Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў каардынатар руху «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук.
Тымчук канстатуе, што Ўкраіна вельмі неадназначна ўспрыняла закон аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбасу. Значная частка ўкраінскага грамадзтва выступае за тое, каб вырашыць праблему Данбасу раз і назаўжды, і каб пры гэтым рэгіён застаўся пад палітычным кантролем Кіева на ранейшых умовах.
Між тым трэба разумець, што гэты непапулярны закон быў вымушанай мерай ва ўмовах ваенных няўдач украінскіх войскаў.
«Пасьля таго як у канцы жніўня Пуцін кінуў войскі на Данбас ужо ня ў выглядзе дывэрсійна-выведных групаў, а ў выглядзе батальённа-тактычных групаў, умацаваных рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню, артылерыяй і танкамі, становішча ўкраінскіх войскаў аказалася вельмі незайздросным. Фактычна пачалося шырокамаштабнае адступленьне», — канстатуе экспэрт.
«Насамрэч гэта вельмі сур’ёзная сытуацыя для ўкраінскай улады, таму што абсалютна незразумела, якія ёсьць рэсурсы і рэзэрвы для працягу баявых дзеяньняў. У нас ёсьць вялікі мабілізацыйны рэсурс, але гэта больш на паперы. Тэарэтычна можна і мільён чалавек паставіць у строй, але гэта будзе проста „гарматнае мяса“. Падрыхтаванага рэзэрву проста няма, вялікія пытаньні выклікае тэхнічнае аснашчэньне. То бок у любым выпадку перадышка неабходная, і я лічу, што гэтая перадышка павінна быць выкарыстана для падрыхтоўкі далейшых наступальных дзеяньняў», — падкрэсьлівае Тымчук.
Падрыхтаванага рэзэрву проста няма, вялікія пытаньні выклікае тэхнічнае аснашчэньне. То бок у любым выпадку перадышка неабходная
На думку Тымчука, захаваньне сёньняшняга стану рэчаў на Данбасе не задаволіць ні Крэмль, ні ўкраінскае грамадзтва.
«Тут дай бог стварыць вобраз хоць нейкага замірэньня, для таго каб атрымаць паўзу і аднавіць баяздольнасьць нашых войскаў», — кажа ён.
Тымчук перакананы, што праблему Данбасу магчыма вырашыць толькі сілавым шляхам.
«Мы вычарпалі ўсе інструмэнты мірнага ўрэгуляваньня. Баевікі ніяк не рэагуюць на мірныя прапановы, і зараз мы тое ж самае бачым — што, нягледзячы на рэжым замірэньня, нягледзячы на менскія дамовы, усё роўна працягваюцца актыўныя наступальныя дзеяньні з боку баевікоў. Напрыклад, сёньня ноччу блёкпост каля Ясінаватай быў разьбіты і нашы войскі былі вымушаны адступіць», — распавядае ён.
Паводле інфармацыі «Інфармацыйнага супраціву», на месцах баевікі даволі пазытыўна ўспрынялі закон аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбасу, але гэта нічога ня значыць.
«Сутнасьць у тым, што размаўляць з тэрарыстамі няма ніякага сэнсу. Мы неаднаразова пераконваліся ў тым, што яны сёньня кажуць адно, а потым зьмяняюць сваё меркаваньне на супрацьлеглае. Апошняе слова ўсё роўна застаецца за Масквой», — падкрэсьлівае Тымчук.