Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску новыя арышты за хабар


Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі ў службовым кабінэце намесьніка дырэктара Менскага дзяржаўнага мэдычнага каледжа, калі той атрымліваў хабар у 20 млн рублёў ад прадстаўніка індывідуальнага прадпрымальніка.

Чыноўнік адказваў за фінансава-гаспадарчую дзейнасьць навучальнай установы, паведаміў прадстаўнік Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў.

Хабар прапаноўваўся за спрыяльнае вырашэньне пытаньня аб выбары прадпрымальніка ў якасьці пастаўшчыка каледжу кампутарнай тэхнікі.

Таксама арыштаваны шэраг службовых асобаў Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белдзяржпаляваньне», якія абвінавачваюцца ў карупцыйных злачынствах. Абвінавачаныя ўзятыя пад варту, паведамляе Інтэрфакс.

Паводле Герасімава, выяўлены шэраг дадатковых эпізодаў, зьвязаных з атрыманьнем хабару за пасьпяховую здачу спэцэкзамэнаў, неабходных, каб атрымаць пасьведчаньне на права паляваньня і на права кіраваньня маламернымі маторнымі судамі.

У чэрвені быў затрыманы рэктар дзяржаўнага Інстытуту культуры Беларусі (Інбелкульт), якому інкрымінуюць хабар у памеры 2000 даляраў ЗША «за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яго кампэтэнцыю».

Экс-старшыня «Беланафтахіму» Ігар Жылін, якога затрымалі ў ліпені, адкупіўся ад крымінальнага перасьледу. Ён у трохразовым памеры кампэнсаваў шкоду, якую нанёс дзяржаве. Кіраўнік краіны заявіў, што Жылін утрымліваў кватэру за кошт прадпрыемства, а жонку — за кошт дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG