Мусульманскаму рэлігійнаму аб’яднаньню ў Беларусі ўдалося высьветліць поўнае імя аўтара «Менскага тафсіру» — першага кананічнага перакладу Карану на эўрапейскую мову. Гэта Абу Раджаб Урыяш ібн Ісмаіл Шлямовіч.
Згадку пра мулу мячэці ў Менску «Урыяша Шлямовіча» (арыг.: Uryasz Szlamowicz) удалося адшукаць намесьніку муфтыя Максату Авезаву пры дапамозе навуковай супрацоўніцы Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Надзеі Палтаржыцкай. Зьвесткі знайшліся ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.
Дакумэнт, датаваны 8 ліпеня 1679 году, сьведчыў пра куплю нерухомасьці менскім мусульманінам Х. Ільяшэвічам ад іншага мусульманіна Смольскага, і зьмяшчаў паказаньні сьведкі мулы мячэці Менску «Урыяша Шлямовіча».
Згодна з «другім» каляфонам рукапісу, аўтарам перакладу зьяўляўся «імам мусульман гораду Менск, Урыяш ібн Ісмаіл Шлямо[…]»
Максат Авезаў меркаваў, што зацёртае прозьвішча аўтара перакладу Карану павінна чытацца як «Шлямоўскі». Каб пацьвердзіць або зьняпраўдзіць гэты варыянт чытаньня, трэба было знайсьці згадку пра яго ў іншых дакумэнтах.
«Гэтая падзея адбывалася за сем гадоў да завяршэньня напісаньня Менскага перакладу Карану. Такім чынам, мы сёньня нарэшце змаглі вывесьці з забыцьця поўнае імя аўтара Менскага тафсіру — Абу Раджаб Урыяш ібн Ісмаіл Шлямовіч», — напісала Мусульманскае рэлігійнае аб’яднаньне на сваёй старонцы.
Менскі тафсір — выдатны помнік пісьменства татараў Вялікага Княства Літоўскага. Рукапісу, пра існаваньне якога ў зборах ЦНБ (Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі) стала вядома ў пачатку 2000-х гадоў, прысьвечана некалькі артыкулаў беларускіх і польскіх дасьледнікаў.
Згодна з дасьледаваньнем Міхаіла Тарэлкі, мова Менскага тафсіру — гэта пераклад Карану на польскую мову зь дзьвюма істотнымі асаблівасьцямі. Па-першае, яна насычаная беларускімі элемэнтамі, што натуральна для тэксту, створанага на этнічнай беларускай тэрыторыі. Па-другое — мае моцны ўплыў мовы арыгіналу (арабскай) на сынтаксыс мовы перакладу, што характэрна для перакладаў Сьвятога Пісаньня.
Форум