяць Украіну. Але ж яны датацыйныя. 30% рускага насельніцтва, прапаганда...
— Распавядзіце, што адбылося пад Ілавайскам?
— Нашы пасты і база пастаянна абстрэльваліся артылерыяй і мінамётамі прыцэльным агнём. Гэта почырк прафэсійных вайскоўцаў. 24-га пачалі абстрэльваць «Градамі», зьнішчылі амаль увесь транспарт (аўтобусы, мінібусы). Нас кінулі туды, як мяса. Армія выйшла з тэхнікай, а батальёны засталіся. Армейскія часткі дакладалі: «Мы выехалі. За намі „Данбас“». Добраахвотнікаў недалюбліваюць, бо мы нікому не падпарадкоўваемся, нас цяжэй кантраляваць. Можам падняцца і вызваліць горад без загаду зьверху. Таму нам і тэхніку не даюць, бо мы будзем ваяваць. Нам далі аўтаматы і падствольнікі, ды ўсё.
Нам вылучылі нібыта калідор па сумеснай дамове. Калі пайшлі выходзіць па калідоры з акружэньня, нас пачалі масіравана абстрэльваць. Большасьць з тых, хто выйшаў, выходзілі самастойна абходнымі шляхамі.
Нас трэба было выводзіць яшчэ 20-га, калі стала зразумела, што дапамогі ня будзе. Нас тупа расстрэльвалі. Кожны дзень па 5 забітых і 15 параненых без усякага бою. Закідвалі мінамі, снарадамі. А Сямёнчанка ляжаў у Кіеве, атрымліваў ордэн.
— Куды плянуеце пасьля шпіталя?
— Я ўжо небаяздольны. На перадавую нельга. Хіба інструктарам, альбо сапёрам. Бегаць дакладна хутка не змагу. А своечасова трэба і ў сутарэньне заскочыць, калі пачынаюць працаваць «Градамі».
— Хто найбольш дапамагае добраахвотніцкім батальёнам?
— Асноўнае забесьпячэньне робяць валянтэры. Прыехалі, прывезьлі рэчы, раздалі жаўнерам. Вось гэта дапамога! Ні касак, ні бронекамізэлек, ні абутку, ні нармальнага адзеньня армія не дала. Толькі пісталеты, аўтаматы, падствольныя гранатамёты. Усё астатняе прывезьлі валянтэры. Вязуць таксама адзеньне, акумулятары, ліхтарыкі, сьцізорыкі — усю неабходную драбязу.
Прыехаў Авакаў. На ТБ паказалі, што нам прывезьлі 5 грузавікоў «Урал» для перавозкі людзей. Зьехаў Авакаў, зьехалі і «Ўралы»
Прыехаў Авакаў. На ТБ паказалі, што нам прывезьлі 5 грузавікоў «Урал» для перавозкі людзей. Зьехаў Авакаў, зьехалі і «Ўралы». На прысязе нас здымалі на фоне новых БТРаў. Не далі ніводнага. Паказуха.
Мая рота перамяшчалася на двух аўтобусах, адабраных у сэпаратыстаў альбо іхніх памагатых. Напрыклад, нам паведамілі, што дырэктар хлебазаводу ў Арцёмаўску дапамагаў сэпаратыстам, выпякаў і адвозіў ім хлеб. Прыехалі да яго, пагаварылі сур’ёзна: «Дакумэнты ёсьць на фуру? Няма. Канфіскуем». Потым перавозілі ў ёй рэчы. Тое ж і з бусамі.
Батальён «Данбас» хоць пад міліцыяй ходзіць. Добраахвотны ўкраінскі корпус Яраша ўвогуле ні пад кім. Ім нічога не дае дзяржава. Толькі валянтэры.
— Што больш правільна, на вашу думку — абвяшчэньне Антытэрарыстычнай апэрацыі ці ваеннага становішча?
— Якая АТА? У нас калек ужо тысяч пяць, забітых тысячы чатыры. Гэтыя дадзеныя не афішуюцца. Дадзена каманда падаваць інфармацыю ў станоўчым сьвятле, каб ня падаў баявы дух. Але праўда ўсё роўна адкрыецца. Ідзе сапраўдная вайна. І лягічным было б абвяшчэньне ваеннага становішча адразу пасьля выбараў прэзыдэнта.
— Замірэньне — дабро ці зло?
— Замірэньне — тактычны крок. Ён неабходны, каб вызваліць нашых хлопцаў, якія трапілі ў палон. Днямі маюць вызваліць аднаго з нашых камандзіраў з пазыўным Лермантаў. Вось яго б паставіць камбатам. Клясны чалавек, прыроджаны баец, рускі афіцэр! Цудоўны стратэг.
— Як вы ставіцеся да ўдзелу ў палітычным працэсе?
— Я не партыйны быў падчас Майдану, і цяпер супраць усіх палітыкаў. Мы сьвядомыя ўкраінцы, якія выйшлі на Майдан, каб памяняць сыстэму, а не сьвіньню каля карыта. Гэтага палітыкі баяліся. Паглядзіце сьпісы тых, хто быў на Майдане. Яны альбо ў шпіталі, альбо забітыя. Усе ішлі на перадавую. Іх проста падставілі і кінулі. Трэба было прыбраць радыкальных людзей з Майдану.
— Як вы ставіцеся да ідэі разьвіцьця партызанскага руху?
Нам трэба не акопвацца, а наступаць і ціснуць захопнікаў, бо гэта наша зямля
— Батальёны, як «Данбас», у нечым падобныя да партызанскага руху. Корпус Яраша дык увогуле сапраўдныя партызаны. Пачынаюць пашырацца ініцыятывы мясцовых мсьціўцаў, якія пакрысе забіваюць і адстрэльваюць прарасейскіх тэрарыстаў. Ёсьць каманда чачэнцаў, якая партызаніць.
Батальён «Данбас» павялічылі да 800 чалавек. Даюць БТРы, будзе таксама танкавая рота. Са старога складу засталіся 100 чалавек. Раней у нас былі толькі аўтобусы. Адно пападаньне снарада — і ён ператвараецца ў брацкую магілу.
— Хто з палітыкаў вам падаецца найбольш надзейным?
— Калі шчыра, ніхто. Хіба што Парашэнка (пакуль не паціснуў руку Пуціну) альбо Каламойскі. Ён хоць і алігарх, але першы заправіў за свой кошт машыны для вайскоўцаў і забясьпечыў эфэктыўны імунітэт у сваім рэгіёне ад праяваў сэпаратызму. Можа, таксама Парубій прыстойны. Турчынаў падаецца чалавекам справы, а не балбатні.
— Праўду кажуць пра высокі баявы дух украінцаў?
— Так. Ахвотных трапіць у батальён «Данбас» было шмат. Ішоў жорсткі адбор. Калі была судзімасьць, балаваўся наркотыкамі, адразу адсейвалі. Многія адсейваліся самі. Калі панюхалі пораху, з 600 чалавек засталося 500. Ня кожны псыхалягічна гатовы быў. У нас камандзіры ставіліся спакойна: пішаш заяву і сыходзіш. Бо патрэбны чалавек, які не разгубіцца ў самую цяжкую хвіліну і дапаможа баявому таварышу.
Нам трэба не акопвацца, а наступаць і ціснуць захопнікаў, бо гэта наша зямля. У нас патрыятызм. Гэта наша сіла. Нам трохі цяжкой зброі, і мы пераможам!