Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: «Успаміны пра турму я буду пісаць на волі, а ў турме пісаў пра волю» (ФОТА, ВІДЭА)

абноўлена

Бяляцкі: Месяц і адзін дзень — на волі і ніводнага радка не напісаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:13 0:00
Наўпроставы лінк

Бяляцкі: Месяц і адзін дзень — на волі і ніводнага радка не напісаў

У Менску прэзэнтавалі кнігу Алеся Бяляцкага «Іртутнае срэбра жыцьця. Нататкі правабаронцы».

На прэзэнтацыі сярод іншых прысутнічалі колішнія палітвязьні, грамадзкія дзеячы й літаратары Ўладімер Някляеў, Павал Севярынец і Зьміцер Дашкевіч.

Пасьля зьняволеньняў за Плошчу-2010 Някляеў напісаў «Лісты да Волі» , Севярынец — «Беларускую глыбіню», а Дашкевіч — «Чарвяка».

Алясь Бяляцкі прызнаўся: ён узрушаны, бо за тыя гады, пакуль быў за кратамі, іншыя палітвязьні напісалі выдатныя кнігі.

Бяляцкі пажартаваў, што трэба пасадзіць увесь Саюз пісьменьнікаў, каб у беларускай літаратуры зьявіліся новыя цікавыя творы.

У аснову кнігі «Іртутнае срэбра жыцьця. Нататкі правабаронцы» пакладзеныя лісты, якія праваабаронца дасылаў на волю сваім сябрам і калегам.

Бяляцкі апісвае ня ўласныя турэмныя прыгоды, а тыя падзеі, якія папарэднічалі ягонаму арышту.

Кніга падзеленыя на тры часткі:

  • эсэ Алеся Бяляцкага;
  • «Сустрэчы салідарнасьці» — апісаньні паездак аўтара ў якасьці віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека;
  • апошняе слова праваабаронцы ў судзе.

Рэдактары і ўкладальнікі кнігі Алена Лапцёнак і Ірына Пракопчык распавялі, што праца над ёй адбывалася дыстанцыйна і ў рэжыме ліставаньня.

Аўтару і ўкладальніцам даводзілася абыходзіць турэмную цэнзуру. Бяляцкі нават згадаў, як цэнзары вярталі яму лісты і як ён перапісваў тэксты.

Успаміны пра турму я буду пісаць на волі, а ў турме пісаў пра волю

«Успаміны пра турму я буду пісаць на волі, а ў турме пісаў пра волю, пра апошнія паўгоду свайго вольнага жыцьця. Кніжка цалкам рабілася безь мяне, і яна зьяўляецца такім калектыўным дзіцём. Некалькі чалавек расшыфроўвалі мае лісты, бо маю паганы почырк, таксама была асобная эпапэя з выданьнем кніжкі: яна крыху затрымалася. І вось я выйшаў нечакана перад самай прэзэнтацыяй, якая плянавалася безь мяне, таму тут усё вельмі жыва. І сама назва кніжкі „Іртутнае срэбра жыцьця“, мабыць, перадае і небясьпеку, і прыцягальнасьць, і жывасьць нашага жыцьця, якое зьмяняецца кожную хвіліну», — заявіў Бяляцкі ў інтэрвію Радыё Свабода.

На заднім фарзацы кнігі «Іртутнае срэбра жыцьця. Нататкі правабаронцы» напісана, што на момант яе выхаду аўтар адбывае пакараньне ў бабруйскай папраўчай калёніі.

Алесь Бяляцкі выйшаў на волю 21 чэрвеня 2014 году

Даведка Радыё Свабода — Алесь Бяляцкі

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 году турмы ў лістападзе 2011-га. Яго пакаралі за нясплату падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічылі Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным.

У 2012 і 2013 гадах Алесь Бяляцкі быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію міру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG