Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карупцыя ў Беларусі: ўчора, сёньня, заўтра


Калі ў Беларусі было больш карупцыі — цяпер ці 20 гадоў таму? Ад чаго залежыць узровень карупцыі? Якая карупцыя больш уласьцівая Беларусі — нізавая, масавая ці ў вышэйшых эшалёнах улады?

Над гэтымі пытаньнямі ў Праскім акцэнце разважаюць аглядальнік нашага радыё Валер Карбалевіч, кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук і ўдзельнік праекту «Цытадэль» Аляксандар Сінкевіч. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.


Ці вядзе карупцыя да Майдану?

Дракахруст: У Беларусі — чарговы раўнд барацьбы з карупцыяй. Вынесены на ўсенароднае абмеркаваньне новы закон аб барацьбе з карупцыяй, заводзяцца новыя гучныя справы супраць карумпаваных чыноўнікаў, Савет Рэспублікі на пазачарговай сэсіі пазбавіў недатыкальнасьці аднаго са сваіх чальцоў. Ці згодны вы з тэзай Аляксандра Лукашэнкі, што карупцыя — гэта галоўны чыньнік, які стварае пагрозу «майданаў» у постсавецкіх краінах?

Сінкевіч: Я думаю, што сапраўды карупцыя вельмі важны чыньнік, прычым не толькі ў постсавецкіх краінах, мы ведаем, што праз карупцыю абрынуўся царскі рэжым падчас Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, памятаем Францыю, афёру Ставіскага, якая стала прычынай паўстаньня 1934 году, памятаем, як карумпаваная намэнклятура СССР уласную краіну разваліла.
Людзі вельмі чуйна рэагуюць на карупцыю. Асабліва зараз у крызысных умовах. Для Беларусі праблема карупцыі асабліва востра стаіць, бо ў нашага народу сацыялістычны калектывісцкі мэнталітэт з абвостраным пачуцьцём справядлівасьці. Можа гэта камусьці не падабаецца. Але гэта аб’ектыўная сытуацыя, незалежна ад таго, падабаецца гэта камусьці ці не, гэта факт, зь якім давядзецца жыць і працаваць. Беларуская грамада ня любіць, калі яна працуе талакой, а нехта халтурыць ці крадзе. І вось гэтыя жорсткія адносіны да карупцыі прывялі Лукашэнку да ўлады. Я лічу, што гэта няблага, што ў Беларусі такая нулявая цярпімасьць да карупцыі.

Дракахруст: Яраслаў, як вы ставіцеся да тэзы, што карупцыя — галоўная прычына каляровых рэвалюцый і ці згодны вы з інтэрпрэтацыяй Аляксандра наконт стаўленьня беларусаў да карупцыі?

Раманчук: Я не лічу, што карупцыя была асноўным чыньнікам Майдану. Перш за ўсё, я думаю, што гэтым чыньнікам была дрэнная якасьць кіраваньня і тое, што можна акрэсьліць словам несправядлівасьць. У Беларусі, калі карупцыя будзе на ўзроўні польскай альбо расейскай, то вялікага хваляваньня ня будзе, бо людзі ў нас да Майдану ня звыклыя. Але вось калі мы кожны дзень чуем, як кепска ідуць справы ў дрэваапрацоўцы, ў апрацоўцы ільну, у безьлічы іншых галінаў, то гэта іншая справа. Менавіта кепская кіраваньне — прычына нізкіх заробкаў. Калі ў беларусаў сёньня заробак будзе 550 даляраў, а заўтра зьнізіцца да 300 — гэта будзе больш значным штуршком да народнага абурэньня.

Карупцыя — гэта ў большай ступені чыньнік піяр-камапаніі. І той законапраект, які падрыхтавалі ўлады, сьведчыць, што Лукашэнка ня хоча быць адзіным у барацьбе з карупцыяй. Ён разумее, што людзі могуць спытаць, да чаго ж прывяла яго 20-гадовая барацьба з карупцыяй. Бо значна больш сёньня карупцыі, чым было 20 гадоў таму. Сёньня народнае абмеркаваньне робіцца для таго, каб ня толькі Лукашэнка, але і ўрад, парлямэнт, мясцовыя ўлады — ўсе былі ў гэтым працэсе, каб потым можна было размазаць адказнасьць на ўсіх, а не ўскладаць яе толькі на аднаго прэзыдэнта.

Дракахруст: Валер, вы згодны з тэзай Яраслава, што зараз карупцыі больш, чым 20 гадоў таму?

Карбалевіч: Ва ўсіх «каляровых рэвалюцыях» пытаньне карупцыі было важным чыньнікам масавага пратэсту. Тэма карупцыі — найбольш зразумелы матыў выхаду людзей на вуліцу, апазыцыйным актывістам яго ня трэба шмат тлумачыць. Да таго ж, гэтае пытаньне аб’ядноўвае людзей розных палітычных поглядаў: і левых, і правых, і камуністаў, і лібэралаў. Іншая справа, што ў Беларусі апэляцыя да тэмы карупцыі, як сродак мабілізацыі насельніцтва на пратэст, выглядае ня вельмі актуальнай пэрспэктывай. Гэтую тэму актуалізуе хутчэй сам Лукашэнка, чым грамадзтва.

Калі казаць, ці больш карупцыі стала за 20 гадоў кіраваньня Лукашэнкі, я сказаў бы так: глеба для існаваньня карупцыі за гэты час стала больш спрыяльнай, таму што ўзмацніўся кантроль дзяржавы над грамадзтвам. А чым большы кантроль чыноўнікаў над грамадзтвам, тым больш спрыяльная глеба для зьяўленьня карупцыі. Адначасова Лукашэнка больш актыўна апэлюе да гэтай тэмы. Таму гэтая тэма больш актуальная ў СМІ і зьяўляецца адчуваньне, што яе стала больш.



Больш дзяржавы — больш карупцыі?


Дракахруст: Як казаў колішні прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган, урад — гэта не вырашэньне праблемы, ён і ёсьць галоўная праблема. Паводле лібэральнай парадыгмы узровень карупцыі наўпрост зьвязаны са ступеньню дзяржаўнага ўмяшаньня ў эканоміку і грамадзкае жыцьцё: чым больш умяшаньня, тым больш карупцыі. Калі гэта справядліва, то Беларусь павінна быць адной з самых карумпаваных краінаў у сьвеце. Гэта так і ёсьць?

Раманчук: Гэта ня так, таму што акрамя дзяржавы ў краіне ёсьць іншыя чыньнікі — традыцыі, культура. У сьвеце ёсьць два цэнтры вельмі пасьпяховай барацьбы з карупцыяй. Першы цэнтар — гэта скандынаўскія краіны. Мы ведаем, што там узровень разьмеркаваньня грошаў праз бюджэт перавышае 50% ВВП, гэта больш, чым у Беларусі. Але важна, куды гэтыя грошы ідуць, грамадзтва ўдзельнічае ў кантролі за разьмеркаваньнем гэтых сродкаў. Нам казаць, што мы, як скандынавы, нельга, таму што ў нас гэтага чыньніку няма. У нас толькі тое, што дзяржава разьмяркоўвае 45% ВУП і яшчэ зьяўляецца ўласьнікам 80% усіх актываў, што нельга сябе ўявіць у скандынаўскіх краінах, дзе ільвіная доля карпарацый прыватныя.

Ёсьць іншы цэнтар пасьпяховай барацьбы з карупцыяй — гэта Сынгапур, дзе таксама няма паўнавартаснай заходняй дэмакратыі, але ёсьць вельмі якаснае дзяржаўнае кіраваньне, дзе, напрыклад, міністар можа зарабляць 2 мільёны даляраў у год, дзе дзяржава разьмяркоўвае менш за пятую частку ВУП і асноўная ініцыятыва ў бізнэсе — прыватная.

Беларускія ўлады, з аднаго боку, хацелі б мець тое, што ў Швэцыі, а з другога — тое, што ў Сынгапуры. І мы знаходзімся паводле ўзроўню карупцыі недзе побач з Расеяй і Ўкраінай. У нас дзяржава ня можа кіраваць тым, чым яна фармальна валодае, і ў гэтым прамежку і зьяўляецца і карупцыя, і безгаспадарчасьць, і іншыя хібы, пра якія так часта кажа Лукашэнка.

А наконт таго, адкуль вядома, што сёньня карупцыі стала больш, дык калі мы параўнаем апытаньні бізнэсу і насельніцтва, якія былі 5 гадоў таму і сёньня, то сёньня пытаньне карупцыі ўвайшло ў пяцёрку найбольшых праблемаў для Беларусі з пункту гледжаньня бізнэсу, які, безумоўна, значна часьцей сутыкаецца з гэтай зьявай, чым насельніцтва.

Дракахруст: Аляксандр, як вы маглі бы пракамэнтаваць зьвесткі, пра якія зараз казаў Яраслаў? Напрыклад, ёсьць дадзеныя Transparency international, паводле якіх узровень карупцыі ў Беларусі даволі высокі. Але калі вымяраць узровень карупцыі інакш, можа атрымаецца іншы вынік. І, магчыма, тэза Яраслава, што зараз карупцыі стала больш, зьменіцца на адваротную.

Сінкевіч: Па-першае, я сам бізнэсовец і не магу пагадзіцца з тым, што ў нас пагоршылася сытуацыя з карупцыяй. Заклапочанасьць гэтай праблемай павялічылася — гэта так. Але гэта наступствы нашага мэнталітэту. Кепскае кіраваньне, пра якое казаў Яраслаў — гэта на 90% таксама карупцыя. Як казаў Сталін, у кожнай памылкі ёсьць імя і прозьвішча.

На мой погляд, Беларусь мае сярэдні ўзровень карупцыі ў Эўропе, можа нават крыху менш за сярэдні і тэндэнцыя пазытыўная. І антыкарупцыйныя захады, якія мы ўжываем — цалкам у стылі эўрапейскай практыкі. Выкараніць закаранелую карупцыю могуць толькі контрсыстэмшчыкі. Беларусы таму і абралі ў свой час прэзыдэнтам невядомага дырэктара саўгаса. І ўкраінцы перамогуць карупцыю толькі, калі зрынуць усю сыстэму, якую яны самі ж збудавалі. У абодвух майданаў гэта не атрымалася. Калі не атрымаецца ўвогуле — то я не бачу добрых пэрспэктыў для нашай суседкі.

Transparency international — гэта цудоўна, але гэтыя экспэрты вельмі далёкія ад Беларусі. Іх індэкс — гэта абсалютная прафанацыя, бо гэта сынтэз меркаваньняў замежных экспэртаў. Для іх Беларусь — гэта жудасная дыктатура, дзе ўлады ядуць людзей жыўцом. Доказ: паводле гэтага індэксу да 2004 году ў Беларусі быў ўзровень карупцыі, ніжэйшы за Польшчу і Прыбалтыку, потым раптоўна сытуацыя пагоршылася ўдвая. Поўная лухта — ацэньваецца не ўзровень карупцыі, а сымпатычнасьць краіны для экспэртаў. Нездарма КНДР лічыцца найгоршай. А яшчэ па меркаваньні экспэртаў карупцыя ў Грэцыі, Ісьляндыі, Кіпры нашмат меншая, чым у Беларусі. І гэта ў краінах, дзе ўлады раскралі мільярды даляраў. Альтэрнатыва — праца, барацьба з карупцыяй, якая, і гэта трэба ведаць, не скончыцца ніколі. Але будзе праца — будуць і посьпехі, і рэйтынгі.

Дракахруст: Валер, хачу прыгадаць, што Transparency international ацэньвае не ўзровень рэальнай карупцыі, а яе ўспрыняцьцё. І ў гэтым сэнсе магчыма вось гэтыя высокія лічбы карупцыі тлумачацца тым, пра што казаў Аляксандр — нулявой ці вельмі нізкай талерантнасьцю беларусаў да карупцыі. Яна можа і не такая высокая, але здаецца ім высокай, бо яна для іх абсалютна непрымальная.

Карбалевіч: Тут ня ўсё так проста, шмат акалічнасьцяў. Па-першае, цяжка вымяраць карупцыю, яна ж зьява непразрыстая, не заўсёды дакладныя крытэрыі. У індэксе карупцыі, які дае Transparency International, высновы грунтуюцца на ацэнцы экспэртаў, то бок, на суб’ектыўных меркаваньнях. У Беларусі карупцыя мае свае асаблівасьці, яна іншая. Па-першае, яна больш схаваная. Даішнікі ці міліцыянты так адкрыта не зарабляюць грошай з сваёй пасады, як ва Ўкраіне ці Расеі.

Па-другое, яна даволі масавая, улічваючы маштаб кантролю дзяржавы над грамадзтвам, але дробная. Вельмі паказальная гісторыя са старшынём канцэрну «Белнафтахім» Ігарам Жыліным. Топ-мэнэджэра кампаніі, якая прыносіць бюджэту асноўныя даходы, 70-гадовага чыноўніка, арыштавалі за тое, што ён па службовым тэлефоне вёў прыватныя размовы. Гэта як скрыня цьвікоў у Станіслава Шушкевіча, ці рондалі фірмы «Цэптэр» у кіраўніцы Нацбанку Тамары Віньнікавай, ці мэблевы гарнітур у былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава.

Па-трэцяе, зьявы і факты, якія ва ўсім сьвеце лічацца карупцыяй, у масавай сьвядомасьці беларусаў карупцыяй ня лічацца. Напрыклад, вось Лукашэнка заяўляе, што яму падаравалі аўтамабіль «Майбах». У любой эўрапейскай краіне гэта выклікала б выбух абурэньня. У Беларусі — не, рэйтынг Лукашэнка з-за гэтага не панізіўся. Як не сапсавала ягоную рэпутацыю вызваленьне ад турмы кіраўніцы справамі прэзыдэнта Жураўковай. Ці вось, напрыклад, прэзыдэнт вусным распараджэньнем забірае кандытэрскія фабрыкі ў бізнэсоўца. Ва ўсім сьвеце гэта лічыцца злоўжываньнем ўладай. А ў Беларусі — не. Ці напрыклад, падарункі дактарам ніхто ў Беларусі ня лічыць карупцыяй. То бок у Беларусі трохі іншая карупцыя.

Дракахруст: Яраслаў, калегі так ці інакш скрытыкавалі сродкі, якімі вымярае ўзровень карупцыі Transparency international. Вы, наколькі я памятаю, мелі дачыненьне да распрацоўкі гэтых крытэрыяў. Вам слова для адказу — ці такія яны кепскія?

Раманчук: Разьмеркаваньне зямлі, тыя ж імпартныя закупкі, дзе цана мяняецца ўдвая — сьпіс сфэраў, дзе найбольшая карупцыя, аднолькавы што ў Беларусі, што ў Польшчы, што ў ЗША, што ў Нямеччыне. Але трэба адзначыць, што карупцыя ў нас больш цэнтралізаваная. Безумоўна, у параўнаньні з тым, што робіцца ў Расеі альбо ва Ўкраіне, у нас няма такіх праяваў, якія чапляюць чалавека. Але калі, каб уладкаваць дзіця ў добрую школу, трэба заплаціць дырэктару ці купіць для школы нешта, хіба гэта не карупцыя?

Разьмеркаваньне зямлі, тыя ж імпартныя закупкі, дзе цана мяняецца ўдвая — сьпіс сфэраў, дзе найбольшая карупцыя, аднолькавы што ў Беларусі, што ў Польшчы, што ў ЗША, што ў Нямеччыне

Магчыма, мы пра нашу карупцыю мала ведаем. Напрыклад, у Расеі, ва Ўкраіне, ў Польшчы велізарная частка карупцыі прыпадае на выманьваньне з бюджэту падатку на даданую вартасьць. У Беларусі пра гэта наагул не гаворыцца. Калі ў тых краінах на гэтую форму карупцыі прыпадае 3-4 мільярды даляраў штомесяц, а ў нас пра гэта ніхто ня кажа, то я думаю, што тут справа менавіта ў тым, што ў нас гэтыя дадзеныя схаваныя. І калі там пакапацца, то можа знайсьціся такое, што астатняе падасца кветачкамі.

Што тычыцца пытаньня — больш ці менш стала карупцыі. Спадарства, трэба давяраць сваім калегам. Калі сацыёлягі робяць апытаньні, якія праблемы больш закранаюць бізнэс, то гэта не Раманчук, не Сінкевіч, не Карбалевіч, не Дракахруст ім адказваюць, гэта бізнэсоўцы кажуць, якія адчуваюць, што карупцыі стала больш, чым раней. Але яшчэ большая праблема прыйдзе, калі пачнецца разьмеркаваньне актываў, да чаго нашы чыноўнікі ўвогуле не гатовыя. Калі Беларусь пачне гэты этап, то я думаю, што ўлады, безумоўна, «паплывуць», і праект закона аб барацьбе з карупцыяй накіраваны менавіта на тое, каб паказаць народу, што вінавата не ўлада, а дрэнныя чыноўнікі, якія зьяўляюцца крыніцай карупцыі.



Дзе ў Беларусі больш карупцыі — ўнізе ці наверсе?


Дракахруст: Пра былога прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі кажуць, што ён здолеў перамагчы ці значна зьменшыць масавую, пабытовую карупцыю ў той жа паліцыі, але яна пры ім квітнела ў вышэйшым эшалёне ўлады. Там абвінавачваньні былой улады ў карупцыі — магчыма, сродак палітычнай барацьбы, а вось у Беларусі карупцыя ёсьць у асноўным дзе: бярэ хабар міліцыянт ці атрымлівае адкат чыноўнік міністэрства?

Сінкевіч: Як паказвае карупцыйная статыстыка і ўласныя назіраньні, карупцыя ў нас усё ж найбольш распаўсюджаная ў сярэднім і ніжнім эшалёнах улады. Таму мэтады Саакашвілі маглі б у Беларусі быць дарэчнымі. Зрэшты, апошнімі гадамі высілкі ўлады даюць плён: я выдатна памятаю, які жах панаваў 10 таму ў памежнай і мытнай службах Беларусі, як лёгка бралі хабар даішнікі. Зараз такога няма і блізка.

мэтады Саакашвілі маглі б у Беларусі быць дарэчнымі

У Беларусі заканадаўства вельмі нагадвае заходнеэўрапейскае, асабліва у апошнім праекце: адказнасьць за хабар і за прапанову хабару, дэкляраваньне даходаў і іншае. Ёсьць і кітайскі, і сынгапурскі вопыт — рэгулярныя ратацыі, гучныя крымінальныя справы супраць высокіх чыноў — гэта адтуль. Засталося дадаць хіба некалькі рэчаў — праверку на паліграфе, этычны кодэкс дзяржслужбоўца, электроннае грамадзтва.

Дракахруст: Валер, вы вылучылі тэзу, што Беларусі ўласьціва толькі нізавая карупцыя. А вось Яраслаў казаў, што там, наверсе, скажам, у нафтавым бізнэсе такія рэчы адбываюцца, што ўвесь гэты хабар, што бяруць даішнікі на дарогах — дзіцячы лепет?

