Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Берасьцейшчыне і Гарадзеншчыне цэны на мяса загадалі «адкруціць назад»


Belarus - not so merry pictures prices meat food, 12June2014
Belarus - not so merry pictures prices meat food, 12June2014

Міністэрства эканомікі Беларусі загадала Берасьцейскаму і Гарадзенскаму аблвыканкамам зьменшыць закупную цану сьвініны і, адпаведна, кошты сьвініны ў крамах.

Берасьцейская вобласьць — традыцыйна на апошнім месцы па ўзроўні сярэдняга заробку ў Беларусі. Аднак некаторыя цэны на прадукты тут нават вышэйшыя, чым у іншых рэгіёнах. Асаблівай недаступнасьцю, кажуць жыхары Берасьцейшчыны, цяпер адзначаецца мясная прадукцыя. Сьвініну па 100-130 тысяч за кіляграм далёка ня кожны можа сабе дазволіць:

«Я купляю то курыцу, то тое, то сёе... Я як маці двух дзяцей, і ў мяне ня самы благі муж, — я толькі чула, што мяса ўжо 100 тысяч і больш... Каб чалавек ня мог яго купіць, а толькі прыходзіў падзівіцца...»

«Недахоп ужо мяса стаў. А калі недахоп мяса, то ўзьвінчваюцца і цэны. Усё толькі ў гэтым... У якім кірунку эканоміка, у такім і ўсе цэны».

Яшчэ на пачатку 2014 году сьвініна прадавалася па 65–70 тысяч, цяпер жа падаражэла амаль у два разы.

Міністэрства эканомікі загадала Берасьцейскаму аблвыканкаму зьнізіць закупныя цэны на мяса. Адпаведна мусіць зьменшыцца і цана продажу мяса ў крамах. Паводле інфармацыі Міністэрства эканомікі, Берасьцейскі аблвыканкам на пачатку году прыняў адпаведныя акты аб павелічэньні закупных цэнаў на мяса. На загад Мінэканомікі аблвыканкам павінен зараз гэтыя акты адмяніць.

Гандаль мясам на берасьцейскім рынку, архіўнае фота
Гандаль мясам на берасьцейскім рынку, архіўнае фота

Ва ўправах сельскай гаспадаркі і гандлю Берасьцейскага аблвыканкаму адмовіліся камэнтаваць гэты загад і прагназаваць, наколькі могуць зьменшыцца цэны на сьвініну ў крамах, і ці ўвогуле яны зьменшацца.

У прыватнасьці намесьнік начальніка камітэту па сельскай гаспадарцы аблвыканкаму Сяргей Карпенка сказаў:

«Я не магу зрабіць такія высновы, у нас ёсьць упраўленьне гандлю, якое каардынуе непасрэдна падначаленых арганізацыі і ў цэлым гандлю. Можа б да месца было б задаць гэтае пытаньне службе, якая займаецца гэтым пытаньнем...»

Намесьнік начальніка ўпраўленьня гандлю аблвыканкаму Валерый Мацкевіч таксама сказаў, што гэта ня ў іх кампэтэнцыі.

Фэрмэр зь Бярозы Аляксандар Аліхвер у інтэрвію Свабодзе выказаў думку, што гэтае плянавае зьмяншэньне цэнаў — папулісцкі крок:

Проста спачатку заціснуць гайкі да такой ступені, каб дыхаць немагчыма было. А потым другія асобы гэтыя гайкі адпусьцяць і скажуць: а як гэта атрымалася так, што мой народ пацярпеў?

«Гэта звычайная паказуха. І без каманды зьверху ніхто б не зрабіў гэтай паказухі. Проста спачатку заціснуць гайкі да такой ступені, каб дыхаць немагчыма было. А потым другія асобы гэтыя гайкі адпусьцяць і скажуць: а як гэта атрымалася так, што мой народ пацярпеў?.. Трэба, маўляў, майму народу даць паслабленьне. А народ потым хваліць будзе, што дзякуй Богу, што ў нас такія людзі ёсьць, якія часам даюць нам хлеб з малаком паесьці...»

Спадар Аліхвер сумняецца, ці стане мяса на паліцах крамаў Берасьцейшчыны адчувальна таньнейшым.

Фэрмэр кажа, што пэўны ўплыў на падаражэньне сьвініны зрабілі меры дзяржавы па барацьбе з афрыканскай чумой сьвіней, калі ў прыватных падворках Берасьцейшчыны перабілі тысячы галоў. Аляксандар Аліхвер таксама на распараджэньне ўладаў быў вымушаны забіць не адну сотню ўласных сьвіней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG