Апытаньне «Свабоды»: «Украіна, Грузія і Малдова ўступілі ў асацыяцыю з Эўразьвязам. Як вы да гэтага ставіцеся? Чаму гэтыя былыя савецкія рэспублікі ня хочуць ісьці шляхам Беларусі і збліжацца з Расеяй?». Адказвалі жыхары Магілёва.
Спадар: «Там вырасла пакаленьне, якое ніяк не зьвязанае з Савецкім Саюзам. Яно больш прывыкла разьлічваць на свае сілы. Нейкі рэзон у іхных дзеяньнях ёсьць. Пабачым, што ў іх атрымаецца. Можа быць гэта і апраўдана. Хацелася б ім пазычыць посьпеху».
Юнак: «Яны лічаць, што пры дапамозе Эўропы яны змогуць палепшыць сваё жыцьцё. Мне толькі шкада, што гэта ўсё адбываецца такім страшным шляхам. У Грузіі была вайна. Ва Ўкраіне вайна. Трэба і нам атрымліваць неяк свае палітычныя выгады ад Саюзу з Эўрапейскімі дзяржавамі. Не заяўляць, што Захад — гэта вораг. Трэба ўзаемадзейнічаць».
Спадар: «Ніводная краіна, якая за апошні час уступіла ў Эўразьвяз, добрага ад яго не пабачыла».
Карэспандэнт: «Дык чаму яны тады не ідуць да Расеі?»
Спадар: «Я не магу гэтага патлумачыць, бо ў мяне гэта не ўкладаецца ў галаве».
Сталая жанчына: «Я дужа рада за іх. Яны ўжо нажыліся ў нашым інтэрнаце. Ім хочацца ў асобную, камфортную з выгодамі. І боязь такая ёсьць яшчэ. Супраць любога зь іх такая вялікая краіна-монстар».
Спадар: «Як хочуць, гэтак і няхай жывуць. Гэта палітыкі ўсё вырашаюць, а не народ. Хочуць падзяліць славянскі сьвет — вось і ўсё».
Спадар: «Там дэмакратыя. Там улады выбіралі і перавыбіралі. Паглядзіце колькі там зьмянілася прэзыдэнтаў. А тут адзін правіць дваццаць гадоў. Яны робяць слушна. Расея не прыцягальныя для іх. Там карупцыя вялікая. Яна эканамічна слабая. Гэта прыдатак захаду».
Сталая жанчына: «Няпроста даецца Ўкраіне гэта аб’яднаньне. Вось там гэта вайна. Украіна, відаць, ідзе, як загадае Амэрыка. Можа, я і памыляюся, але, калі я гляджу тэлевізар — раблю такія высновы».
Спадар: «Адмоўна я да гэтага стаўлюся. Расею ўсе баяцца. Трэба было б ім спрабаваць жыць самастойна. А ня так — што нешта здарылася, дык дапамогу адразу ў Захаду прасіць».
Сталы мужчына: «Яны проста пайшлі сваім шляхам. Вырашылі пайсьці бліжэй да Эўропы. Беларусь пакуль з Расеяй, бо няма таго, што цяпер ва Ўкраіне».
Хлопец: «Ды як я да гэтага стаўлюся? Мы беларусы пакуль што дастаткова далёка ад гэтай смуты. Мы тут жывём выключна коштам Расеі. Наш прэзыдэнт усімі сіламі стараецца, там мільярд перахопіць у Расеі, там перахопіць. Зразумела, што пакуль яна нам даруе нашы даўгі — мы неяк яшчэ і жывём пакуль».