Карбалевіч: Складанае пытаньне. З аднаго боку зразумела, што тыя паселішча ў Драздах і Вясьнянцы, дзе чыноўнікі будуюць свае катэджы, на іх заробак збудаваць немагчыма. Для Лукашэнкі гэта таксама не сакрэт. Зь іншага боку — пытаньне пра ўспрыняцьцё карупцыі. У Беларусі крыху іншая сытуацыя. Калі спадар Сінкевіч казаў пра культуру і традыцыі беларусаў, то, сапраўды, адзін з элемэнтаў успрыняцьця карупцыі ў тым, што красьці ў дзяржавы — не вялікі грэх. Гэтая традыцыя ў пэўным сэнсе і засталася. У беларусаў, калі скажам, нейкія чыноўнікі атрымалі грошы на рамонт школы, то тут патрошку цягнуць усе: ад вышэйшага чыноўніка да простага будаўніка.

У Расеі, калі, напрыклад, прыходзіць замежны бізнэсовец і хоча рэалізаваць праект, то усё проста — даеш адкат чыноўніку і пачынаеш працаваць. У Беларусі крыху іншая сыстэма. Безумоўна, адкаты ёсьць, але чыноўнік можа прапанаваць бізнэсоўцу ўзяць на сябе нейкі адстаючы калгас. Гэта карупцыя? Гледзячы з міжнароднага стандарту — карупцыя. Гледзячы з беларускага пункту гледжаньня — дзяржаўны чыноўнік дбае пра эканоміку. Калі людзі даюць падарункі дактарам, то ў масавай сьвядомасьці гэта не ўспрымаецца, як карупцыя.



Ці можа карупцыя быць паратункам?


Дракахруст: Напрыканцы — пра яшчэ адзін аспэкт карупцыі, наўпрост зьвязаны з апошнімі драматычнымі падзеямі ва Ўкраіне. Пераадоленьне карупцыі і алігархічнай сыстэмы сапраўды было адным з галоўных лёзунгаў Эўрамайдану. Але цікава, што калі спатрэбілася ратаваць краіну, дык высьветлілася, што найбольш трывалыя грамадзкія мэханізмы — гэта алігархічныя, калі не карупцыйныя. У тым, што Днепрапятроўск ня стаў другім Данецкам, немалая заслуга Ігара Каламойскага, слупа той самай алігархічнай сыстэмы. Ну і Пётар Парашэнка гэтай сыстэме зусім не чужы. Дык можа карупцыя — рэч прынамсі амбівалентная, яна і пагроза, але яна і клей, які склейвае постсавецкія грамадзтвы ў цэлае?

Раманчук: Я ня згодны. Карупцыя — зло ва ўсіх сваіх праявах. І гэтыя ўкраінскія алігархі, пра якіх вы, Юры, казалі — гэта яны развалілі краіну, давялі сытуацыю да стану Failed state (недзеяздольнай дзяржавы), калі няма ані войска, ані міліцыі, ані судоў. Каламойскі і іншыя алігархі і зараз перш за ўсё дбаюць пра свае інтарэсы. Каламойскі зараз — пэрсанальны вораг Пуціна. Ён разумее, што калі ён ня будзе бараніць Украіну, тады ён апынецца на Лубянцы.

Я б трактаваў ролю алігархаў ва Ўкраіне, як выключна нэгатыўную. Той жа Ахметаў кантраляваў ледзь не палову Вярхоўнай Рады. Але тое, што ён рабіў на ўсходзе Ўкраіны, ніяк не спрыяла пабудове нацыянальнай дзяржавы. Зараз паводзіны Каламойскага сапраўды адрозьніваюцца ад паводзінаў іншых алігархаў. Але 90% зь іх і зараз аддаюць перавагу таму, каб дамаўляцца з уладай і зарабляць на гэтым грошы. Мае ўкраінскія калегі, якія ведаюць гэтых спадароў, кажуць, што для ўкраінскіх алігархаў такія паняцьці, як патрыятызм, дзяржаўнасьць і адзінства Ўкраіны — гэта прыкрыцьцё іх камэрцыйных інтарэсаў.

ўкраінская алігархія — гэта вынік лібэральнай мроі пра ліквідацыю дзяржавы — фантом, аналягічны вульгарнаму камунізму

Ці зьяўляецца карупцыя ў Беларусі «клеем»? Калі б Беларусь мела добры рынак электраэнэргіі, то магла б зарабляць на гэтым на 30% больш, чым сёньня. Тыя схемы, якія рэалізуюцца ў гэтым бізнэсе, безумоўна, карупцыйныя. Аляксандар кажа, што ў нас у цэнтры, наверсе карупцыі ня так і шмат. Мяркую, што ніводзін беларускі бізнэсовец ня скажа, што можна свабодна ўвайсьці на рынак энэрганосьбітаў і на роўных канкураваць на ім з «Белнафтахімам». Тое самае робіцца на рынку гандлю ўраздроб. Свае людзі атрымліваюць велізарныя кавалкі зямлі без рубля аплаты. А для дробнага бізнэсу выстаўляюцца завоблачныя цэны. Гэта карупцыя? Безумоўна! Бо няма адзінай сыстэмы выдзяленьня зямлі, а закон пішацца пад канкрэтных асобаў.

Сінкевіч: Пакуль што Ўкраіна, на жаль, ператвораная ў руіну — і менавіта дзеяньнямі алігархату. Таму алігархат і апынуўся зноў на кані, бо ён стаяў за кулісамі ўсіх падзеяў, уключаючы Майдан. Казаць пра заслугі Каламойскага можна будзе толькі гадоў праз дзесяць — калі яму ўдасца выкаваць «вэртыкаль улады» і навесьці парадак у дзяржаве. Але я не ўяўляю, як карумпаваны алігархат можа змагацца з карупцыяй. Гэта пчолы супраць мёду.

Але ўкраінская алігархія — гэта вынік лібэральнай мроі пра ліквідацыю дзяржавы — фантом, аналягічны вульгарнаму камунізму. Сучасны сьвет надзвычай складаны і маштабны, ён нагадвае АЭС ці касьмічную станцыю. Ён патрабуе апэратыўнага і валявога кіраваньня з пэрсанальнай адказнасьцю кіраўнікоў розных узроўняў. Я сам дырэктар фірмы, і калі б не маё штодзённае ўмяшаньне з пернікам і пугай, я і мае супрацоўнікі ніколі б не дасягнулі ніякіх посьпехаў. Таму дзяржава, ўлада,іх умяшаньне абавязкова павінны быць. Іншая справа, што ў структуру ўлады павінны быць убудованы мэханізмы прадухіленьня карупцыі — выключэньне канфлікту інтарэсаў, забесьпячэньне празрыстасьці, мэханізмы электроннага грамадзтва.

Карбалевіч: Украіна — гэта крайні выпадак распаду дзяржавы. У такім выпадку сапраўды алігархічныя карпарацыі могуць стаць апірышчам ад канчатковага распаду. У адміністратыўнай сыстэме карупцыя — важны мэханізм функцыянаваньня сыстэмы. Шмат было экспэртных меркаваньняў, што калі б у позьнія савецкія часы карупцыя раптам зьнікла, то ўся праца эканомікі ў краіне, ўвогуле функцыянаваньне сыстэмы спынілася б. Галоўным на прадпрыемстве быў аддзел забесьпячэньня. Ад здольнасьці забясьпячэнцаў (снабжэнцаў) улашчваць чыноўнікаў, якія разьмяркоўвалі рэсурсы, залежала эфэктыўнасьць працы завода ці калгаса. А ў Беларусі напалову адміністратыўная мадэль. Але для рынкавай сыстэмы карупцыя, безумоўнае зло, бо яна перашкаджае свабоднай канкурэнцыі эканамічных суб’ектаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG