Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін пакрыўдзіўся, што ўкраінцы выгналі ягонага сябра з залатым батонам»


«На кім, на Вашу думку, найперш ляжыць віна за тое, што на паўднёвым усходзе Украіны дагэтуль працягваецца вайна? Які бок ня хоча спыняць баявыя дзеяньні?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадарыня: «Я ня надта сачу за палітыкай, але я жахаюся ад таго, што там адбываецца. Гэта проста жах: у наш час, у 21 стагодзьдзі, страляюць у людзей. Навошта? Дзеля чаго? І тое, што там адбываецца, — гэта віна людзей пры ўладзе. Мяне абурыла ўчора ў навінах: у гэтых карэспандэнтаў было такое важнае пытаньне, ці паціснуць яны рукі, Парашэнка й Пуцін? У той час як мацяркі аплакваюць дзяцей. А тут — ці паціснуць? А тое, што людзі загінулі, што маці выгадавала сына і яго страціла, што маці плача? Ёй якая розьніца, ці паціснуць яны адзін аднаму руку?»

Януковіч проста праявіў баязьлівасьць. Я думаю, што і Расея была супраць міру

Спадар: «Суседзі — і яны пачалі паміж сабой ваяваць. Гэта грэх! Яны павінны на калені станавіцца і прасіць адзін у аднаго прабачэньня».

Спадарыня: «Ну хто? Прэзыдэнт Украіны, які быў раней. Які дапусьціў гэта ўсё й развал атрымаў».

Спадар: «Мне балюча за тое, што там робіцца. Я ў вайну вызваляў Украіну. У мяне былі сябры, зь якімі пад адным шынялём я спаў. А Ўкраіна, яе расьцягвалі ў трох напрамках — і Расея, і Польшча, і Румынія. І там склалася такая сытуацыя, што не знайшлося кіраўнікоў, якія прыходзілі да ўлады і ўсё набівалі сабе кішэні, а ня думалі пра народ. Януковіч проста праявіў баязьлівасьць. Я думаю, што і Расея была супраць міру. У Расеі там шмат сваіх інтарэсаў. Расея ня хоча, каб у Данбасе разьмяшчаліся іншыя ваенныя базы — побач зь яе межамі».

Спадар: «Украіна ня хоча. Такое ў мяне склалася меркаваньне. Калі дакладней, то Амэрыка. Амэрыка задумала і доўга рыхтавала Майдан і цяпер прымушае іх ручны ўрад працягваць вайну. Трэба гаварыць цяпер хоць з хвастом ката, а потым ужо й з самім катом. Лепей, вядома, з Амэрыкай гаварыць наўпрост. А Пуцін — ён сам па сабе».

Спадар: «Расея. Радовішчы газу сланцавага на паўднёвым усходзе Ўкраіны — яны найбагацейшыя ў сьвеце. З-за гэтага ў асноўным і вайна».

Спадар: «Расея, вядома, ня хоча спыняць. Імпэрскія амбіцыі і чалавечыя амбіцыі іхняга дарагога Ўладзімера Ўладзімеравіча. Нават больш асабістыя, мне падаецца, чым дзяржаўныя. Пакрыўдзіўся, што ягонага сябра з залатым батонам выгналі адтуль».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG