Пад заявай падпісаліся больш за 50 вядомых у Беларусі асобаў, сярод якіх Уладзімер Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Радзім Гарэцкі, Павал Севярынец, Аляксандар Мілінкевіч, Алег Трусаў, Алена Макоўская, Уладзімер Колас.
Алена Глагоўская атрымала ад дэкана філялягічнага факультэту папярэджаньне, што яе дамова на працу ў Беластоцкім унівэрсытэце, якая сканчаецца 30 верасьня гэтага году, ня будзе працягнутая.
«Мы заўсёды з удзячнасьцю глядзелі на Польшчу як на краіну, дзе шануюць і падтрымліваюць беларускую культуру і беларускую тоеснасьць. Яшчэ ў савецкія часы, калі ў Беларусі адбываўся працэс вынішчэньня беларускай мовы, гістарычнай памяці, нацыянальна-культурных традыцый, у Польшчы працавала Беларускае грамадзка-культурнае таварыства, выдавалася літаратура на беларускай мове, працавалі беларускія школы і ліцэі, катэдры беларусістыкі ў Варшаўскім і Беластоцкім унівэрсытэтах, ладзіліся шматлікія культурныя мерапрыемствы з удзелам беларусаў. Неабходнасьць такой падтрымкі ў сёньняшніх умовах ня меншая, а, бадай, яшчэ большая, чым гэта было ў савецкія часы», — гаворыцца ў заяве.
Дзякуючы намаганьням доктара Глагоўскай існуе Таварыства беларускай культуры ў Гданьску, у гэтым горадзе быў усталяваны помнік Янку Купалу, а адна з вуліц у Гдыні названая ў гонар Янкі Брыля. Яна аўтар шматлікіх навуковых прац і дасьледаваньняў пра выбітных дзеячаў беларускай і польскай культур.
«Апошнім часам мы робімся сьведкамі звальненьня зь беларускіх унівэрсытэтаў выкладчыкаў, якія прытрымліваюцца аб’ектыўных і прынцыповых поглядаў у галіне гісторыі і грамадазнаўства. Менавіта таму для нас вельмі важна, каб такія выкладчыкі мелі магчымасьць працаваць на беларуска-польскім памежжы, у Беластоцкім унівэрсытэце. Звальненьне доктара Алены Глагоўскай зь Беластоцкага ўнівэрсытэту, безумоўна, будзе азначаць вялікую страту для нашай справы і для ўсіх нас», — адзначаецца ў заяве.