Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Менску ў Будслаў рушыла штогадовая пілігрымка


Пачалася пілігрымка ў Будслаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:39 0:00

Пачалася пілігрымка ў Будслаў

Каля трох сотняў вернікаў выправіліся ў штогадовую пешую пілігрымку зь Менску ў Будслаў. У першую суботу ліпеня там адбудзецца традыцыйны каталіцкі фэст у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай.

Пяцідзённы шлях даўжынёю 125 кілямэтраў распачаўся ад менскага катэдральнага касьцёла Найсьвяцейшай Панны Марыі. Перад пачаткам за пілігрымаў традыцыйна адправілі адмысловую імшу, якую ўзначаліў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Ён таксама асьвяціў і дабраславіў на дарогу каля трох сотняў вернікаў рознага ўзросту, якія падзяліліся сваімі адчуваньнямі на пачатку шляху:

Спадарыня: «Для мяне гэта духоўны шлях, у якім я хачу пакінуць нейкія свае цяжкасьці і адкрыць для сябе духоўны шлях, да якога неспадзявана прыйшла і хачу прайсьці яго ад сёньня».

Спадар: «Гэта мой сын, яму дванаццаць гадоў, сёлета ён упершыню ідзе ў пілігрымку».

Карэспандэнтка: «Ці не баіцеся адпускаць?»

Спадар: «Не. Не баюся, бо гэта Божая справа».

Юначка: «Гэты малады чалавек з Італіі, так што ў нас тут і замежнікі ёсьць. А яшчэ ў нас у кастрычніку вясельле, і мы ідзём, каб атрымаць духоўную падтрымку як будучая маладая сям’я».

Спадарыня: «Гэта і духоўная існасьць, бо гэта вельмі вялікая сьвятыня. Таму гэта вельмі важны шлях для нас. І адначасна я ўвесь час думаю — якая ж магутная культура ў нас у Беларусі і які магутны штуршок нам гэта можа даць для самаідэнтыфікацыі і для разуменьня сябе. І мы вельмі рады, што моладзь, а ў такіх пілігрымках у пераважнай бальшыні ідзе моладзь, што яна шукае гэты шлях да сябе, да сваёй існасьці, да радзімы, да Беларусі».

Мы вельмі рады, што моладзь шукае гэты шлях да сябе, да сваёй існасьці, да радзімы, да Беларусі

Пілігрымы рушылі ў дарогу пад знакамі сваіх парафіяў, пад сьцягамі Ватыкану і Менску, з крыжамі і малітоўнікамі ў руках. Разам зь вернікамі ў дарогу выправіліся таксама сьвятары і манахіні. Сваімі малітвамі і прамовамі ў дарозе яны дапамагаюць сьвецкім людзям напоўніць шлях духам веры, які адрозьнівае каталіцкую пілігрымку ад турыстычнай вандроўкі. Адна зь іх — сястра-законьніца зь менскага касьцёла Сьвятога Роха:

«Падчас гэтага шляху мы перажываем асабістыя духоўныя рэкалекцыі. Бог дае пакліканьне, нібыта падкрэсьлівае тыя каштоўнасьці, па якія ідзеш. Гэты досьвед вельмі ўзбагачае і завяршаецца сустрэчай з Маці Божай у Будславе».

Каталіцкі фэст у гонар Маці Божай у Будславе адбываецца з даўніх часоў, забаранялі яго толькі ў пэрыяд савецкага атэізму. Пешыя пілігрымкі зь Менску аднавіліся на пачатку 90-х гадоў, сёлетняя адбываецца 24-ты раз. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што літаральна напярэдадні абраз Маці Божай Будслаўскай быў усталяваны і асьвечаны ў Назарэце. Пешая пілігрымка зь Менску ў Будслаў — таксама важнае сьведчаньне веры, кажа арцыпастыр:

«Пілігрымка як выказваньне малітвы даўно ўжо выкарыстоўваецца ня толькі ў каталіцкім касьцёле: нават у Старым Запавеце яшчэ чытаем, што пілігрымы хадзілі ў сьвятыя месцы. І вельмі добра, што ў Беларусі ёсьць такая традыцыя, калі такія пілігрымкі адбываюцца. Гэта азначае перадусім выпрабаваць самога сябе — навярнуцца духоўна. Гэта таксама і эвангелізацыя іншых людзей — публічна паказаць нашу веру. Бо калі людзі бачаць, што маладыя людзі ідуць за Хрыстом, да сьвятога месца, то гэта змушае задумацца іншага чалавека — яны маюць сэнс жыцьця, яны ведаюць, чаго яны жывуць».

А 2 ліпеня ад менскага Чырвонага касьцёла рушыць пілігрымка на роварах. Яе таксама мае дабраславіць Тадэвуш Кандрусевіч.

Фэст у Будславе адбудзецца 4–5 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG