Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальніцтва робіцца немагчымым, — Шумчанка


Belarus - small vendors protest in Vitsebsk against certification of small parties of goods, 5Jun2014
Belarus - small vendors protest in Vitsebsk against certification of small parties of goods, 5Jun2014

30 чэрвеня ў Менску адбудзецца форум «Выбар прадпрымальнікаў — цывілізаваная сучасная рынкавая эканоміка». На ім індывідуальныя прадпрымальнікі абмяркуюць наступствы прэзыдэнцкага ўказу № 222, які ўступае ў сілу 1 ліпеня.

Указ абавязвае прадпрымальнікаў мець сэртыфікаты і дакумэнты на ўсе тавары, якія будуць увозіцца імі ў Беларусь пасьля 1 ліпеня.

Гэта тычыцца першасных уліковых дакумэнтаў, якія афармляюцца на тэрыторыі іншай краіны, абавязковых рэквізытаў касавага чэка ды іншых дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць аплату тавараў. Гэтае патрабаваньне ІП лічаць невыканальным, бо яно залежыць не ад іх, а ад пастаўшчыкоў (у асноўным расейскіх), у якіх атрымаць патрэбныя дакумэнты практычна немагчыма.

Арганізатар форуму рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» лічыць, што ўказ няжыцьцяздольны, а патрабаваньне сэртыфікацыі невыканальнае. У некаторых рэгіёнах прадпрымальнікі вырашылі падаць нулявыя дэклярацыі на ліпень, на Віцебшчыне адбыўся страйк.

Як будуць дзейнічаць далей прадпрымальнікі, будзе абмеркавана на форуме, куды прыедуць прадстаўнікі з усёй Беларусі, апавёў карэспандэнту Свабоды лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка:

Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

«Асноўная мэта форуму — быць пачутымі. Каб з намі пачалі размаўляць. То бок тыя праблемныя дакумэнты, якія прынятыя адносна ІП і зьменаў умоў працы, робяць немагчымай нашу прадпрымальніцкую дзейнасьць. Таму нам трэба быць пачутымі. І спрабаваць карэктаваць пэўныя моманты, каб мы маглі нармальна і спакойна працаваць. А нас урад пакуль ня чуе».

Карэспандэнт: «Што будзе ад 1 ліпеня, калі вас не пачуюць?»

Шумчанка: «Будзе нэрвовая праца для ўсіх і адназначна будуць страты. Відавочна, што у прадпрымальнікаў будуць страты. Пытаньне толькі ў тым, калі гэта адбудзецца і ў якой гэта будзе форме».

Што тычыцца магчымых страйкаў, то арганізатары форуму не выключаюць, што такія ініцыятывы могуць быць, хаця «арганізавана ніхто нікога не заклікае страйкаваць».

Устаноўлены пераходны пэрыяд да 1 сакавіка 2015 году, падчас якога ІП могуць распрадаваць без суправаджальных дакумэнтаў рэшткі тавараў, увезеных да ўступленьня ўказа ў сілу. Аднак гэта, паводле прадпрымальнікаў, дае магчымасьць людзям папрацаваць нейкі час у звыклых умовах, але сутнасьць праблемы не вырашае.

На форуме прадпрымальнікі абмяркуюць, чаму ня змогуць працаваць паводле ўказу № 222, чаму ня змогуць выконваць тэхрэглямэнт Мытнага саюзу і што будуць рабіць, калі пачнуцца канфіскацыі тавараў і штрафы. Па выніках плянуецца прыняць рэзалюцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG