Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Швэцыі кваліфікавала абрыў кабэля ў Балтыйскім моры як дывэрсію


Балтыйскае мора ў Швэцыі. Ілюстрацыйнае фота
Балтыйскае мора ў Швэцыі. Ілюстрацыйнае фота

Пракуратура Швэцыі ініцыявала папярэдняе расьсьледаваньне па факце меркаванай дывэрсіі з прычны двух абрываў кабэля ў Балтыйскім моры, паведамляецца ў прэс-рэлізе ведамства.

Справу вядзе Нацыянальны апэратыўны дэпартамэнт паліцыі, а папярэдняе расьсьледаваньне — дзяржаўны пракурор Гэнрык Сэдэрман з Нацыянальнага падразьдзяленьня барацьбы зь міжнароднай і арганізаванай злачыннасьцю.

«На гэты момант кваліфікацыя злачынства — дывэрсія. Папярэдняе расьсьледаваньне працягваецца і знаходзіцца на раньняй стадыі. У цяперашні час няма ніякай дадатковай інфармацыі аб расьсьледаваньні», — цытуюцца ў публікацыі словы Сэдэрмана.

Аб пашкоджаньні кабэля даўжынёй больш за 1000 кілямэтраў, які злучае нямецкі горад Ростак і Хэльсынкі, 18 лістапада паведаміла кампанія-апэратар Cinia. Паводле яе даных, раней аварый на гэтым абсталяваньні, уведзеным у эксплуатацыю ў 2015 годзе, не было.

За дзень да гэтага абарваўся іншы кабэль сувязі ў Балтыйскім моры, пракладзены паміж Літвой і Швэцыяй. Пасьля здарэньня хуткасьць інтэрнэту ў Літве зьнізілася на траціну.

У Балтыйскім моры днямі перарэзалі два оптавалакновыя падводныя кабэлі: адзін — паміж Літвой і Швэцыяй, другі — паміж Фінляндыяй і Нямеччынай. Краіны, якія закранулі гэтыя інцыдэнты, падазраюць дывэрсію.

Спачатку ў нядзелю 17 лістапада выявіўся перарэзаным кабэль, які цягнецца 218 км пад вадой паміж узьбярэжжам Літвы і швэдзкім востравам Готлянд, піша Reuters.

Прадстаўнік літоўскай філіі тэлекамунікацыйнай кампаніі Telia Андрус Шэмешкявічус адзначыў, што інтэрнэт-сувязь з кліентамі Telia ў Літве падтрымліваецца праз тры кабэлі, таму, хоць адзін зь іх і пашкоджаны, інтэрнэт у карыстальнікаў ня зьнік.

Сумесную заяву наконт пашкоджаньня кабэлю паміж фінскімі Хэльсынкі і нямецкім Ростакам выпусьцілі міністэрствы замежных спраў Фінляндыі і Нямеччыны. Там заявілі пра нестабільнасьць цяперашняга часу і пагрозы эўрапейскай бясьпецы з боку Расеі, якая ваюе з Украінай, і гібрыдных ваенных дзеяньняў з мэтай дывэрсій.

Фінская дзяржаўная кампанія Cinia, якая займаецца тэлекамунікацыямі і кібэрбясьпекай, высьветліла, што кабэль даўжынёй амаль 1200 км перарэзаны каля паўднёвага заканчэньня швэдзкага востравау Элянд, гэта значыць, нашмат паўднёвей за кабэль паміж Літвой і Готляндам. Кіраўнік кампаніі Ары-Юсі Кнаапіла сказаў, што рамонт на месцы запатрабуе ня меней за паўмесяца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG