Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвалід па зроку Валянцін Станкевіч паступіў у Расейскую акадэмію мастацтваў


Валянцін Станкевіч, архіўнае фота
Валянцін Станкевіч, архіўнае фота

Інвалід па зроку Валянцін Станкевіч сёлета з чырвоным дыплёмам скончыў Гарадзенскую музычную вучэльню. Вучыўся на бюджэтным адзьдзяленьні, і яго павінны былі разьмеркаваць, то бок уладкаваць на працу. Але кіраўніцтва вучэльні прымусіла хлопца пагадзіцца атрымаць свабодны дыплём — маўляў, у Горадні няма вольных месцаў выкладчыкаў па клясе баяна. Як склаўся далей лёс Валянціна Станкевіча, і наагул, як працаўладкавацца інваліду?

Пакуль лёс Валянціна Станкевіча складваецца шчасьліва — ён паступіў вучыцца ў Расейскую спэцыялізаваную акадэмію мастацтваў на музычнае адзьдзяленьне па клясе баяна. Праўда, спачатку хацеў паступіць на аддзяленьне опэрных сьпеваў, але самі выкладчыкі акадэміі параілі яму абраць іншую спэцыяльнасьць:

«Мне сказалі, што голас у мяне ёсьць, але вялікі конкурс, і пажадана, каб я паступаў менавіта на баян, і ёсьць гарантыя, што я застануся ў акадэміі. Амаль палова музычнага факультэту мяне пераконвала туды паступаць. На вакал, дарэчы, конкурс быў вялікі нават на квоце».

У акадэміі для інвалідаў выдзяляюць квоты, але, паколькі такіх навучальных установаў для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі мала, а едуць з усяго СНД, конкурс даволі сур’ёзны, прахадныя балы высокія:

«7 ліпеня я здаваў іспыт па спэцыяльнасьці і атрымаў 94 балы. Потым быў экзамэн па сальфэджыё й гармоніі. А я ніколі не пісаў музычных задачаў па гармоніі па сыстэме Брайля, і заўсёды граў іх на фартэпіяна. Атрымаў 95 балаў. Яшчэ быў іспыт па расейскай мове, я атрымаў 90, а па расейскай літаратуры — 79. Яшчэ па сумоўі я атрымаў 100 балаў. Пыталіся, кім прадстаўлена беларуская баянная школа і нават украінская. У суме атрымалася 458 балаў, гэта нават больш, чым у тых, хто ішоў па агульным конкурсе».

У суме атрымалася 458 балаў, гэта нават больш, чым у тых, хто ішоў па агульным конкурсе

У інвалідаў па зроку ў Беларусі ёсьць магчымасьці працаваць на прадпрыемствах Таварыства, у асноўным, гэта зборка нескладаных электравырабаў (разэткі, падаўжальнікі, выключальнікі). Што да людзей іншых прафэсій, то тут, як кажуць, ратаваньне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў, пацьвярджае і выкладчыца музыкі ў невідушчых дзетак Кацярына Раскошная-Фаміна:

«Ну так, трэба самому нешта шукаць, таму што не магу сказаць, што абавязкова чалавеку штосьці прапануюць. Нават калі чалавек тысячу разоў таленавіты, ён вымушаны штосьці шукаць сам. Калі ён дбае пра сябе сам, у яго нешта будзе. Калі не — дык нічога і ня будзе».

Карэспандэнтка: «То бок дзяржава асабліва ня будзе клапаціцца і дапамагаць?»

«Дзяржава ня вельмі ведае, што патрэбна, дзяржава ня вельмі ведае, што рабіць, і ў гэтым праблема».

Калі Валянцін Станкевіч паступаў вучыцца і быў у Маскве, яму тэлефанавалі з Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, працы і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму, пыталіся ў бацькоў, як ён маецца:

«Маўляў, нейкая служба, якая дапамагае інвалідам уладкавацца на працу. Пыталіся, ці ўладкаваўся я. Казалі, што яны дапамагаюць. Толькі ў мяне такое пытаньне: чым яны думалі, калі давалі мне падпісаць вольны дыплём?»

І Кацярына Раскошная-Фаміна, якая выкладае музыку і яшчэ працуе ў студыі гуказапісу, і Валянцін Станкевіч, які паступіў вучыцца ў Маскву, здолелі ўладкавацца самі, маючы музычныя здольнасьці і талент. Дарэчы, сёлета ў Расейскую спэцыялізаваную акадэмію мастацтваў паступіў на аддзяленьне балалайкі яшчэ адзін беларус Павал Карнаенка з Рэчыцы. Але ня ўсім так шанцуе. Праблема ўладкаваньня сотняў інвалідаў па зроку застаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG