Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая іпастась Аляксандра Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка прымярае на сябе вобраз міратворца. Што на першы погляд выглядае даволі дзіўна. Бо імідж голуба міру, чалавека, які спрабуе замірыць Расею з Украінай і Захадам, ня надта пасуе беларускаму лідэру. Калі параўноўваць той вобраз, які склаўся за 20 гадоў, зь ягонымі цяперашнімі прэтэнзіямі, то здаецца — гэта проста неба і зямля, зусім іншая іпастась.

У 1990-я гады Лукашэнка выступаў у ролі галоўнага інтэгратара постсавецкай прасторы, зьбіральніка зямель, рэстаўратара новай імпэрыі ўзамен СССР. Ён увесь час гаварыў пра славянскае адзінства. У 1995 годзе беларускі кіраўнік езьдзіў у Кіеў, каб угаварыць тагачаснага прэзыдэнта Украіны Леаніда Кучму далучыцца да саюзу Беларусі і Расеі. То бок Лукашэнка выступаў у ролі сёньняшняга Пуціна, спрабаваў, кажучы цяперашняй мовай расейскіх тэлеканалаў, аб’яднаць «русский мир».

А цяпер беларускі лідэр радыкальна памяняў сваю пазыцыю. Ён ня толькі не падтрымлівае зьбіральніка «рускіх» зямель Пуціна, ягоную агрэсію ва Ўкраіне, але спрабуе памірыць двух славянскіх суседзяў.

Беларускі лідэр радыкальна памяняў сваю пазыцыю. Ён ня толькі не падтрымлівае зьбіральніка «рускіх» зямель Пуціна, ягоную агрэсію ва Ўкраіне, але спрабуе памірыць двух славянскіх суседзяў

У былыя гады пэрыяды абвастрэньня супярэчнасьцяў паміж Расеяй і Захадам бывалі залатою парою для беларускіх уладаў. Тады афіцыйны Менск з усіх сіл імкнуўся прадэманстраваць Маскве сваю адданасьць. Лукашэнка часта бег паперадзе паравоза, стараўся сутыкнуць Расею з Захадам, сьвядома правакаваў РФ на жорсткія дзеяньні, крытыкаваў расейскае кіраўніцтва за нерашучасьць, адсутнасьць палітычнай волі ў супрацьстаяньні з заходнімі дзяржавамі. Так было, напрыклад, падчас югаслаўскага крызісу 1999 году. У тыя часы беларускі лідэр адводзіў сваёй краіне ролю расейскага шчыта, прымежнай крэпасьці, якая гераічна абараняе сьвятыя рубяжы славянскіх народаў ад натаўскіх супастатаў. У выніку замежнапалітычная вага Беларусі ў вачах Расіі павышалася, краіна атрымлівала ад Масквы чарговую порцыю палітычных і эканамічных бонусаў.

Лукашэнка вядомы як найбольш зацяты праціўнік Захаду, вонкавай палітыкі ЭЗ і ЗША, эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Лукашэнкаўскі рэжым — найбольш антызаходні на постсавецкай прасторы. Гэта канфлікт ня толькі палітычны ці дыпляматычны, а каштоўнасны, ідэалягічны. У якіх толькі грахах прэзыдэнт Беларусі не вінаваціў заходнія краіны! Лукашэнка абзываў палітыкаў ЭЗ і ЗША самымі дрэннымі словамі. Можна толькі ўзгадаць, як старшыню Эўрапейскай камісіі Барозу ён ня так даўно назваў «казлом».

Менск хоча «прадаць» Захаду сваю нэўтральную пазыцыю ў расейска-ўкраінскім канфлікце, размарозіць адносіны з ЗША і ЭЗ і нават зарабіць грошы на рээкспарце эўрапейскіх харчовых тавараў у Расею

Цяпер Расея перажывае найбольш востры канфлікт з Захадам пасьля распаду СССР. І што ж Беларусь? Па-першае, яна імкнецца па магчымасьці дыстанцыявацца ад Масквы, гуляе ў нэўтралітэт. Па-другое, Менск ня толькі не падштурхоўвае Маскву да больш актыўнага супрацьстаяньня Захаду, а наадварот, ладзіць крокі да замірэньня.

Па-трэцяе, Беларусь імкнецца скарыстаць гэты канфлікт на сваю карысьць. Менск хоча «прадаць» Захаду сваю нэўтральную пазыцыю ў расейска-ўкраінскім канфлікце, размарозіць адносіны з ЗША і ЭЗ і нават зарабіць грошы на рээкспарце эўрапейскіх харчовых тавараў у Расею.

Яшчэ адзін відавочны кантраст зь вядомым вобразам. 20-гадовы досьвед Лукашэнкі выяўляе яго як вельмі канфліктнага палітыка. Падчас розных крызісаў, як унутрыпалітычных, так і вонкавых, ён увесь час ідзе на абвастрэньне, рэдка шукае кампрамісу. Сытуацыя надзвычайнасьці, экстрэмальнасьці — гэта для Лукашэнкі натуральнае асяродзьдзе, ён адчувае сябе ў ім як рыба ў вадзе.

І вось цяпер Лукашэнка выступае ў ролі міратворца, пасярэдніка, мадэратара канфлікту. Ён актыўна заклікае да спыненьня канфлікту, замірэньня, дыялёгу, угаворвае ўдзельнікаў супрацьстаяньня прыехаць у Менск на перамовы. Ня вер вачам сваім. Што здарылася?

Памяняўся не Лукашэнка — зьмянілася палітычная каньюнктура. І прэзыдэнт Беларусі, як добра дасьведчаны палітык, прыстасоўваецца. Як вядома, няма нічога мацнейшага за лёгіку палітычнага працэсу.

20.08.2014 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG