Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантактная група па Ўкраіне зноў зьбярэцца ў Менску


5 верасьня ў Менску плянуецца чарговае пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы «Украіна — АБСЭ — РФ» па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.

Начальнік упраўленьня інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык паведаміў Радыё Свабода напярэдадні, што сустрэча будзе праходзіць у «Прэзыдэнт-гатэлі». Акрэдытаваных журналістаў запрашаюць у «Прэзыдэнт-гатэль» а 13 гадзіне. На пытаньне пра склад удзельнікаў сустрэчы спадар Мірончык адказаў:

«Як і раней, інфармацыю такога кшталту мы не распаўсюджваем».

Чакаецца, што ўдзельнікам перамоў будуць прадстаўлены пляны па ўрэгуляваньні ваеннага канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны, прапанаваныя прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і прэзыдэнтам РФ Уладзімерам Пуціным.

4 верасьня пасьля сустрэчы з кіраўнікамі вядучых краін НАТО ва Ўэльсе прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што загадае Ўзброеным сілам Украіны, якія змагаюцца супраць прарасейскіх сэпаратыстаў, спыніць агонь з 5 верасьня, пракладваючы такім чынам шлях для паэтапнага мірнага пляну.

Выступаючы па-за афіцыйнай праграмай саміту НАТО, ён адзначыў, што пагадненьне аб спыненьні агню было ўмовай правядзеньня ў Менску ў пятніцу сустрэчы пасланцоў Украіны, Расеі і АБСЭ.

«А 14:00 па мясцовым часе, пры ўмове, што сустрэча ў Менску адбудзецца, я загадаю Генэральнаму штабу ўвесьці двухбаковае спыненьне агню, і мы спадзяёмся, што рэалізацыя мірнага пляну пачнецца 5 верасьня», — сказаў Парашэнка.

Таксама ён паведаміў, што зь лідэрамі вядучых краін НАТО ўзгоднена, што ў выпадку зрыву перамоваў можа быць запушчаны іншы варыянт. Парашэнка назваў яго «рашучымі дзеяньнямі». «Калі гэтага не адбудзецца, то імавернасьць нашых рашучых дзеяньняў па дээскаляцыі канфлікту зьяўляецца вельмі высокай, але мы хочам міру», — сказаў ён.

Кіраўнікі прарасейскіх сэпаратыстаў так званых «ДНР» і «ЛНР» Аляксандар Захарчанка і Ігар Платніцкі заявілі 4 верасьня, што гатовыя 5 верасьня а 14 гадзіне аддаць загад аб спыненьні агню ў тым выпадку, калі ўдасца дасягнуць дамоўленасьцяў, перадае ИТАР-ТАСС.

Яны таксама заявілі, што сёньня ў Менску прадставяць на разгляд кантактнай групы свае прапановы пра рэжым спыненьня агню, у якіх будуць «дэталёва прапісаныя гарантыі захаваньня гэтага рэжыму бакамі канфлікту».

4 верасьня на сустрэчы са старшынёй Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ілкам Канэрвам у Маскве міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў заявіў: расейскі бок спадзяецца, што заклікі, якія выкладзеныя ў пляне мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне, прапанаваным Уладзімерам Пуціным, будуць пачутыя ў Кіеве, Луганску і Данецку.

«Спадзяёмся, што заклікі будуць пачутыя перш за ўсё ў Кіеве, Луганску і Данецку. Будзем гатовыя разам з АБСЭ ў рамках кантактнай групы дапамагаць варагуючым бакам у практычным пляне прасоўвацца па шляху стабілізацыі становішча», — цытуе Лаўрова ИТАР-ТАСС.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 3 верасьня выказаў надзею, што на чарговай сустрэчы ў Менску кантактная група пачне перамовы аб працэсе мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі ў Данецкай і Луганскай абласьцях, а таксама будуць прынятыя рэальныя крокі дзеля дасягненьня міру.

«Я ўскладаю велізарную надзею на тое, што 5 верасьня ў Менску будзе нарэшце пачаты мірны працэс», — сказаў Парашэнка.

Я ўскладаю велізарную надзею на тое, што 5 верасьня ў Менску будзе нарэшце пачаты мірны працэс

Ён адзначыў, што Ўкраіна не давала ніякай падставы для таго, каб справакаваць супраць сябе агрэсію. «Увесь сьвет ведае, што Ўкраіна зьяўляецца краінай, якая дакладна прытрымліваецца абавязаньняў, міжнароднага права і якая сёньня зьяўляецца аб’ектам агрэсіі з боку суседняй дзяржавы», — заявіў украінскі лідэр.

Ён выказаў надзею, што нарэшце ўдасца спыніць пастаяннае парушэньне дамоўленасьцяў, расстрэл палонных, мірнага насельніцтва, зьнішчэньне навучальных устаноў і іншых аб’ектаў інфраструктуры.

Парашэнка адзначыў, што ў тэлефоннай размове з Уладзімерам Пуціным абмяркоўваліся захады па ўрэгуляваньні крызісу на ўсходзе Ўкраіны.

Размова Пуціна і Парашэнкі адбылася 3 верасьня. У той жа дзень прэзыдэнт РФ абвясьціў свой плян мірнага ўрэгуляваньня, які складаецца зь сямі пунктаў. У прыватнасьці, ён прадугледжвае адвядзеньне ўзброеных падразьдзяленьняў сілавых структур Украіны на паўднёвым усходзе краіны «на адлегласьць, якая выключае магчымасьць абстрэлу населеных пунктаў артылерыяй і ўсімі відамі сыстэм залпавага агню».

Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк адхіліў прапановы расейскага кіраўніка, назваўшы іх «плянам выратаваньня тэрарыстаў».

Парашэнка прадставіў свой плян мірнага ўрэгуляваньня ў тэлефоннай размове з канцлерам Германіі Ангелай Мэркель 3 верасьня. Ён мяркуе, што гэты плян можа стаць асновай для перамоваў кантактнай групы ў Менску 5 верасьня.

Папярэдняя сустрэча кантактнай групы ў Менску адбылася 1 верасьня. Тады ўкраінскі бок на перамовах прадстаўляў экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, расейскі — амбасадар РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, АБСЭ — афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЭ па пытаньнях урэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне Адэльхэйд Тальявіні, самаабвешчаныя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі — Андрэй Пургін і Аляксей Каракін.

Пазьней, падчас сустрэчы 4 верасьня з дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры Парашэнка адзначыў, што яго краіна з «асьцярожным аптымізмам чакае вынікаў сустрэчы» у Менску, паведамляе прэс-служба ўкраінскага прэзыдэнта. http://www.president.gov.ua/ru/news/31165.html

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG