Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярашук: «Сьвініна ў крамы вернецца, а былыя цэны на яе — не»


Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук
Экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі Аляксандар Ярашук моцна зьдзіўлены пагрозай увядзеньня ў аграрным комплексе ваеннага становішча:

«Нармальныя беларусы людзі. У тым ліку і тыя, хто жыве ў вёсках. Вось толькі лёс у іх незайздросны. Як забралі ў іх зямлю пад калгасы, так з таго часу яны і боўтаюцца. А што тычыцца апошніх 20 гадоў, то гэтае ненармальнае становішча, мабыць, дасягнула свайго найвышэйшага пункту. Адміністратыўна-камандная сыстэма давяла людзей да таго, што ў іх няма эканамічнай зацікаўленасьці.

Я часта згадваю ўжо нябожчыка, славутага нашага аграрыя Васіля Старавойтава. У чэрвені 1991 году мы сядзелі побач на зьезьдзе Сялянскага саюзу тагачаснага СССР. І тады ён сказаў свае, мабыць, самыя знакамітыя словы: „Няма той сілы, якая б прымусіла калгасьніка працаваць эфэктыўна“.

Вось і ўсё тлумачэньне. А ў нас як былі гэтыя савецкія падыходы да сельскай гаспадаркі, так і застануцца».

Аляксандар Ярашук асобна спыніўся на дэфіцыце сьвініны:

«Сытуацыю са зьнікненьнем сьвініны ўлады сьпісваюць на афрыканскую чуму. Але ж яны самі прыклалі да гэтага руку. Чума была ў Беларусі ўжо тры гады. Аднак улады гэтага не прызнавалі. А як зь ёй змагаліся? Мэтадамі, якія характэрныя выключна для адміністратыўна-каманднай сыстэмы.

Дарэчы, афрыканская чума сёньня ёсьць і ў нашых суседзяў — у Літве, у Расеі. Але ж там цэны так не падскочылі, як у нас. Таму я думаю, што не чума тут вінаватая, а дзяржаўная аграрная палітыка.
Летась прыпіскі збожжа склалі дзесьці працэнтаў 20. Чым тады карміць сьвіней? Паперай?! Вось і парэзалі парсючкоў…

Летась прыпіскі збожжа склалі дзесьці працэнтаў 20. Чым тады карміць сьвіней? Паперай?! Вось і парэзалі парсючкоў, не дарасьціўшы іх да сапраўдных кабаноў. А цяпер скардзімся — сьвініны няма.

Да 1 студзеня аграрыі нешта адновяць. Бо сьвінагадоўля насамрэч скарасьпелая галіна. Але сельская гаспадарка, аграпрамысловы комплекс ператварыліся ў пэрманэнтную праблему. У тым ліку цяпер і для звычайных грамадзян. Можаце быць упэўненымі — цэны на сьвініну і пасьля 1 студзеня назад ня вернуцца. Дзякуй Богу, калі яны ня будуць падрастаць і надалей.

У нас і так начальства грошы ня лічыць. А калі праблему рашаць штурмам, да 1 студзеня, то тым больш лічыць ня будуць. Значыць, яшчэ болей грошай пойдзе ў сьвінагадоўлю. У выніку і сьвініна, і іншыя прадукты харчаваньня стануць па цане яшчэ больш недасягальнымі для насельніцтва».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG