Яна сустрэнецца зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем і міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч.
Пра гэта паведамілі ў прэс-службе арганізацыі.
На сустрэчах з афіцыйнымі асобамі яна абмяркуе цяперашнюю сытуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі.
Міятавіч таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і мас-мэдыяў. Акрамя таго, 15 верасьня яна возьме ўдзел у сэмінары па ўзаемадзеяньні органаў правапарадку і СМІ ў Беларусі, які арганізуюць офіс прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ і беларускі МЗС.
Офіс па пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі ня раз крытычна выказваўся пра сытуацыю са свабодай мэдыяў у Беларусі. Так, у чэрвені 2014 году Дуня Міятавіч выказала занепакоенасьць у сувязі з павелічэньнем колькасьці штрафаў, накладзеных у апошнія месяцы ў Беларусі на журналістаў, якія не атрымалі афіцыйнай акрэдытацыі.
«Акрэдытацыя не павінна быць ліцэнзіяй на працу, і яе адсутнасьць не павінна абмяжоўваць журналістаў у магчымасьці працаваць і свабодна выказваць сваю думку. Усе журналісты павінны мець такія самыя прафэсійныя правы, як журналісты зарэгістраваных СМІ, уключна з правам на пошук і распаўсюд інфармацыі», — сказала Дуня Міятавіч.
Грамадзянка Босніі і Герцагавіны, экспэрт у пытаньнях заканадаўства аб СМІ Дуня Міятавіч стала афіцыйным прадстаўніком АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ ў сакавіку 2010 году.