Беларусь дапаможа Калінінградзкай вобласьці з пастаўкамі прадуктаў, якія Расея забараніла да ўвозу з ЭЗ, ЗША і шэрагу іншых дзяржаў. Пра гэта паведаміў губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Мікалай Цуканаў на сваёй старонцы ў Твітэры.
«Патэлефанаваў міністру сельскай гаспадаркі Беларусі. Леанід Заяц выказаў гатоўнасьць закрыць пазыцыі, якія выпадаюць», — піша губэрнатар.
«Па сыравіне для нашых перапрацоўшчыкаў: мы аналізуем усе патрэбы, Беларусь разглядае. Далей выходзім на падпісаньне пагадненьня. Тыя ж яблыкі ў іх па цалкам канкурэнтнай цане і выдатнай якасьці», — піша Цуканаў.
Раней прадстаўнікі беларускага ўраду заявілі, што на наступным тыдні будзе абмеркаванае пытаньне аб павелічэньні паставак беларускага харчаваньня ў Расею.
Паводле першага намесьніка міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Леанід Марыніча, для Беларусі «гэта кландайк».
«Мы гатовыя замяніць заходнія краіны па многіх пазыцыях у сфэры харчаваньня», — сказаў чыноўнік.
Часовы выканаўца абавязкаў генконсула Літвы ў Калінінградзе Вітаўтас Умбрасас мяркуе, што расейскія санкцыі зробяць вялікі ўплыў на Калінінград:
«Мясцовая ўлада супакойвае, што зь цягам часу рэсурсы Калінінграда ўзрастуць, тут плянуецца саджаць сады, пералічваюцца краіны, зь якіх можна будзе ўвозіць прадукты. Але, вядома, рашэньне аб дадатковых санкцыях зробіць вялікі ўплыў на Калінінград».
Паводле Умбрасаса, пасьля таго як склады апусьцеюць, зьменяцца і кошты, і прапанова.
Гендырэктар прадпрыемства Vilkyškių pieninė Гінтарас Берташус сказаў DELFI, што Калінінграду будзе цяжка забясьпечыць сябе прадукцыяй, але ёсьць магчымасьць імпартаваць малочныя прадукты зь Беларусі, хоць Беларусь ня зможа забясьпечыць прадукцыяй усю Расею.
Тым часам на літоўска-беларускай мяжы «завязьлі» першыя літоўскія перавозчыкі, паведамляе кіраўнік Літоўскай харчова-вэтэрынарнай службы Ёнас Мільс. Ён сказаў, што аўтамабілі зь мясной і малочнай прадукцыяй ужо ня могуць перасекчы мяжу.
«Некаторыя машыны спыненыя ля мяжы, паколькі яны выехалі да забароны. Мы б хацелі, каб яны яшчэ выехалі, паколькі яны выехалі да эмбарга і былі ў чарзе», — сказаў журналістам Ёнас Мілюс.
З прадстаўнікамі Расеі дамовіцца не ўдалося. У Мядзінінкай, ля мяжы зь Беларусьсю, не прапусьцілі дзьве машыны зь мясной прадукцыяй кампаніі Biovelа.
У мінулым годзе на прэс-канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прапанаваў аддаць яму Калінінградзкую вобласьць:
«Я кажу часта — аддайце нам Калінінградзкую вобласьць. Мы кожны гектар, кожную сотку зямлі там узаром і зробім зь яе квітнеючы край».