Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі інвалід па зроку паступае ў Расейскую акадэмію мастацтваў


Валянцін Станкевіч
Валянцін Станкевіч

Гарадзенец Валянцін Станкевіч — інвалід зь дзяцінства, у яго атрафія зрокавага нэрва, ён адрозьнівае толькі сьвятло і цемру. Па горадзе Валянцін перасоўваецца толькі з чыёйсьці дапамогай, але часам, у добрае надвор’е, па знаёмых маршрутах можа выбрацца і сам.

Пару гадоў таму ў інтэрвію Радыё Свабода ён казаў: «Сваю невідушчасьць я не лічу праблемай, якая ставіць крыж на маім жыцьці. У мяне шмат мараў, але я дакладна ня ведаю сваіх пэрспэктываў».

Валянціну 21 год, сярэднюю адукацыю ён атрымаў у спэцшколе для дзяцей з парушэньнямі зроку. А сёлета Валянцін скончыў Гарадзенскі музычны каледж па клясе баяну — дарэчы, з выдатнымі адзнакамі. 26 чэрвеня на выпускным у каледжы яму ўручаць чырвоны дыплём.

Валянцін займаўся на так званай бюджэтнай форме навучаньня, таму яго павінны былі разьмеркаваць, то бок уладкаваць на працу. Але ў Горадні па ягонай спэцыяльнасьці вакансіяў няма, а пераяжджаць або штодня езьдзіць на працу ў іншую мясцовасьць невідушчаму юнаку даволі складана. І Валянцін мусіў пагадзіцца на так званы «свабодны дыплём».

На адміністрацыю каледжа Валянцін ня мае крыўды, бо сапраўды ў Горадні няма вольных месцаў выкладчыкаў па клясе баяну. Нікога з выпускнікоў у абласны цэнтар не разьмеркавалі. Ён кажа, што тэарэтычна, вядома, маглі разьмеркаваць у спэцшколу для дзетак з парушэньнямі зроку, якую ён скончыў. Але цяпер там, як выказаўся Валянцін, «нестабільнае становішча»:

«І пра гэта варта зрабіць рэпартаж. Бо над музычным выхаваньнем там вісіць, так бы мовіць, „дамоклаў меч“. Кожны год пагражаюць, што музыку прыкрыюць, хоць музычнае выхаваньне — адзін з найважнейшых складнікаў рэабілітацыі невідушчых. У дзяцей, якія добра сьпяваюць ці граюць на музычных інструмэнтах, ёсьць магчымасьць выяжджаць на канцэрты ў сталіцу і нават за мяжу. Калі ня будзе музыкі — такіх магчымасьцяў ня будзе».

Кожны год пагражаюць, што музыку прыкрыюць, хоць музычнае выхаваньне — адзін з найважнейшых складнікаў рэабілітацыі невідушчых

Ня маючы гарантыі працаўладкаваньня ў роднай Горадні, Валянцін Станкевіч вырашыў паступаць на аддзяленьне опэрных сьпеваў Расейскай дзяржаўнай спэцыялізаванай акадэміі мастацтваў. Гэта вышэйшая навучальная ўстанова для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Навучаньне бясплатнае, студэнтаў забясьпечваюць інтэрнатам, стыпэндыяй. Але конкурс даволі сур’ёзны. З 8 па 17 ліпеня трэба здаваць спэцыяльнасьць — дзьве клясычныя арыі, раманс і народную песьню, а таксама сальфэджыё, тэорыю музыкі і расейскую літаратуру:

«Трошачкі пабойваюся расейскай літаратуры, бо ня так шмат яе чытаў і ня вельмі добра ставіўся да яе на ўроках у школе, хоць маю 10 балаў у школе і 9 — у каледжы. Але гэта толькі за кошт веданьня вершаў. Я шмат сьпяваў, калі вершы былі ўжо пакладзеныя на музыку».

Валянцін рыхтуе арыю Ленскага з опэры Чайкоўскага «Яўген Анегін», арыю Леўка з опэры «Майская ноч» Рымскага-Корсакава. Што да народнай музыкі, юнак вагаецца паміж «Саўкам і Грышкам» ды «Чаму ж мне ня пець».

На пытаньне, ці ня крыўдна, што давядзецца атрымліваць адукацыю ў Расеі, бо ў Беларусі няма спэцыялізаваных вучэльняў для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, Валянцін адказаў так:

«Трэба ўлічваць, што нас, невідушчых, ня так шмат, яшчэ менш з нас навучаецца музыцы, а яшчэ менш паступаюць вучыцца далей. Дзякуй Богу, што ёсьць магчымасьць паступаць у Расею. Да таго ж Расея — не такая чужая для нас краіна. Для мяне тым больш — я нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу».

Ці ёсьць у Беларусі вядомыя артысты сярод невідушчых, як, да прыкладу, у Расеі — Дыяна Гурцкая?

«Такіх раскручаных, напэўна, не магу назваць. Хіба што Аляксей Крэчат. Але таленавітых шмат. Да прыкладу, Натальля Папко, якая працуе на менскім прадпрыемстве „Сьвятлопрыбор“, сьпявае ва ўкраінскім хоры, сольна выступае. Зусім нядаўна яна выступала на фэстывалі нацыянальных культур у Горадні».

Апрача музыкі, Станкевіч захапляецца гісторыяй, мовамі, літаратурай, кампутарнымі праграмамі. Сучасныя тэхналёгіі даюць магчымасьць невідушчаму карыстацца кампутарам, і Валянцін іх асвоіў. Ён вельмі шкадуе, што праграмы для невідушчых няма сэнсу перакладаць на беларускую мову. Прычына ў тым, што няма чым гэта чытаць — няма сынтэзатараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG