Віцебскі лекар Ігар Пасноў, вядомы сваімі шматлікімі выступамі ў інтэрнэце з крытыкай мясцовых уладаў і стану мэдычных установаў Віцебшчыны, падаў заяўку на пікет. Ягоная аднаасобная акцыя прысьвечана 60-годзьдзю Аляксандра Лукашэнкі.
Заяўка на пікет пададзена ў Адміністрацыю Кастрычніцкага раёна Віцебска. Ігар Пасноў тлумачыць, што ён выйдзе з плякатам, дзе напіша «Дзякуй, Бацька, за жыцьцё шчасьлівае наша!» Арганізатар мяркуе правесьці пікет 30 жніўня, у дзень народзінаў Аляксандра Лукашэнкі, або ў бліжэйшы выходны пасьля гэтай даты.
Месца правядзеньня акцыі — Парк культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі, гэтае месца афіцыйна вызначана для правядзеньня масавых акцый. Але ў тым выпадку, калі дазвол на імпрэзу атрымаць ня ўдасца, Ігар Пасноў усё адно гатовы яе правесьці — у нейкім іншым месцы. А потым выкласьці здымкі і відэазапіс з акцыі ў інтэрнэт.