Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна зрабіла «цывілізацыйны выбар на карысьць Эўрапейскага Зьвязу»


Вярхоўная Рада Ўкраіны і Эўрапарлямэнт ратыфікавалі Дамову аб асацыяцыі Ўкраіны і Эўрапейскага Зьвязу. Галасаваньне ў Кіеве і Брусэлі прайшло сынхронна. «За» прагаласавалі 355 дэпутатаў Рады і 535 дэпутатаў Эўрапарлямэнту.

У Вярхоўнай Радзе ратыфікаваны дакумэнт назвалі «цывілізацыйным выбарам Украіны» і ўхвалілі таксама заяву пра намер Украіны далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу.

Сьпікер Вярхоўнай Рады Аляксандар Турчынаў ва ўступным слове заявіў пра гістарычную важнасьць гэтай падзеі:

«Мільёны людзей ва Ўкраіне паўсталі за права жыць у эўрапейскай супольнасьці. Гэтае права ўкраінцы са зброяй у руках абараняюць ад расейскіх агрэсараў на ўсходзе Ўкраіны», — сярод іншага заявіў сьпікер Рады.

«Постсавецкая прастора засталася ззаду, яна частка нашага мінулага, а Эўропа — наша будучыня», — заявіў міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін, прадстаўляючы дакумэнт на ратыфікацыю.

Профільныя камітэты Рады і дэпутацкія фракцыі аднагалосна выказаліся ў падтрымку ратыфікацыі, у тым ліку і фракцыя Партыі рэгіёнаў, якая летась фактычна была перапыніла працэс эўраінтэграцыі.

Менавіта пастанова ранейшага ўкраінскага ўраду пад кіраўніцтвам Мікалая Азарава прыпыніць увосень мінулага году падрыхтоўку да падпісаньня Пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ прывяла да масавых антыўрадавых выступаў ва Ўкраіне, якія сталі вядомыя як «Эўрамайдан» і прывялі да зьмены ўлады ў краіне.

«Мы выпраўляем памылку, якая была зробленая 350 гадоў таму», — заявіў у парлямэнце прэм’ер Украіны Арсені Яцанюк, маючы на ўвазе рашэньне Пераяслаўскай рады аб саюзе з Масковіяй.

Пасьля гэтага была ўсталяваная жывая сувязь з Брусэлем, з сэсій най заляй Эўрапарлямэнту.

Старшыня Эўрапарлямэнту Марцін Шульц назваў супольнае галасаваньне ў Кіеве і Брусэлі «гістарычным момантам». Сярод іншага ён асудзіў расейскую анэксію Крыму і агрэсію ў Данбасе.

«Вайна разьвязаная ў Эўропе. Эўрапарлямэнт заўсёды абараняў тэрытарыяльную цэласнасьць і незалежнасьць Украіны, і мы будзем працягваць гэта рабіць. Будзем рабіць усё, каб мары людзей Украіны, тых, хто стаяў на Майдане, маглі рэалізавацца. Мы падтрымаем украінскіх людзей у дасягненьні мараў Майдана».

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў звароце да абодвух парлямэнтаў на ўкраінскай і ангельскай мовах перш за ўсё падзякаваў за падтрымку Ўкраіны:

«Тая атмасфэра, якая пануе ў Вярхоўнай Радзе, нагадвае тое, што было падчас абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны. Нябесная сотня і 882 адважныя ўкраінскія ваяры памерлі ня толькі за Ўкраіну, але і за Эўропу. Ніводная нацыя за права быць эўрапейцам не плаціла такой вялізнай цаны. Хто можа быць цяпер супраць наданьня нам пэрспэктывы сяброўства ў Эўразьвязе? Эўраінтэграцыя стала нашай нацыянальнай ідэяй, і ўнутраныя і зьнешнія патугі спыніць наш гістарычны поступ ужо пацярпелі фіяска. Мы вытрымалі гэты шалёны ціск... Без Украіны аб’яднанай Эўропы не існуе».

Парашэнка і Шульц неадкладна падпісалі законы аб ратыфікацыі. Парашэнка даручыў ураду пачаць імплемэнтацыю дамовы ад заўтра.

«Прыкра, што гэтая дамова замацаваная крывёю, але такая плата за наш выбар, за незалежнасьць і цэласнасьць украінскай дзяржавы. Гэта толькі пачатак вялікага эўрапейскага шляху», — заявіў Парашэнка.

Пасьля гэтага Вярхоўная Рада ўхваліла Заяву аб намеры Ўкраіны далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG