Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін змагаецца, астатнія — церпяць


У Магілёве працаўнік мясцовага арматурнага заводу Валадар Цурпанаў патрабуе ад адміністрацыі прадпрыемства забясьпечыць спрыяльныя ўмовы для працы ў цэху са зварачнай вытворчасьцю. Паводле яго, пакуль трымаецца сьпёка, тэмпэратура ў цэху сягае вышэй за 35 градусаў. У бытоўцы, заяўляе ён, няма нармальных умоваў для адпачынку працоўных. Адміністрацыя ж прыватнага прадпрыемства абвяргае прэтэнзіі зваршчыка.

У цэху не прадыхнуць, заяўляе Цурпанаў. Зварачныя апараты хутка разаграваюць атмасфэру ўнутры памяшканьня, даводзіць ён, а звонку цэх награваецца ад сьпякоты.

«Прыкладам, заўчора градусьнік не дацягнуў дзьве дзясятыя, каб спыніцца на адзнацы 37 градусаў. Вэнтыляцыі няма. Паветра ня рухаецца. Не ратуюць нават брамы расчыненыя, каб быў скразьняк. А трэба ж улічыць, што мы зварваем вялікія дэталі і вузлы, і атрымліваецца, што чалавек стаіць нібы ў сьпякоту ля печкі».

Бытоўка таксама не ратуе ад сьпёкі, зазначае Цурпанаў. Дамагчыся, каб усталявалі кандыцыянэр, яму не ўдалося. Працоўныя ратуюцца ад сьпякоты вадою і самавольным павелічэньнем перапынкаў.

Каб зьмяніць сытуацыю, Цурпанаў зьвярнуўся са скаргай у санэпідэмстанцыю. На ягоную думку, гэта адзіная арганізацыя, якая можа паўплываць на адміністрацыю, бо ранейшыя скаргі ў кантрольныя арганізацыі плёну не далі:

Асноўны мой пасыл у скарзе — усталяваць кандыцыянэр, каб можна было пасядзець якую хвіліну ў прахалодзе

«Асноўны мой пасыл у скарзе — усталяваць кандыцыянэр, каб можна было пасядзець якую хвіліну ў прахалодзе, — зазначае зваршчык. — На заводзе ўжо пабывала камісія. Ня ведаю, якія будуць высновы. Але да яе прыезду рыхтавалася адміністрацыя. У прыбіральні прыбралі. У біятуалеце, які стаіць на вуліцы, нечым дужа пахучым папырскалі. Ён стаіць на самым санцапёку. Туды сходзіш — і можаш у ім зварыцца».

У адміністрацыі прадпрыемства пацьвердзілі, што на заводзе была праверка з санэпідэмстанцыі. Адбыўся і сход калектыву, на якім работнікам прапанавалі выходзіць на працу ў начную зьмену, калі спадае сьпёка. Юрысконсульт прадпрыемства паведаміла, што працоўныя не падтрымалі гэтай прапановы:

«Яны сказалі, што нас усё задавальняе і мы будзем працаваць днём. Супраць выказаўся толькі адзін чалавек — Цурпанаў. Цяпер будзем глядзець, што рабіць. Калі ён ня хоча працаваць у сьпякоту, цалкам верагодна, што яму будзе прапанавана праца ў час, калі яе няма», — зазначыла праўніца.

Кандыцыянэраў у бытоўках сапраўды няма. Там і не павінна іх быць. Там ёсьць выцяжка. Цурпанаў проста шантажуе адміністрацыю прадпрыемства

Прадстаўнік адміністрацыі, якога назвалі памочнікам дырэктара прадпрыемства, заявіў, што ў цэху ня гэтак сьпякотна, як сьцьвярджае Цурпанаў. «37 градусаў — гэта няпраўда. Учора рабілі афіцыйныя замеры, і там не было нават 30. Кандыцыянэраў у бытоўках сапраўды няма. Там і не павінна іх быць. Там ёсьць выцяжка. Цурпанаў проста шантажуе адміністрацыю прадпрыемства. Шантажуе рэальна», — заяўляе супрацоўнік адміністрацыі.

Пра тое, што ў цэху сьпякотна, кажуць калегі Цурпанава. Адзін зь іх заявіў: «Літаральна пазаўчора было 37 градусаў. У нас у цэху вісіць градусьнік. Спэцыяльна мы павесілі».

У бытоўцы таксама сьпякотна, наракае зваршчык. Асабліва калі шмат людзей зьбіраюцца на абед. «У нас стаіць мікрахвалевая печка, і калі на ёй грэе паўбрыгады ежу, то даводзіцца адчыняць дзьверы, але і гэта не дапамагае. У нас адзін з супрацоўнікаў купіў за свае грошы вэнтылятар, каб лягчэй усім было».

Сход калектыву адміністрацыя прадпрыемства правяла, калі Цурпанаў паскардзіўся ў санэпідэмстанцыю, працягвае апавядаць ягоны калега:

«Перад прыходам санстанцыі пачалі прапаноўваць нам — маўляў, давайце ў начную зьмену паходзім, бо ноччу ня так сьпякотна. А сэнс цяпер хадзіць у начную, калі праз тыдзень сьпякота спадзе? Трэба было гэта рабіць раней».

Паводле суразмоўцы, умовамі працы зваршчыкі не задаволеныя, аднак сваю незадаволенасьць найчасьцей выказваюць адзін аднаму на перакурах — радзей даводзяць цэхаваму начальству.

Наймальнік, відаць, лічыць, што мае звароты — гэты прыхамаць ненармальнага дзядзькі

Сам жа Цурпанаў заяўляе, што сваімі скаргамі імкнецца дамагчыся людзкіх умоваў працы на прыватным прадпрыемстве. Сытуацыю ў цэху, паводле яго, мог бы зьмяніць калектыў, выставіўшы да адміністрацыі такія патрабаваньні. Аднак супольна бараніць свае інтарэсы людзі пакуль не гатовыя:

«Найпершы інструмэнт і апірышча — гэта прафсаюз, у якім людзі навучаюцца пэўным дзеяньням і разуменьню, навошта яны іх павінны рабіць. Але, на жаль, на прадпрыемстве прафсаюзу няма. Нават дзяржаўнага. Таму я застаюся пакуль у адзіноце. Наймальнік, відаць, лічыць, што мае звароты — гэты прыхамаць ненармальнага дзядзькі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG