Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прадукты ў Польшчы таньнейшыя за беларускія? Апытаньне ў Горадні


Чаму многія прадукты харчаваньня ў Польшчы каштуюць значна таньней, чым у Беларусі? Ці ў правільным напрамку разьвіваецца беларуская сельская гаспадарка? Апытаньне ў Горадні.
Спадар: «Я бываю ў Польшчы дастаткова часта, і кошты на прадукты, на тое ж мяса, істотна мешыя. І я зьвязваю гэта з тым, што безумоўна робіць сваю справу канкурэнцыя. Я думаю, рэформы патрэбны ў двух кірунках. Патрэбны лепшыя ўмовы для прыватнай уласнасьці ў сельскай гаспадарцы, для фэрмэраў. Сама сельская гаспадарка, якая існуе цяпер, патрабуе вельмі істотнай мадэрнізацыі».

Хлопец: «Праяжджаючы па Беларусі, мы бачым вельмі прыгожую краіну, мы маем вельмі разьвітую сельскую гаспадарку. Няма такога занядбаньня, як у Расеі. Чаму так растуць цэны? Таму што, відаць, вельмі шмат грошай мы трацім на гэтую прыгажосьць, якая вакол нас. Можа варта было б задумацца аб новых тэхналёгіях, каторыя змогуць удзешавіць гэтую прадукцыю».
Сталы мужчына: «Напэўна, там таньней таму, што больш у галаве шэрага рэчыва ў іх, і яны рэальна ставяцца да свайго народу. А тут, атрымліваецца, што больш турбуюцца аб міжнародным становішчы Беларусі ў сьвеце і славесна — аб народзе».

Спадар: «У Расеі, хлопец ехаў, нашы гарадзенскія кумпячкі самыя дарагія і ў параўнаньні з тымі кумпячкамі Буша. З Турцыі прывозяць гуркі, якія таньнейшыя за нашы. Таму што ў нас выдаткі высокія. Дык навошта іх вырошчваць? Укладзіце ў нешта іншае!»
Спадар сталага веку: «Я доўга працаваў у калгасе, магу сказаць адно, што бардак. Па-першае, няма ўмоваў для захаваньня. Усім напляваць. Ну й кожны, па-мойму, грабе пад сябе. Ну й п’янства».

Спадар сталага веку: «Можа, павялічыць заробак сельскагаспадарчым працаўнікам?»
Мужчына: «У нас, па-першае, цэны прыраўноўваюць да расейскіх, каб не было вывазу за мяжу. Таму што цяпер вельмі шмат расейцаў, мяжа адкрытая, езьдзяць, забіраюць. Вядома, ня мне абмяркоўваць справы прэзыдэнта, яму відней, але нібыта ў нас і народ працавіты, і сельская гаспадарка ўзьнімаецца, працуе. Я ў Расеі быў, працую там, дык хіба параўнаць: там палеткі пустуюць. Але, вядома, гэта не ад народу залежыць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG