Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы намесьнік старшыні райсуда Гомеля атрымаў 13 гадоў за хабар


Вярхоўны суд Беларусі прызнаў былога намесьніка старшыні суду Савецкага раёну Гомеля Юрыя Жорава вінаватым у атрыманьні хабару і падрыхтоўцы да злачынства.

Ён атрымаў 14 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму, канфіскацыяй усёй маёмасьці, пазбаўленьнем права займаць пасады ў праваахоўных органах і судах тэрмінам на 5 гадоў.

Але ў зьвязку з амністыяй суд скараціў тэрмін пакараньня да 13 гадоў.

Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з хабарніка ў даход дзяржавы больш як 11 млн рублёў.

Прысуд не падлягае абскарджваньню і апратэставаньню.

Як паведаміла карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар Вярхоўнага суду Юлія Ляскова, па гэтай справе былі затрыманыя двое іншых абвінавачаных — індывідуальны прадпрымальнік па аказаньні юрыдычных паслуг і звычайны індывідуальны прадпрымальнік. У сувязі з тым, што яны пакутавалі ад аварыі на ЧАЭС, крымінальная вытворчасьць супраць іх спыненая, яны вызвалены ад крымінальнай адказнасьці.

У чэрвені кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў старшыню Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімера Дворніка «аб няпоўнай службовай адпаведнасьці». Прычынай стала «патураньне, дапушчаныя недахопы і пралікі ў кадравай працы, непрыняцьце належных мер па выкананьні заканадаўства аб дзяржаўнай службе і барацьбе з карупцыяй».

Раней у Гомелі арыштавалі Віктара Банчука — першага намесьніка і Віктара Трызну — намесьніка старшыні абласнога выканкаму. Абодвух абвінавачваюць у злоўжываньні ўладаю й службовымі паўнамоцтвамі. Іх арышту папярэднічалі прысуд былому старшыні гомельскага гарвыканкаму Віктару Піліпцу і пакараньне ягоных памагатых за махінацыі з кватэрамі. У гэтым жа чорным сьпісе — былы начальнік Гомельскай абласной управы КДБ Іван Ляскоўскі і тры ягоныя супрацоўнікі, якія, са словаў кіраўніка дзяржавы, «арганізавалі „заказную“ праверку камэрцыйнай структуры ў інтарэсах канкурэнтаў».

За краты трапілі, паквапіўшыся на хабар, намесьнік начальніка крымінальнай міліцыі аблвыканкаму палкоўнік Вячаслаў Іваненка і намесьнік старшыні суду Савецкага раёну Гомеля Юры Жораў.

У Гомелі ў ліпені ўсьлед за арыштам Юрыя Жорава страцілі пасады яшчэ паўдзясятка судзьдзяў. У тым ліку тыя, якія каралі апазыцыйных актывістаў штрафамі і арыштамі. Фармальна яны звольненыя па ўласным жаданьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG