Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невідушчы — гэта яшчэ ня вырак


Валянцін Станкевіч
Валянцін Станкевіч

11 кастрычніка — Сусьветны дзень зроку. З гэтай нагоды «Свабода» пагутарыла з інвалідам па зроку Валянцінам Станкевічам з Горадні.

Валянцін Станкевіч — інвалід зь дзяцінства, у яго атрафія зрокавага нэрву, ён можа адрозьніваць толькі сьвятло і цемру. Па горадзе Валянцін перасоўваецца толькі з чыёйсьці дапамогай, але часам, у добрае надвор’е, па знаёмых маршрутах, можа вырушыць і сам.

«Сваю невідушчасьць я не лічу праблемай, якая ставіць крыж на маім жыцьці. У мяне шмат мараў, але я дакладна ня ведаю сваіх пэрспэктываў», — кажа Валянцін.

Валянціну 19 гадоў, сярэднюю адукацыю ён атрымаў у спэцшколе для дзяцей з парушэньнямі зроку, цяпер вучыцца на 3-м курсе Гарадзенскага музычнага каледжу па клясе баяну.

«Нічога канкрэтнага наконт сваёй будучыні я пакуль не ўяўляю, ведаю толькі, што трэба будзе далей паступаць у ВНУ», — кажа Валянцін.

Большая частка невідушчых ідзе на працу ў прадпрыемствы Таварыства інвалідаў па зроку, кажа Валянцін Станкевіч, але там зарабляюць вельмі мала, максымальна мільён рублёў. Іншыя вучыцца на масажыстаў у мэдычным каледжы, каб потым ісьці працаваць у шпіталях і клініках. У ВНУ паступае мала хто.

Апрача музыкі Станкевіч захапляецца гісторыяй, мовамі, літаратурай, кампутарнымі праграмамі. Сучасныя тэхналёгіі даюць магчымасьць невідушчаму карыстацца кампутарам, і Валянцін іх засвоіў. Тысячы іншых невідушчых у Беларусі гэтага ня ўмеюць.
Шкада, што праграмы для невідушчых няма сэнсу перакладаць на беларускую мову, хоць я гэта і спрабаваў. Прычына ў тым, што ў нас няма чым гэта чытаць — няма сынтэзатараў...

«Шкада, што праграмы для невідушчых няма сэнсу перакладаць на беларускую мову, хоць я гэта і спрабаваў. Прычына ў тым, што ў нас няма чым гэта чытаць — няма сынтэзатараў. Пакуль што. Магчыма, будуць. Бо ўжо ёсьць праект», — кажа Валянцін.

Лячэньне такіх невідушчых, як Валянцін Станкевіч, вельмі складанае, і на сёньня выглядае маларэальным:

«Я мала ведаю такіх, хто быў татальна невідушчым, пачаў нешта бачыць, такія прыклады ёсьць у Расеі, Японіі, Аўстрыі, Нямеччыне, але толькі не ў Беларусі. У нас мэдычныя тэхналёгіі яшчэ ня так разьвітыя, каб дапамагчы такім, як я. Спадзяюся, што з улікам прагрэсу такая магчымасьць ўзьнікне яшчэ падчас майго жыцьця».

Валянцін кажа, што ў Беларусі мала робіцца, каб невідушчы мог сябе нармальна адчуваць:

«Пачынаючы ад таго, што не заўсёды ў наземным грамадзкім транспарце абвяшчаюць прыпынкі, і заканчваючы тым, што вельмі вялікі працэнт невідушчых зусім не валодае кампутарам, што зачыняе іх у рэзэрвацыі, якая называецца Таварыствам інвалідаў па зроку».

Таварышам па няшчасьці Валянцін зычыць: «Жыць актыўна, не сядзець, не чакаць, пакуль дзяржава ці арганізацыя штосьці дасьць, а што магчыма — браць самому».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG