Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі «Кландайк» — не для Беларусі


Санкцыі, якія ўвяла Расея на пастаўку харчоў з Эўразьвязу, ЗША і шэрагу іншых краінаў, даюць беларускім уладам шанец зарабіць на сытуацыі праз рээкспарт прадуктаў з трэціх дзяржаў пад выглядам беларускіх. Да такой думкі схіляюцца эканамісты. А спадзяваньні звычайных беларусаў на тое, што расейскія санкцыі прывядуць да зьніжэньня цэнаў унутры Беларусі, экспэрты называюць марнымі.

Расейскія санкцыі, паводле першага намесьніка міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Леаніда Марыніча, — для Беларусі «гэта Кландайк». Чыноўнік заявіў, што Менск гатовы замяніць заходнія краіны па шмат якіх пазыцыях у сфэры харчаваньня.

З гэтым можна пагадзіцца толькі пры адной умове — калі пад выглядам беларускіх на расейскі рынак хлынуць прадукты з трэціх краін, напрыклад, Польшчы, Літвы, Галяндыі, ды іншых, — тлумачыць

Аляксандар Ярашук, які шмат гадоў займаў высокія пасады ў аграрным комплексе. — Уласнай, беларускай вытворчасьці ні сьвініны, ні ялавічыны, ні садавіны, ні гародніны, нават бульбы Беларусь паставіць у Расею ня можа:

«Пры існуючай мадэлі вядзеньня гаспадаркі мы ня можам нарасьціць вытворчасьць садавіны і гародніны. Гэтая галіна як ніякая іншая патрабуе прыватнай уласнасьці. У нас ужо нават таварнай бульбы няма. І няма чаго прадаваць насамрэч. Няма ў калгасах эканамічнай зацікаўленасьці. І ніколі ня будуць калгасьнікі так шчыраваць, як той жа польскі фэрмэр.

Птушкай Расея забясьпечвае сябе на 90%. І, верагодна, убіцца ў гэтыя 10% будзе надзвычай цяжка. Сьвінінай Расея забясьпечаная на 70%. Але з прычыны чумы і тут мы ня ўдзельнікі. Застаецца хіба што ялавічына, уласная вытворчасьць якой у Расеі — каля 40%. Але пакуль нам няма чаго ім прапанаваць».

Вялікай складанасьці, каб тэхнічна падмяніць тавар з трэцяй краіны на беларускі, няма, — кажа эканаміст Леў Марголін. — Асабліва калі

ў гэтым зацікаўленыя ўсе. І ў якасьці прыкладу прыводзіць польскія яблыкі. Палякі іх ахвотна прададуць, бо ім трэба пазбавіцца ад прадукту, які хутка псуецца. Беларусам трэба «наварыць» грошы. А расейцы на ўсё гэта заплюшчаць вочы, каб сказаць: як быў наш рынак напоўнены яблыкамі, так і застаецца:

«У нас ужо была такая эпапэя з цукрам. Тады пад выглядам беларускага цукру мы экспартавалі ў Расею тое, што самі завозілі. Але ж гэта цукар. Там няцяжка высьветліць — ці ён зроблены з буракоў, ці з трысьнягу. А на кожны яблык бірку не павесіш. Таму беларускім прадпрымальнікам вельмі лёгка перапрадаваць яблыкі. Найперш тым, хто набліжаны да „двара Яго Вялікасьці“.

І гэта ня толькі яблыкі. Ёсьць шмат прадуктаў, якія не прамаркіруеш. У Расеі час ад часу выбухалі скандалы, калі пад выглядам ялавічыны прадавалі нейкую кенгураціну з Аўстраліі ці нешта падобнае. Дык гэта ўсё ж такі мяса розных відаў. А калі гэта ялавічына альбо сьвініна, тады хто можа вызначыць — гэта мяса беларускай вытворчасьці ці яно аднекуль імпартаванае? Таму мне зразумелая гэтая радасьць беларускіх чыноўнікаў, іх словы пра Кландайк. Бо Кландайк — гэта і ёсьць рээкспарт».

Цьмяныя схемы рээкспарту ў Беларусі ўжываліся яшчэ і да цукру. Былі, у прыватнасьці, нашумелыя справы з фондам Махмуда Эсамбаева, з транзытам празь Беларусь у Расею сьпірту, алькагольных напояў, цыгарэтаў, — згадвае старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін. Ён мяркуе, што тут апошняе слова будзе за расейскімі ўладамі:

«Гэтыя рэчы элемэнтарна пралічваюцца. Расейцы могуць прапусьціць такія тавары. А могуць і не прапусьціць. Я, напрыклад, ведаю, што некаторыя нашы бізнэсоўцы прадавалі беларускую ваду пад выглядам расейскай, толькі наклейкі зьмянялі. Ды іншыя падобныя рэчы праварочвалі. Але гэта дробныя партыі і дробныя жулікі. Калі расейцы закрыюць вочы, тады гэта пройдзе. А калі не закрыюць, то яшчэ і санкцыі супраць беларусаў увядуць».

На жаль, расейскія санкцыі не прывядуць да таго, што цэны на імпартныя прадукты ў Беларусі зьнізяцца, — упэўнены Аляксандар Ярашук:

«Ствараецца штучны дэфіцыт праз адпаведны ўказ прэзыдэнта Расеі. А дзе дэфіцыт, там цэны заўсёды падвышаюцца, а не паніжаюцца. Таму нам трэба чакаць таксама росту коштаў. Як бы там гэта ні адбывалася (будзе рээкспарт ці пастаўкі беларускіх харчоў у Расею), але цэны і на нашым унутраным рынку будуць падымацца».

Такой жа думкі прытрымліваецца Леў Марголін:

«Мы бачым, што цэны на мяса ў Польшчы і Літве значна ніжэйшыя за нашы. І тут уся справа ў мыце. Калі дзяржавы яго зьнізяць, то можа стаць мяса і ў нас таньнейшым. А калі ня зьнізяць, то, нягледзячы на ўсе абставіны і санкцыі, цана якой была, такой і застанецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG