Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марціновіч: Мой новы раман «Мова» — эстэтычная правакацыя


Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

Беларускі літаратар Віктар Марціновіч запускае ў продаж новы раман «Мова». Кніга будзе даступная на беларускай і расейскай мовах у кнігарнях сеткі «Белкніга», а таксама ў інтэрнэце.

«Менск, 4741 год па кітайскім календары. Часы Смутку скончыліся, надышла эра ўзвышэньня Саюзнай дзяржавы Кітаю і Расеі, бесклапотнага насалоджваньня, шопінг-рэлігіі і cold sex’у.

Аднак існуе Нешта, чаго ў гэтым грамадзтве суцэльнага дабрабыту не стае, як вады і паветра.

Сэнтыментальны кантрабандыст Сярожа пад страхам сьмяротнага пакараньня ўвозіць каштоўны скарб з-за мяжы і апынаецца пад пільным кантролем менскага падпольля, узначаленага кітайскай мафіяй пад кіраўніцтвам таямнічай Цёткі.

Разам яны спрабуюць зламаць сыстэму, у якой дабро і зло, асьветнікі і злачынцы, каханьне і спажываньне, вернасьць і здрада памяняліся месцамі.

Ці можаце вы ўявіць Беларусь безь Беларусі? Гэты раман — страшны сон пра будучыню, прадухіліць якую можна толькі ў лучнасьці з тым скарбам, вакол якога і распачынаецца дзеяньне гэтага лінгвістычнага баевіка», — кароткая анатацыя рамана на афіцыйным сайце пісьменьніка.

Свабода пагутарыла з аўтарам з нагоды выхаду новага раману.

— Пра што вашая новая кніга?

— Гэта раман, падзеі якога разгортваюцца ў Менску, які знаходзіцца на паўночна-заходніх землях квітнеючай Расейска-Кітайскай дзяржавы. У горадзе дабрабыту і квітненьня разгортваецца драма, завязаная на літаратуру. Драма даволі баявая, з крывёй і стралянінай.

— Каму будзе цікавы новы твор? Хто яго чытач?

— Відавочна, гэта спроба знайсьці і прыцягнуць у беларускамоўны, беларускі сьвет людзей, якія ніколі нічога ня чулі пра сучасную беларускую літаратуру. Па-першае, раман «Мова» — гэта сацыяльная фантастыка. Такіх твораў у беларускай літаратуры няшмат. Чытачы не прызвычаіліся да таго, што па-беларуску могуць выходзьць кнігі, дзеяньні якіх разгортваюцца ў будучыні. Пры гэтым, раман вельмі актуальны, на мой погляд. У ім, як і ў «Сфагнуме», пры даволі сюжэтнай форме і напружанай сюжэтнай падачы ўздымаецца вельмі глыбокае пытаньне.

— У новага рамана правакацыйная назва. Слова «мова» выкарыстоўвацца замест «беларуская мова» і сэнсава зьвязана зь нейкай апазыцыйнасьцю. Што чакае чытача, які клюне на назву, чакаючы на рэвалюцыйнасьць і апазыцыйнасьць у кнізе?

— Раман мае падвойную назву. На беларускай і кітайскай мове — «Мова 墨瓦». Той чытач, які зацікавіцца раманам толькі праз тое, што раман называецца «Мова», будзе вельмі моцна зьдзіўлены тым, як беларускі сьвет там падаецца і інтэрпрэтуецца. Гэта спроба сапраўды па-іншаму зьвярнуць увагу на тыя пытаньні, якія для ўсіх нас зьяўляюцца вельмі балючымі.

— Дзе шукаць «Мову»?

— Раман адначасова выйдзе на дзьвюх пляцоўках. На паперы ў арыгінале на беларускай мове — у выдавецтве «Кнігазбор» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі». Гэты варыянт будзе даступны ў крамах сыстэмы «Белкніга» па ўсёй краіне. У электронным выглядзе ў расейскамоўным перакладзе — на сайце 34mag.net. Рэліз будзе 10 верасьня — адначасова зробяцца даступнымі і беларускамоўная, і расейскамоўная вэрсіі. Расейскамоўны варыянт таксама будзе неўзабаве надрукаваны. Я пасьля «Сфагнуму» атрымаў вельмі шмат запытаў пра тое, чаму немагчыма набыць папяровую вэрсію на расейскай мове. Я лічу, што, можа, я і пралічыўся, жорстка і безапеляцыйна схіляючы чытача-паперніка выключна да беларускай вэрсіі. Гэтым разам я вырашыў, што трэба злучаць аўдыторыю. Беларус, які гэты тэкст прачытае па-расейску, абавязкова і гарантавана будзе шукаць яго беларускі варыянт. У гэтым сэнс гэтай эстэтычнай правакацыі, таму што квінтэсэнцыяй гэтага раману зьўляецца сама мова.

Аўтограф-сэсія і ўрачысты пачатак продажу рамана «Мова» пройдзе 10 верасьня ў кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасьці, 37а). Пачатак а 19-й.

Вялікая прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў канцы верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG