Прадпрымальнікі спынілі працу, але ці надоўга — сказаць ня могуць. Пакуль яны чакаюць адказу на свой ліст да Аляксандра Лукашэнкі, адпраўлены ў ягоную адміністрацыю яшчэ 6 чэрвеня, пасьля папераджальнага спыненьня працы. Сёньня накіравалі туды ж новы ліст — з просьбай як найхутчэй вырашыць праблемы, якія замінаюць прадпрымальніцкай дзейнасьці.
Пра свой намер спыніць працу з 1 ліпеня віцебскія прадпрымальнікі заяўлялі яшчэ 25 дзён таму: 5 чэрвеня каля 60% гандляроў ня выйшлі на працу, спрабуючы прыцягнуць увагу да сваіх праблемаў.
Сёньня спыніла працу значна большая колькасьць людзей: тыя кірмашы, дзе прадпрымальнікі ініцыявалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі і папераджальны страйк, не працуюць зусім. На Полацкім кірмашы, напрыклад, вырашыла працягваць працу ўсяго адна жанчына. Калегі, убачыўшы гэта, патэлефанавалі ў падатковую інспэкцыю. Гэтая структура патрабуе пераўліку рэшткаў тавару, прывезеных яшчэ да ўвядзеньня ў дзеяньне ўказу аб абавязковай сэртыфікацыі. Прыехала праверка, знайшла парушэньні — чаго і варта было чакаць, кажа спадарыня Ларыса:
«У нас ніхто не працаваў, адна жанчына выйшла, і мы патэлефанавалі ў падатковую. У яе нічога не было аформлена, але яна казала, што нічога не баіцца. Ну, на табе праверку! Пачалі ўсё пералічваць, забралі тавар на двух мікрааўтобусах, аж да канфіскацыі! Але самае цікавае: падатковая прыехала, але ня ведае, што з намі рабіць. Ніхто ня ведае, што з намі рабіць».
Прадпрымальнікі з Полацкага кірмашу ня лічаць, што яны кагосьці «здалі»: кажуць, што цяпер для кожнага будзе наглядны прыклад, як проста можна страціць тавар, у які ўкладзены грошы. Дастаткова, каб толькі прыехала праверка.
Здавалася б, самая вострая праблема днямі вырашылася: гандляваць рэшткамі тавару, на які няма сэртыфікатаў якасьці, было дазволена толькі да 1 ліпеня, але гэты тэрмін працягнуты да сакавіка наступнага году. Падатковая інспэкцыя патрабуе скласьці поўныя сьпісы з улікам кожнай адзінкі тавару. І на Смаленскім кірмашы гандляркі якраз гэтым і займаюцца, тлумачыць Аксана, якая гандлюе жаночым адзеньнем:
«Перапісваем рэшткі. Сьпіс рэшткаў патрабуе падатковая. Потым будуць правяраць: раптам мы нешта кантрабандай завезьлі? Гэта ж тыдзень пісаць трэба — зірніце, што ў маім ралеце робіцца! Ні канца ні краю. Нам жа ўвялі і абавязковую сэртыфікацыю, і набыцьцё тавару толькі па накладных, проста так у Маскву па тавар на аўтобусе ўжо ня зьезьдзіш. Таму сёньня кірмашы не працуюць. І невядома, калькі яшчэ ня будуць працаваць».
Але дакумэнты, якіх патрабуе падатковая, не патрэбныя ніякім іншым структурам — ні Цэнтру гігіены і стандартызацыі, ні аддзелу барацьбы з эканамічнымі правапарушэньнямі, які правярае, адкуль і якім чынам завезены тавар. Бо з паездак, арганізаваных турыстычнымі фірмамі, прывозіць рэчы на продаж цяпер нельга.
Таму на знак пратэсту на зачыненых ралетах вісяць аб’явы «Адпачынак з 1 па 31 ліпеня». Або «Пераўлік». Такія абвесткі можна сустрэць і на Смаленскім кірмашы, і ў гандлёвым цэнтры «Эвіком». Наўпрост пра прычыну, якая вымусіла спыніць працу, прадпрымальнікі ня пішуць.Але віцебская міліцыя гатовая да таго, што будуць нейкія пратэстныя хваляваньні: каля кожнага кірмашу дзяжурыць машына з амапаўцамі.
Спынілі працу амаль што ўсе кірмашы, за выключэньнем хіба толькі гандлёвага цэнтру «Беларусь». Затое, як у Віцебску, не працуюць кірмашы ў Слуцку, Лепелі, Воршы, апавяла Ірына Яскевіч, каардынатарка аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам». Яна мяркуе, што прадпрымальнікам варта не выходзіць на працу якіх дзён 10, а за той час павінен прыйсьці адказ з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
У лісьце да яго было тры пытаньні: пра рэшткі тавару — гэтае пытаньне ўжо вырашылася. Яшчэ — пра прызнаньне сэртыфікатаў дзяржаў Мытнага саюзу, калі тавар завозіцца адтуль, і пра падаткі, якія сталі непад’ёмным цяжарам для прадпрымальнікаў.
Адказу дагэтуль няма, і таму сёньня прадпрымальнікі сабралі подпісы пад яшчэ адным калектыўным зваротам — каб іхныя пытаньні як найхутчэй былі разгледжаныя на вышэйшым узроўні і каб адказ даслалі тэрмінова.