Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі славіст Томас Бэрд пра Быкава, Бродзкага і Філарэта

абноўлена

Госьць «Свабоды бяз гальштукаў» -- дасьледчык і папулярызатар беларускай літаратуры ў сьвеце Томас Бэрд, прафэсар славянскіх моваў і літаратураў Куінзскага коледжу Гарадзкога ўнівэрсытэту Нью-Ёрку, сталы аўтар і сябра рэдкалегіі штогадовага выданьня «Запісы» Беларускага інстытута мастацтва і навукі ў ЗША, адзін з заснавальнікаў і віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі беларускіх дасьледаваньняў, аўтар разьдзелу пра беларускую літаратуру ў Энцыкляпэдыі сусьветнай літаратуры ў 20-м стагодзьдзі.



Ганна Соўсь: Мы з вамі сустракаемся ў дзень, калі б выбітнаму беларускаму пісьменьніку Васілю Быкаву споўнілася б 90 гадоў. Калісьці на вашую параду Іосіф Бродзкі пачытаў творы Васіля Быкава, і быў так уражаны, што пачаў рыхтаваць ліст у Нобэлеўскі камітэт... Як вы мяркуеце, Быкаў не атрымаў Нобэлеўскую прэмію па літаратуры ў большай ступені таму, што для гэтага было прыкладзена мала намаганьняў, гэтым недастаткова займаліся?

Томас Бэрд: Мы мелі вялікі гонар працаваць разам з Іосіфам Бродзкім у Аддзеле славянскіх дасьледаваньняў і славянскай літаратуры. Мы сталі добрымі сябрамі — ён разам са мной і маёй жонкай упершыню наведаў кітайскі рэстаран, калі ён прыбыў у ЗША. Я шмат гаварыў яму пра Быкава, і ён папрасіў мяне даць нешта пачытаць. У мяне былі ўсе творы Быкава па-расейску. Іосіф чытаў іх і пасьля мы за абедам іх абмяркоўвалі. Ён быў вельмі уражаны творчасьцю Быкава і сказаў, што быў бы рад прапанаваць і падтрымаць яго кандыдатуру на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры і таму хацеў бы пазнаёміцца бліжэй зь яго творчасьцю і зразумець яе. І калі б не яго заўчасная сьмерць, ён, вядома, б гэта зрабіў.

Соўсь: А што канкрэтна гаварыў Бродзкі пра творы Быкава?

Ён прачытаў прынамсі чатыры кнігі Быкава перад тым, як памёр

Бэрд: Звычайна ён прачытваў адзін раман, і тады мы за абедам яго абмяркоўвалі. Я не памятаю ўжо, які. Ён быў уражаны шчырасьцю, мужнасьцю, болем, якія ён адчуваў у кнізе. Але перадусім ён гаварыў пра сумленьне, пра тое, што Быкаў — сумленьне нацыі, які апісваў балючую рэальнасьць так, што яна адгукалася ў чалавечых сэрцах, нягледзячы на наступствы. Сумленьне і мужнасьць — гэтыя словы Бродзкі паўтараў зноў і зноў. Ён прачытаў прынамсі чатыры кнігі Быкава перад тым, як памёр.

Соўсь: Вы арганізоўвалі яшчэ ў 80-я гады сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі ў ЗША — з Барадуліным, Бураўкіным, Адамчыкам, Адамовічам. На вашую думку, чым вылучаліся беларускія творцы сярод прадстаўнікоў іншых славянскіх літаратураў?

Бэрд: Найперш — гэта высокая ацэнка багацьця іх нацыянальнага духу і беларускай гісторыі. Гэта адчувалася ва ўсім, што яны пісалі. Любоў да прыроды, любоў да сумленнасьці. Яны так часта гаварылі пра цяжкасьць і ў той жа час неабходнасьць быць сумленным у грамадзтве, якое не было сумленным. Я запрашаў беларускіх пісьменьнікаў, якія былі ў складзе беларускіх дэлегацый на штогадовых восеньскіх пасяджэньнях Генэральнай асамблеі ААН. Яны прыходзілі да мяне ў Гарадзкі Ўнівэрсытэт Нью-Ёрку. Яны бывалі вельмі шчырымі, вельмі адважнымі нават у прысутнасьці наглядчыкаў — «нянек» зь беларускай дэлегацыі, якія слухалі кожнае слова і часам самі спрабавалі сказаць пару словаў па-беларуску, што ім не ўдавалася, і зь іх сьмяялася ўся аўдыторыя. Мяне краналі тэмы нацыянальнага духу, гонару, сумленьня, адвагі, прыстойнасьці ў немагчымых сытуацыях. Мы мелі шэраг выставаў ва Ўнівэрсытэце, прысьвечаных Скарыну, Багдановічу некаторым іншым беларускім творцам, іншым беларускім датам. Я нейкі час чытаў аглядны курс пра беларускіх пісьменьнікаў для невялікай групы. Гэта спрыяла росту ўсьведамленьня, і канцлер унівэрсытэту запрасіў групу настаўнікаў з Беларусі, і некалькі гадоў у нас працавала праграма абмену. Беларускія настаўнікі езьдзілі ў амэрыканскія сярэднія школы, а амэрыканскія — у беларускія. Так што мы мелі кароткі «залаты век» у канцы ХХ стагодзьдзя — беларускія факты, людзі, паэзія, гутаркі.

Соўсь: Вядомая гісторыя напачатку 80-х гадоў, калі вы запыталіся мітрапаліта Філарэта, калі ён быў у ЗША, пра тое, чаму ў праваслаўнай царкве не гавораць па-беларуску... Не маглі б вы прыгадаць гэтую гісторыю і ягоны адказ, а таксама, на вашую думку, якая эвалюцыя адбылася з таго часу і з ўладыкам Філарэтам і з сытуацыяй з беларускай мовай у праваслаўнай царкве?

Ён прайшоў доўгі шлях і стаў прыхільнікам беларусізацыі ў жыцьці царквы

Бэрд: У мяне ўрэшце склалася адчуваньне, што Філарэт вырас у добрага пастара. Калі я рабіў інтэрвію зь ім, я сказаў яму: «Уладыка, праваслаўная царква ганарыцца тым, што мае літургію зразумелую людзям — Боская літургія служыцца на мове людзей. Ці можна спадзявацца, што беларуская мова стане мовай набажэнстваў? Ён сказаў: «Беларуская мова? Я ня ведаю такой мовы?» Ён вырас з таго часу да такой ступені, што ў сэмінарыі цяпер ёсьць два патокі, і студэнты могуць навучацца або па-беларуску або па-расейскай мову. У сваім росьце ён дайшоў нават да таго, што публікаваў свае пастарскія пасланьні па-беларуску. Ён замовіў напісаньне абразу Ўсіх беларускіх сьвятых — я бачыў яго ў ягонай прыватнай капліцы ў Менску. Я быў сьведкам таго, як ён увёў сьвята Ўсіх беларускіх сьвятых у літургічны каляндар Маскоўскага патрыярхату для адзначэньня ў цэрквах Расеі, Беларусі і Ўкраіны — і цяпер гэтае сьвята шырока адзначаецца. Ён прайшоў доўгі шлях і стаў прыхільнікам беларусізацыі ў жыцьці царквы.

Соўсь: Калі казаць пра Быкава, то ягоныя творы перакладаліся больш чым на 50 моваў. З тых, каго перакладаюць з беларускіх пісьменьнікаў, яшчэ можна было б назваць Сьвятлану Алексіевіч. Кнігі сучасных беларускіх пісьменьнікаў выдаюцца невялікімі накладамі, і вельмі мала перакладаюцца, фактычна невядомыя ў сьвеце, акрамя спэцыялістаў. І нават пры зьяўленьні геніяльнага твору, які варты, каб яго пачыталі людзі на ўсіх кантынэнтах, беларускім творам наканаваная ізаляцыя ў цяперашняй сытуацыі ў Беларусі. Ці вы згодныя?

Бэрд: Я не ўпэўнены, што ведаю, што рабіць у гэтай сумнай сытуацыі, бо ЗША цярпіць ад свайго статусу імпэрскай дзяржавы. Вынікам гэтага ёсьць ганарыстасьць, адчуваньне таго, што гэтая краіна мае адказы на ўсе пытаньні, а таму ёй не патрэбны ўклад іншых культураў. Амэрыканскія чытачы, амэрыканская інтэлігенцыя, акадэмічная супольнасьць зьвяртаюць увагу на англасаксонскі сьвет, на Францыю, у меншай меры на Італію, да пэўнай ступені на Нямеччыне (але Другая сусьветная вайна прыгасіла гэтую зацікаўленасьць).

Мы ня маем беларускага культурнага і літаратурнага лобі, каб мець дастатковую сілу зьмяніць сытуацыю зь фінансавымі праблемамі выдавецтваў

Мы вельмі абмежаваныя як народ у сваёй цікаўнасьці да іншых літаратураў. Мы асабліва недасьведчаныя і абмежаваныя што да Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і славянскага сьвету. І ад гэтай няўвагі цярпіць ня толькі беларуская літаратура, але і сэрбская, баўгарская, польская, украінская літаратуры. Нацыянальныя дыяспары, эмігранцкія супольнасьці, асабліва палякі і ўкраінцы ў ЗША, за апошнія 30-40 дамагліся адкрыцьця асобных катэдраў у найбуйнейшых унівэрсытэтах — у Чыкага, Гарвардзе, Прынстане. Яны да пэўнай ступені выклікаюць у акадэмічным сьвеце і сярод чытацкай публікі інтарэс да польскай і ўкраінскай літаратуры. Мы ня маем крытычнай масы колькасьці беларусаў для прамоцыі беларушчыны. Беларуская інтэлігенцыя мае вельмі значныя дасягненьні. Колькасьць выдадзенага проста ўражвае — проза, паэзія, гістарычныя дакумэнты, але няма дастатковай колькасьці лабістаў, якія б прасоўвалі гэта ў выдавецтвах ЗША, так як гэта ўдалося палякам і пачынае ўдавацца ўкраінцам. Нельга сказаць, каб хоць нейкая славянская культура была добра вядомая ў ЗША. Мы выглядаем вельмі бедна ў азнаямленьні з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропай і з славянскім сьветам у сярэдняй школе. Трагічна таксама тое, што мы цікавімся славянамі на ўнівэрсытэцкім узроўні толькі калі яны становяцца нашымі ворагамі. Калі не — то мы проста маем белую пляму. Паўтараю, мы — імпэрская дзяржава і мы дзейнічаем як ганарыстая і саманадзейная імпэрская дзяржава ў дачыненьні да іншых культур і літаратур.

Апошнія 25 гадоў амэрыканскія ўнівэрсытэты вельмі актыўна прасоўваюць вучобу за мяжой, і нашыя студэнты езьдзяць цяпер ва ўсе краіны Эўропы, у тым ліку, дзякуй Богу, і ў славянскія краіны. Але гэта будзе павольны працэс. І на жаль, як вы добра ведаеце, у нас цяпер урадавы крызіс з-за лабізму пэўных групаў. Мы ня маем беларускага культурнага і літаратурнага лобі, каб мець дастатковую сілу зьмяніць сытуацыю зь фінансавымі праблемамі выдавецтваў.

Соўсь: Але мы маем вас... І апошняе пытаньне, якая была ваша апошняя прачытаная беларуская кніга і які твор вы хацелі бы прачытаць?

Бэрд: Я спрабую пашыраць сваё знаёмства з сучаснай драматургіяй, я перачытваю зборнікі і паасобных аўтараў. Я падрыхтаваў некалькі дакладаў пра сучасных беларускіх драматургаў, я пазнаёміў удзельнікаў славістычных канфэрэнцыяў зь некалькімі новымі паэтамі і драматургамі. Гэта павольны працэс, у прафэсійнай дзейнасьці вакол мяне ўсё расейскае, і калі я пасьля працоўнага дня прыходжу дадому, я хаваюся і чытаю беларускія вершы і п’есы.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG