Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парыжанка Віржыні Шыманец – пра свой беларускі лёс


Мары-Франс Сіро, Віржыні Шыманец, Лявон Шыманец, біскуп Часлаў Сіповіч, айцец Леў Гарошка
Мары-Франс Сіро, Віржыні Шыманец, Лявон Шыманец, біскуп Часлаў Сіповіч, айцец Леў Гарошка

Дасьледніца беларускага тэатру, лінгвіст і гісторык Віржыні Шыманец апублікавала ў фэйсбуку тэкст, які чытаецца як пачатак аўтабіяграфічнага раману.

Што такое нарадзіцца беларускай у Францыі – краіне, для якой не існуе ні Беларусі, ні беларусаў, ні беларускай мовы? Ужо ў гэтым першым тэксьце абяцаецца працяг, але сама аўтарка яшчэ ня ведае, што з усяго гэтага атрымаецца. «Пабачым. Галоўнае – пісаць», – кажа яна.


Шмат хто мяне папракае, што я бачу Беларусь інакш, чым іншыя, задаю гэтай краіне не такія пытаньні, як іншыя, не хаджу па пратаптаных сьцежках. Шмат хто таксама думае, што я знайшла сабе «цацку», пры гэтым маё адмоўнае стаўленьне да аўтарытарызму па-беларуску – гэта ўсяго толькі плод маёй празьмернай чульлівасьці. Таму я пакажу вам фатаграфію, якая наводзіць на мяне страх.

Дзея адбываецца праз пару дзён пасьля 25 сьнежня 1968-га, а можа ўжо й на пачатку 1969-га. Заснулая крэвэтка – гэта я. Жанчына, што трымае мяне ў руках – мая маці, францужанка Мары-Франс Сіро. Яна толькі на 46 гадоў перажыве тое, што некаторыя называюць маёй «цацкай» – маё супрацьстаяньне таму аўтарытарызму. Аднак на гэтай фатаграфіі, сьвятло ідзе менавіта ад яе, бо мужчыны ў чорным, якія навісаюць над намі, утвараюць мур, і будзе цяжка пахіснуць маё перакананьне ў тым, што гэта, па сутнасьці, усё, што яны ўмеюць рабіць. У казках над калыскамі часам стаяць тры фэі. Дык вось такія былі ў мяне. Па парадку, зьлева направа: мой бацька Леанід, біскуп Сіповіч і айцец Гарошка.

Было вырашана, што дзяўчынка будзе пахрышчаная ўніяткай. Не каталічкай, як палякі, не праваслаўнай, як расейцы, а грэка-каталічкай, як і мае быць у тых, хто большы беларус, чым беларусы.
На гэтай фатаграфіі не відаць, што мая маці – каталічка, што мой бацька – праваслаўны і што два іншыя «бацькі» – уніяты. Тое, што адбываецца на фатаграфіі і, як выглядае, зусім ня радуе біскупа, насамрэч мае вялізнае, а нехта б сказаў і «гістарычнае» значэньне, бо было вырашана, што заснулая дзяўчынка будзе пахрышчаная ўніяткай. Не каталічкай, як палякі, не праваслаўнай, як расейцы, а грэка-каталічкай, як і мае быць у тых, хто большы беларус, чым беларусы.

Хто здымае? Ня ведаю. Часам я думаю, што гэта мусіць быць яшчэ адзін праваслаўны ўдзельнік урачыстасьці – мой дзед Уладзімер. Было б забаўна, калі б сытуацыя на здымку была тыповая для ягонага погляду на падзею. Бо тое, чаго таксама не відаць на фатаграфіі і чаго ніхто мне ніколі не растлумачыць – гэта сэнс, які шмат для якіх празорлівых людзей хавае прозьвішча майго дзеда, перададзенае мне праз бацьку: «Symaniec», вельмі прыблізная лацінізацыя беларускага «Шыманец», што на добрай беларускай мове азначае не зусім беларускае або й зусім не беларускае «Шымонаў/Сымонаў сын».

Не, гэта ня жарт, і я не спрабую ўскладніць справы. Зрэшты, гэтыя дарослыя і да мяне ўжо ўдосыць іх панаўскладнялі. Нават біскуп мае ўсе падставы надзьмуцца і падкрэсьлена гэта паказаць перад аб'ектывам. І як я яго разумею: тое, што тут цяпер мае адбыцца, будзе яму вельмі цяжка перанесьці. Калі б хаця яго выцягнулі зь ягонага біскупства дзеля хлопчыка – што ў тыя часы было цяжка прадбачыць загадзя – а тут да ўсяго яшчэ і дзяўчынка, от халера! І што зь ёй наагул будзе можна зрабіць, з гэтай... рэччу?

А ну паглядзім, якія імёны ёй зараз дадуць: Віржыні, ад лацінскага Virgo, Virgus, Дзявіца, значыць «малая дзявіца». Добра. Файны пачатак. Эвэлін або «малая Эва», як звалі маю беларускую бабулю-каталічку; і ў дадатак да ўсяго, бо застаецца яшчэ адзін тонкі слой – Мары, проста Мары, як звалі маю ардэшскую бабулю-каталічку, і гэтага таксама не відаць на фатаграфіі: Віржыні-Эвэлін-Мары, дачка Шымонава, быць табе ўніяткай, бо ты родам беларуска, але з часам ты зразумееш, што гэта й ёсьць тое, што называюць «яўрэйскім шчасьцем».

Я расказваю гэта ўсё для тых, хто ня ведае, што гэта беларуская сям'я, і хто паўтарае, як папугай, што беларусы могуць быць толькі праваслаўнымі.
Чатыры мовы мяшаюцца на гэтай фатаграфіі (беларуская, польская, француская і «ардэшская гаворка»), ня лічачы стараславянскай, бо ў тыя часы ў Парыжы беларускія ўніяцкія багаслужбы яшчэ спраўляліся па-стараславянску. Я яшчэ буду мець шмат нагодаў пра гэта даведацца, але вам гэтага на фатаграфіі не відаць. Вам таксама не відаць, што ў гэтай гісторыі ёсьць і адна забароненая мова – расейская. Нічога, што мой дзед Уладзімер зможа сварыцца з Салжаніцыным або браць інтэрвію ў Шагала па-расейску, затое калі ён дае дома лекцыі па-расейску, у нас шчыльна зачыняюцца дзьверы, а мяне выводзяць куды-небудзь далей. Ну добра. Я расказваю гэта ўсё для тых, хто ня ведае, што гэта беларуская сям'я, і хто паўтарае, як папугай, што беларусы могуць быць толькі праваслаўнымі. У нейкім сэнсе яны маюць рацыю – у тым, што гэта сапраўды афіцыйная рэлігія беларусаў пасьля 1870-х, але паміж тым, што кажаш падчас перапісу, і тым, як яно ёсьць насамрэч...

Лішне ўдакладняць, што гэты маленькі сьвет відавочна ня мае нічога агульнага з камунізмам. Аднак гэтая гістарычная сцэна адбываецца ў клініцы Сюлі ў Мэзон-Ляфіце, бо склалася так, што гэтая тыповая беларуская сям'я жыве ў суседнім чырвоным мястэчку Сартрувіль. Ааааа, Сартрувіль: мястэчка майго дзяцінства, з камуністычнай мэрыяй, вуліцамі Леніна і Карла Маркса, стадыёнам Юрыя Гагарына і маленькай школкай, якая носіць дарэчнае імя Жоліё-Кюры. У нейкі момант той маленькай дзяўчынцы, якая, нібы той Абэлікс з «Астэрыксу», упала ў дзяцінстве ў самы антыкамуністычны кацёл, які толькі можна сабе ўявіць, давядзецца менавіта тут пайсьці ў школу, дзе бальшыня выкладчыкаў будуць камуністы і дзе яны безь лішняга сораму пры любой нагодзе будуць даваць ёй зразумець, што лічаць яе «дачкой нацыстаў».
А галоўнае – што гэты маленькі сусьвет ніколі ня стоміцца сьцьвярджаць, што тая мова, якую яна штодня чуе дома, на першым паверсе маленькага дамка ў Сартрувілі, дык вось, менавіта гэтая мова якраз «не існуе».


Яны таксама будуць пытацца ў яе штораз на пачатку школьнага году, і яшчэ перад усёй клясай, ці «Symaniec» часам не сэпаратысцка-брэтонскае прозьвішча , на што дзяўчынка навучыцца адказваць, што Брэст – гэта горад ня толькі ў Брэтані (а ейны, вядома, некалі зваўся «-Літоўскі»). Яе аднаклясьнікі таксама ёй растлумачаць, што яна ніякая не «biélorussienne», а «biélorusse» (белая расейка), бо так кажуць усе і так напісана ў слоўніку. Яны таксама растлумачаць, што «biélorusse» значыць «белы расеец», а таму яе дзед-інжынэр абавязкова мусіць працаваць таксістам. А галоўнае – галоўнае тое, што гэты маленькі сусьвет ніколі ня стоміцца сьцьвярджаць, што тая мова, якую яна штодня чуе дома, на першым паверсе маленькага дамка ў Сартрувілі, дык вось, менавіта гэтая мова якраз «не існуе». Гэтую мову чуюць і яны, калі мая бабуля прыходзіць забраць мяне з школы або калі яны прыходзяць да нас на бліны. У нашым квартале ўсе называюць яе «baboula» і просяць, каб я пераклала зь беларускай на францускую тое, што яна кажа, але ўвага: гэтага ж не існуе.

Бачыце, на гэтай фатаграфіі я яшчэ сплю. І слушна раблю, гэта адэкватная рэакцыя. Мне трэба набірацца сілы, каб жыць у гэтым сьвеце, населеным пераважна мужчынамі, якія «ведаюць». Яны будуць «ведаць», што беларускай мовы не існуе. Яны будуць «ведаць», што «Symaniec» – гэта брэтонскае прозьвішча. Яны будуць «ведаць», што каталіцтва і праваслаўе, як вада і алей, не мяшаюцца між сабою і вызначаюць дзьве неспалучальныя прасторы «цывілізацыі». Яны будуць «ведаць», што слова «biélorusses» значыць «белыя расейцы», арыстакраты, якія ўцяклі ў 1917-м ад бальшавізму. Яны будуць «ведаць», што слова «Беларусь», якое так доўга перакладалі на францускую як «Biélorussie», даслоўна значыць «Белая Расея». Яны таксама будуць «ведаць», што ўсе беларускамоўныя – гэта аўтаматычна «нацысты», ха-ха!

Зрэшты, усё гэта яны будуць «ведаць» даволі доўга. Калі дакладна – 23 гады. Добра. Яны ўсё яшчэ толкам ня ведаюць, як растлумачыць тое, што «нацыстоўскай» суполкай беларусаў Францыі столькі гадоў кіравалі людзі з сумнеўнымі прозьвішчамі Абрамчык (Абрам, які канчаецца на -чык) і Шыманец (Шымон, які канчаецца на -ец), але ніколькі не сумняваюся, што аднойчы яны растлумачаць мне, хто былі гэтыя людзі. І тады пабачым, што такое праўда – свабода ці сьмерць.

Часам, калі я пішу, мяне бярэ сьмех. Напрыклад, калі я згадваю пра аднаго прафэсара з Нацыянальнай унівэрсытэцкай рады, які аднойчы падчас сумоўя закрычаў: «Але ж вы нетыповая!» Небарака не ўяўляў сабе наколькі. І я думаю, што калі б я паказала вам свае нататкі пра назву Б... (піііп!), вось проста так, без падрыхтоўкі, з вамі таксама магла б здарыцца падобная гістэрыка. Дык я раскажу вам яшчэ пра пару драбніц такога тыпу. Гісторыю пра тое, як плаўна перайсьці да сутнасьці справы. І, дзеля сьмеху, назавем гэта падарожжам у Беларусіянію...

Пераклад з францускай Сяргея Шупы


Віржыні Шыманец
Віржыні Шыманец
Віржыні Шыманец (Virginie Symaniec) (нар. у 1968) – дасьледніца беларускага тэатру, лінгвіст, гісторык. Жыве ў Парыжы. Аўтар кніг на францускай: «Беларусь: мэханіка адной дыктатуры» (2007, супольна з Ж-Ш. Ляльманам), «Усходнеславянская ідэалягічная канструкцыя. Мовы, расы і нацыі ў Расеі XIX стагодзьдзя» (2013). На працягу 10 гадоў узначальвала парыскую асацыяцыю «Беларускія пэрспэктывы». У 2011 годзе заснавала выдавецтва Le Ver à Soie ў Парыжы. Пляменьніца Івонкі Сурвілы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG