Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі пра падвышэньне тарыфаў на энэрганосьбіты: «Намёты паставім»


Менчукі пра падвышэньне камунальных тарыфаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:08 0:00

На распараджэньне ўраду краіны ад 1 верасьня ў Беларусі падвышаныя тарыфы на энэрганосьбіты. Спажыўцы незадаволеныя ростам цэнаў, а эканамісты называюць цэны неабгрунтаванымі.

Урад краіны пастанавіў на 10% падвысіць тарыфы на цяпло для патрэбаў ацяпленьня і гарачага водазабесьпячэньня, а таксама на газ і электрычнасьць. Як на чарговае падвышэньне коштаў рэагуюць менчукі, цікаўлюся ў мінакоў на вуліцах Менску.

Спадарыня сярэдняга веку: «Людзі павінны плаціць 100% ад сабекошту. Колькі яны каштуюць, гэтулькі і павінны плаціць — гэта маё меркаваньне».

Спадар сталага веку: «Як і па ўсіх кірунках — калі падвышаюцца кошты, то я адмоўна стаўлюся».

Спадарыня маладых гадоў: «Мы ўсе, беларусы, вельмі талерантныя — мы ўсё ўспрымаем як належнае. Як бы ні падвышалі — будзем неяк жыць, на чымсьці эканоміць, старацца больш зарабляць — а што рабіць?»

Спадар сярэдніх гадоў: «Я думаю, што ўсё гэта — „бязьмежжа“. Людзі плацяць шалёныя грошы, а атрымліваюць капейкі».

Спадарыня: «Я лічу, што няправільна падымаць аплату, калі ў многіх людзей заробкі вельмі малыя, таксама пэнсіі. Трэба разумець становішча людзей, тым больш што ў нас і прадукты падаражэлі. Таму я лічу, што трэба было пакінуць тарыфы на тым узроўні, які ёсьць».

Спадарыня маладога веку: «Канечне, хацелася б, каб усьлед за падняцьцём тарыфаў падымаліся і выплаты на дзяцей — у нас іх двое, а таксама заробак у мужа, які не падвышаецца ўжо некалькі гадоў. Таму, калі падымаюцца тарыфы, то трэба, каб падымаліся і ўсе выплаты».

Спадар маладога веку: «Дом, у якім я жыву, і так зь вельмі высокай кватэрнай платай. Я за дванаццаць квадратных мэтраў плачу гэтулькі, колькі мянчук за двухпакаёўку».

Карэспандэнтка: «А з падвышэньнем тарыфаў?»

Спадар маладога веку: «Намёты паставім».

Спадарыня: «Неабходна сацыяльныя прыярытэты захоўваць і ставіць на больш высокі ўзровень. Пакуль, я лічу, сацыяльным пытаньням у нас аддаецца ня вельмі шмат увагі».

Юначка: «Я ў гэтым пытаньні на баку народа, якому трэба шмат працаваць, каб жыць у Менску. А многія людзі састарэлыя — ня могуць гэтага рабіць, ім ніхто ня можа дапамагчы, і ім вельмі цяжка. Таксама мне як студэнтцы цяжка, цяжка маім бацькам. Таму я за інтарэсы народа».

Падвышэньне тарыфаў на камунальныя паслугі і энэрганосьбіты ўрад краіны зазвычай тлумачыць неабходнасьцю даводзіць аплату камунальных паслугаў да ўзроўню іх сабекошту. Аднак эканаміст і палітык Леў Марголін мяркуе, што такое тлумачэньне неабгрунтаванае:

Леў Марголін
Леў Марголін

«Перадусім падвышэньне тарыфаў зьвязанае з падзеньнем абменнага курсу беларускага рубля. Але гэта не зусім справядліва, бо нашы людзі атрымліваюць заробкі не ў валюце, а ў беларускіх рублях. І тое, што курс даляра ад пачатку году вырас прыкладна на 10% і прыкладна на гэтулькі ж падвышаныя тарыфы — для іх ня мае ніякага значэньня. І больш за ўсё мяне абурае ня тое падвышэньне стандартных тарыфаў, а тое, што гэта называецца эканамічна абгрунтаванымі затратамі на вытворчасьць, скажам, электрычнасьці ці газу. Але гэтага самага эканамічнага абгрунтаваньня падвышэньня тарыфаў ніхто ніколі ня бачыў. Яно толькі называецца эканамічна абгрунтаваным, а ў сапраўднасьці ніякай празрыстасьці ў гэтым пытаньні няма, і гэта абурае найбольш. Ніхто ня ведае, што стаіць за гэтымі тарыфамі, бо колькі яны ні растуць, Міністэрства энэргетыкі ўвесь час кажа, што аплочваецца ці то 20%, ці то 30% ад рэальнага кошту. І колькі б яны ні расьлі, мне падаецца, што вышэй за 30% Мінэнэрга не называе. Таму ніякага эканамічнага абгрунтаваньня новаму падвышэньню тарыфаў няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG