Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Арэшкін: Рэжым Уладзімера Пуціна так ці інакш прайграе


Дзьмітры Арэшкін
Дзьмітры Арэшкін

Кіеў дэманструе гатоўнасьць да мірнага вырашэньня канфлікту на Данбасе, што будзе, безумоўна, у інтарэсах Украіны, таму што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве Крэмль усё роўна прайграе.

Такую думку ў інтэрвію Свабодзе выказаў расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін, камэнтуючы прыняцьце Вярхоўнай Радай Украіны закону аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбасу.

Палітоляг Дзьмітры Арэшкін ня бачыць нічога страшнага для Ўкраіны ў прыняцьці закону аб адмысловым статусе Данбасу.

«Мне ўяўляецца, што гэтая мера вымушаная. Парашэнку не было куды падзецца, бо ён разумеў, што ў адваротным выпадку гаворка ідзе пра ваеннае сутыкненьне наўпрост з расейскай арміяй, а такога сутыкненьня ніводная эўрапейская краіна ў адзіночку ня вытрымае. Парашэнку патрэбная была перадышка, і яму трэба было вырашаць, што рабіць з гэтай тэрыторыяй», — кажа Арэшкін.

Паводле палітоляга, па сутнасьці рух да дэцэнтралізацыі і фэдэралізацыі (у заходнім, а не ў расейскім разуменьні гэтых тэрмінаў) — гэта слушны крок, хоць бы таму, што гэтым шляхам ідзе ўся Эўропа апошнія сто гадоў. І ў канкрэтным выпадку Данецкай і Луганскай абласьцей пашырэньне паўнамоцтваў мясцовых рэгіёнаў было абсалютна непазьбежнае.

«Любы кіеўскі прэзыдэнт быў бы вымушаны адступіць і перайсьці да нейкіх дагаворных адносін з гэтай тэрыторыяй. Так што Парашэнка быў асуджаны ў шырокім сэнсе слова. Шкада, што за гэта прыйшлося заплаціць такую вялікую цану», — канстатуе Дзьмітры Арэшкін.

Іншая рэч, што цяпер гаворка ідзе пра адмысловы статус толькі асобных раёнаў Данбасу. Палітоляг зьвяртае ўвагу на тое, што з закону так і не зразумела, хто ўсё ж такі будзе кіраваць у гэтых асобных раёнах, дзе будзе праходзіць іх мяжа і г. д.

«Сам дакумэнт — гэта хутчэй сымбалічны крок насустрач, сымбалічны крок да таго, што Парашэнка прызнае адмысловы статус гэтых тэрыторыяў, які абсалютна незразумелы, які трэба абмяркоўваць. Калі ўдасца правесьці гэтыя перамовы — гэта было б выдатна. Але я моцна сумняваюся, што гэта можна будзе зрабіць. З боку сэпаратыстаў, якія абапіраюцца на падтрымку Расеі, будзе прадэманстравана спроба пашырыць падкантрольныя зоны. Вось цяпер яны штурмуюць данецкі аэрапорт, дзе знаходзяцца ўкраінскія войскі, і, відаць, так яно і будзе. Вось гэта самае агіднае. Таму што або мы дамаўляемся і шукаем балянсы і кампрамісы, або мы дурня строім», — адзначае Арэшкін.

Палітоляг падкрэсьлівае, што Ўкраіна робіць крок насустрач і дэманструе гатоўнасьць дамаўляцца. А вось з боку сэпаратыстаў такой гатоўнасьці ня бачна:

«У гэтым сэнсе Парашэнка перахапіў лідэрства ў сэнсе прапаноў мірных ініцыятыў. Але ня факт, што гэта вялікая ўдача, таму што з той публікай, зь якой ён мае справу (у адрозьненьне ад эўрапейскай публікі) такога роду ініцыятывы хутчэй выглядаюць як слабасьць, а не як мудрасьць. І вось калі Парашэнка праявіў такую мяккасьць, то трэба на яго яшчэ мацней націснуць, думаюць у Данецку», — адзначае ён.

Але да маштабных ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне сёньня не гатовы Крэмль. Калі расейская армія працягне наступ на Данбасе, гэта прывядзе да яшчэ большых санкцыяў з боку Захаду, што будзе мець цяжкія наступствы для расейскай эканомікі.

Людзі патрабуюць працягу банкету ў сэнсе „ўзьняцьця Расеі з калень“. А яна насамрэч хутка на тыя калені апускаецца

«У Крамлі ня столькі чытаюць гэты дакумэнт (закон аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбасу. — РС), колькі ўзважваюць. Падобна, што там цяпер усё часьцей задумваюцца пра тое, каб задушыць Украіну эканамічнымі мэтадамі: газам, санкцыямі, скарачэньнем гандлю і г.д. Гэта вельмі прывабна для Крамля, але беспэрспэктыўна. Таму што адзіная сфэра, дзе ў Расеі ёсьць відавочная перавага перад эўрапейскімі краінамі — гэта моцная армія. А па ўсіх астатніх парамэтрах Расея любой сур’ёзнай эўрапейскай краіне прайграе», — канстатуе палітоляг.

Таму, кажа Арэшкін, у інтарэсах Парашэнкі — перавесьці канфрантацыю з ваеннай фазы ў эканамічную. Безумоўна, Украіне будзе цяжка весьці эканамічную вайну з Расеяй, але яна можа ў гэтай вайне перамагчы. Цяпер Украіне прыйдзецца праводзіць балючыя структурныя рэформы ў эканоміцы, але ёй будзе дапамагаць Эўропа, а прыклад Польшчы і Прыбалтыкі паказвае, што гэты няпросты шлях можна пасьпяхова прайсьці.

«Я думаю, што Пуцін у падвойнай пастцы. Ён ужо выкарыстаў рэсурсы ваенныя, ён спадзяецца перайсьці на эканамічныя рэсурсы задушваньня суседа, а іх таксама няма. А трэба нешта рабіць, таму што людзі патрабуюць працягу банкету ў сэнсе „ўзьняцьця Расеі з калень“. А яна насамрэч хутка на тыя калені апускаецца. У гэтай сытуацыі самы небясьпечны і жахлівы варыянт — калі ён на злом карку рынецца працягваць ваенны канфлікт, чаго выключаць нельга. Але гэта будзе канец хуткі і пакутлівы, прычым для Расеі, а не для Ўкраіны. Калі ён на гэта ня пойдзе, то канец будзе доўгі і, мабыць, яшчэ больш пакутлівы. Але ўсё роўна такі рэжым, як у Ўладзімера Пуціна, у доўгатэрміновай пэрспэктыве неканкурэнтаздольны, і так ці інакш ён прайграе. Спробы зацягнуць Украіну пад свой кантроль якраз і паказалі, што эўрапейская сыстэма каштоўнасьцяў значна больш прывабная, чым маскоўская», — падкрэсьлівае Арэшкін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG