Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бялкоўскі: Парашэнка пайшоў на лякальныя тактычныя саступкі


Станіслаў Бялкоўскі
Станіслаў Бялкоўскі

Ратыфікацыя Вярхоўнай Радай Дамовы аб асацыяцыі Ўкраіны і Эўрапейскага Зьвязу — важная падзея для Кіева і ў палітычным, і ў сымбалічным сэнсе. Але гэта нельга лічыць паразай Масквы.

Ратыфікацыя Вярхоўнай Радай Дамовы аб асацыяцыі Ўкраіны і Эўрапейскага Зьвязу — важная падзея для Кіева і ў палітычным, і ў сымбалічным сэнсе. Але гэта нельга лічыць паразай Масквы.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі.

«Гэта важны дакумэнт і ў палітычным, і ў сымбалічным сэнсе — ён падкрэсьлівае рух Украіны ў напрамку Эўразьвязу. Гэта, безумоўна, нельга недаацэньваць. Але меркаваць, што неадкладна ва Ўкраіне пачнецца райскае жыцьцё пасьля ратыфікацыі Дамовы аб асацыяцыі, таксама не выпадае. Шлях у Эўропу доўгі і спалучаны ў асноўным з унутранымі рэформамі, якія Ўкраіне трэба будзе правесьці, многія зь якіх будуць балючымі, але непазьбежнымі. Хочацца верыць, што ўкраінскай палітычнай эліце хопіць мужнасьці і адказнасьці гэтыя рэформы правесьці нават тады, калі яны будуць пярэчыць шкурным інтарэсам гэтых элітаў», — кажа Бялкоўскі.

Між тым, паколькі ўступленьне ў сілу эканамічнай часткі дамовы адкладзена да 1 студзеня 2016 году, то нельга казаць, што Крэмль у дадзеным выпадку пацярпеў паражэньне — хутчэй наадварот, мяркуе экспэрт.

«Прэзыдэнт Украіны цягнуў з ратыфікацыяй пад ціскам Масквы (бо ратыфікаваць можна было ўжо даўно), і гэты ціск Масквы спыніўся толькі тады, калі Ўкраіна пагадзілася перанесьці імплемэнтацыю эканамічнай часткі Дамовы аб асацыяцыі на 1 студзеня 2016 году. Таму Крэмль можа запісаць сабе гэта на свой рахунак у якасьці лякальнага посьпеху», — мяркуе палітоляг.

Крэмль ставіцца з прыхільнасьцю да Пятра Парашэнкі, які пайшоў на лякальныя тактычныя саступкі, якіх Масква ад яго патрабавала

Ён таксама зьвяртае ўвагу на тое, што Вярхоўная Рада сёньня таксама прыняла закон аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбасу, які надае раёнам, якія кантралююцца сэпаратыстамі, шырокія паўнамоцтвы.

«Але гэта не апошняя кропка ў канфлікце, таму што для Ўладзімера Пуціна важна яшчэ некалькі пытаньняў. Па-першае, гэта гарантыя пазаблёкавага статусу Ўкраіны, то бок неўступленьне Ўкраіны ў НАТО, ні цяпер, ні ў будучыні. А такую гарантыю Пуцін бачыць у нефармальным кантролі за часткай украінскай тэрыторыі, чаму спрыяе закон аб адмысловым статусе. Па-другое, гарантыя жыцьцезабесьпячэньня Крыму — то бок фактычнае прызнаньне Крыму нават пры адсутнасьці фармальнага прызнаньня яго далучэньня да Расеі, а таксама гарантыя жыцьцезабесьпячэньня Прыднястроўя. Таму зусім ня факт, што замірэньне будзе надта доўгае. Але цяпер Крэмль ставіцца з прыхільнасьцю да Пятра Парашэнкі, які пайшоў на лякальныя тактычныя саступкі, якіх Масква ад яго патрабавала. Таму, магчыма, да выбараў 26 кастрычніка Крэмль ня будзе рабіць звышнамаганьняў, каб сапсаваць Парашэнку яго перадвыбарчую сытуацыю. Але сытуацыя ў любы момант можа зьмяніцца — і ў сілу таго, што Ўладзімер Пуцін пераменлівы, і ў сілу таго, што ў саміх „ДНР“ і „ЛНР“ ужо дзейнічаюць ваенізаваныя групы, якія ня ўсе свае рашэньні ўзгадняюць з Крамлём», — падкрэсьлівае Бялкоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG