Вытворцы малака з Магілёўскай вобласьці атрымалі права самастойна вызначацца з цаной і пакупнікамі сваёй прадукцыі. Экспэрымэнт пачнецца праз тыдзень, а дазвол на яго даў 7 ліпеня асабіста Аляксандар Лукашэнка, наведваючы сыраробны завод у Бялынічах. Такім чынам, у Беларусі можа парушыцца завядзёнка, паводле якой існуе неафіцыйная забарона на продаж пэўнай прадукцыі рэгіёну за ягонымі тэрытарыяльнымі межамі. Аднак некаторыя экспэрты лічаць, што далей за заяву гэтая справа ня пойдзе.
Аляксандар Лукашэнка сёньня наведаў сыраробны завод у Бялынічах. Гэтае прадпрыемства ўваходзіць у структуру холдынгу «Бабушкіна крынка». Дырэктар холдынгу Ігар Кананчук паскардзіўся: кампанія б хацела пашыраць сваю зону малочных закупаў на тэрыторыі вобласьці, аднак гэтаму перашкаджаюць мясцовыя абмежаваньні.
Лукашэнка прарэагаваў на скаргу так:
«Давайце дамовімся: праз тыдзень у Магілёўскай вобласьці ў якасьці экспэрымэнту ўводзіцца свабоднае цэнаўтварэньне і доступ спажыўца малака да вытворцы. Пераможаш ты — значыць, усё тваё малако ў Магілёўскай вобласьці. І ніхто нас не папракне. Мы свабодна далі ўзяць зону сыравіны».
«Магілёўская вобласьць была і застаецца зонай сьмелых экспэрымэнтаў», — адзначае эканаміст Міхась Залескі:
«І гэта чарговы сьмелы экспэрымэнт на жывым чалавеку. Таму што такія рэчы раптам ня ўводзяцца. Скажам, брытанцы, калі стваралі сваю раду па малацэ, дык у іх была праграма на 50 гадоў — з 1934 па 1984. Я перакладаў кнігу з ангельскай мовы пра гэтую раду, і таму добра ведаю гэтую тэму. І яны выконвалі сваю праграму, нягледзячы на войны, пэртурбацыі ды ўсё астатняе.
А тут — шарах, бабах! Нейкія „10 дзён, якія ператрэсьлі сьвет“. Так рабіць нельга.
Хоць ідэя вольнага цэнаўтварэньня панавала за царскім часам. І ўсё працавала добра. Было шмат пасярэднікаў. І беларускія малочныя прадукты таксама даходзілі да глябальнага рынку».
«Усе 20 гадоў ад прыходу Лукашэнкі да ўлады мы бачым так званую рэгіянальную местачковасьць, калі кіраўнік нейкай тэрыторыі не дазваляе прадаваць аграрную прадукцыю (найперш, малако і мяса) за межы тэрыторыі», — тлумачыць экспэрт у галіне аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук:
«Гэта моцна дэфармавала рынкавыя адносіны. Можна нават сказаць, што зусім не давала іх фармаваць. Я сам нямала змагаўся з гэтай праблемай і добра яе ведаю.
Але гэтая дзікунская камандна-адміністратыўная сыстэма захавалася да гэтай пары. Даўным-даўно трэба было даць магчымасьць малочным заводам і мясакамбінатам, якія перарабляюць сельскагаспадарчую прадукцыю, купляць яе па цане, якую лічаць мэтазгоднай. Гэта было б на карысьць усім. Бо тое, што мы маем сёньня — напрыклад, сьвініна амаль утрая даражэйшая, чым у Польшчы, і значна даражэйшая, чым у Літве, — гэтым мы ў значнай ступені абавязаныя той сытуацыі, калі кожны раён і вобласьць становяць самастойную тэрытарыяльную сыстэму з забаронай прадаваць на іншую тэрыторыю».
Пытаюся ў спадара Ярашука, колькі часу спатрэбіцца на абяцаны экспэрымэнт. Мой суразмоўца лічыць — экспэрымэнту ня будзе:
«Я скептычна стаўлюся да магчымасьці правядзеньня гэтага экспэрымэнту. Ён поўнасьцю ламае камандна-адміністратыўную сыстэму кіраваньня. Але ад яе ніхто яшчэ ў Беларусі не адмаўляўся і не адмаўляецца. Бо на ёй грнутуецца і трымаецца ня толькі эканамічная, але і палітычная сыстэма нашай краіны.
Заявы могуць гучаць. Але, з майго пункту гледжаньня, беларуская ўлада зусім не гатовая сячы сук, на якім яна зручна ўмасьцілася і існуе ўжо дваццаць гадоў».