Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас выступу Бяляцкага паступіў званок пра замінаваньне памяшканьня


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

У апошні дзень свайго візыту ў польскую сталіцу кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі браў удзел у міжнароднай канфэрэнцыі, падчас якой распавядаў пра становішча праваабаронцаў у Беларусі.

І раптам падчас яго выступу паступіў званок пра замінаваньне памяшканьня, у якім праходзіла мерапрыемства. Пра гэта Алесь Бяляцкі паведаміў пасьля здарэньня, піша сайт Вясны.

Варшаўская Ўсходне-Эўрапейская канфэрэнцыя, на якую быў запрошаны беларускі праваабаронца, праходзіць 12 ліпеня ў Варшаўскім унівэрсытэце. На гэтым штогадовым міжнародным форуме, арганізатарам якога зьяўляецца Цэнтар дасьледаваньняў Усходняй Эўропы пры ўнывэрсытэце, выступаюць вядомыя палітыкі і экспэрты з усяго сьвету. Тэмай канфэрэнцыі сёлета стала трансфармацыя Польшчы і рэгіёну пасьля 1989 года. Выступ Алеся Бяляцкага быў прысьвечаны становішчу праваабарончых арганізацыяў у Беларусі.

«Гэты званок пра замінаваньне быў падчас майго выступу. Прыехалі сапёры з сабакамі, нас выгналі з залі, але бомбу не знайшлі. Затым усе ўдзельнікі мерапрыемства вярнуліся на свае месцы і я працягнуў свой выступ», — распавёў праваабаронца.

Алесь Бяляцкі ў Брусэлі
Алесь Бяляцкі ў Брусэлі

Нагадаем, першы пасьля вызваленьня візыт Алеся Бяляцкага ў Польшчу праходзіць зь 9 па 12 ліпеня. Цягам гэтых дзён у насычаным графіку праваабаронцы адбыўся шэраг афіцыйных сустрэчаў — зь міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім, з кіраўніком Канцылярыі Прэзыдэнта Польшчы Яцэкам Міхалоўскім, з дэпутатамі парлямэнцкай камісіі па зьнешніх пытаньнях польскага Сэйму. Таксама праваабаронца сустракаўся з прадстаўнікамі польскіх і беларускіх НДА і польскімі журналістамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG