На Берасьцейшчыне найбольш масава падтрымалі страйк прадпрымальнікі Баранавічаў. Ралеты рынкаў «Цэнтральнага» і «Палескага» зачыненыя. А 10-й гадзіне каля дзьвюх соцень гандляроў сабраліся на Цэнтральным рынку.
Сытуацыю камэнтуе прадпрымальнік Мікола Чарнавус:
«Лёсам прадпрымальнікаў ніхто не жадае цікавіцца. Прэзыдэнт сказаў, што яны „вашывыя блохі“, і вось ужо гадоў шэсьць гэта ўсё падтрымліваецца чыноўнікамі. Увялі гэты ўказ 222-гі, які для прадпрымальніка — магіла...»
«Я кармлю рынак, я кармлю сям’ю, я кармлю горад, я кармлю дзяржаву... У мяне гэтая кропка — 8 мільёнаў расходаў... Гэта мне адпрацаваць трэба — у мяне валасы дыбарам стаяць, ночы ня сплю... Няхай мяне ня душаць, хай мне спакойна дадуць працаваць. Я кармлю сям’ю, ня сплю начамі і думаю, каб мой бізнэс не скаціўся. У мяне муж — інвалід другой групы ляжачы...», — абураецца гандлярка.
З Цэнтральнага рынку прадпрымальнікі рушылі да гарвыканкаму, каб выказаць свае прэтэнзіі мясцовым уладам. Каля 300 прадпрымальнікаў правялі сход у залі пасяджэньняў гарвыканкаму. Міліцыянт прасіў іх «пакінуць памяшканьне», але яго ніхто не паслухаў і ён пакінуў залю сам.
Чыноўнікі, зрэшты, так і ня выйшлі да прадпрымальнікаў. Бізнэсоўцы на сходзе падтрымалі рэзалюцыю, прынятую напярэдадні на форуме прадпрымальнікаў у Менску.
2 ліпеня баранавіцкія гандляры зьбяруцца на рынку, каб падпісаць гэтую рэзалюцыю. Група прадпрымальнікаў павязе яе ў адміністрацыю прэзыдэнта. Астатнія мяркуюць ісьці ў цэнтар занятасьці рэгістравацца як беспрацоўныя.