Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Бураўкіным разьвітваліся пад бел-чырвона-белым сьцягам (фота, відэа)


Некалькі сотняў чалавек прыйшлі да Менскага сабора Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла, каб разьвітацца з Генадзем Бураўкіным. Паэт, журналіст, старшыня беларускага Дзяржаўнага тэлебачаньне і радыё, сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН, надзвычайны і поўнамоцны амбасадар, Дэпутат вярхоўнага Савету, ініцыятар «Закону аб мовах», аўтар любімых песень, сярод якіх славутыя «Калыханка» і «Завіруха», пакінуў Беларусь на 77-м годзе жыцьця.

Цырымонія пачалася ў Сьвята-Петрапалаўскім саборы пад дробны амаль летні дождж, які безупынна суправаджаў разьвітаньне. Але не перашкодзіў сотням людзей прыйсьці ў цэнтар Менску, каб ушанаваць памяць Генадзя Бураўкіна. Разьвітацца прыйшлі пісьменьнікі і палітыкі, акторы, кампазытары, журналісты. Здавалася, хаваюць, чалавека паважанага ўзросту, але шмат кветак прынесьлі зусім маладыя людзі і дзеці.

У сабор прыйшлі Аляксандр Казулін і Уладзімер Някляеў, Анатоль Вярцінскі і Анатоль Дудараў, Эдуард Ханок і Генадзь Гарбук, Уладзімер Арлоў, Барыс Пятровіч, Рыгор Сітніца.

ВІДЭА З РАЗЬВІТАНЬНЯ:


Адпавялі Генадзя Бураўкіна па праваслаўным абрадзе. Падчас разьвітальных прамоваў сябры і аднадумцы згадвалі яго і як знанага паэта, і як палітычнага і грамадзкага дзеяча, і як чалавека, што стварыў нацыянальнае тэлебачаньне.

Адным зь першых выступіў Станіслаў Шушкевіч, які ведаў Генадзя Бураўкіна шэсьць дзясяткаў гадоў.
Калі разьвітальная працэсія з кветкамі і вянкамі рушыла з сабора, над ёй узьняўся бел-чырвона-белы сьцяг.​


Станіслаў Шушкевіч: «Я магу сказаць, што ён заўсёды служыў Беларусі. Заўсёды. Ён служыў той Беларусі, якая была. Але так, каб гэта ішло на карысьць той Беларусі, якая павінна быць, якая будзе. І ў яго хапіла мудрасьці так служыць. Няхай гэта будзе цудоўным прыкладам для маладых, для дарослых. Для ўсіх тых, хто любіць Белараусь».

Ад супрацоўнікоў беларускага тэлебачаньня прамовіў Уладзімер Субат. «Апошняя нашая лятучка сёньня зь Генадзем Мікалаевічам, — сказаў Субат. — У гады ягонага дзеяньня беларуская мова на тэлебачаньні была роднай».


Алег Трусаў, кіраўнік Таварыства беларускай мовы, нагадаў, што на самым пачатку стварэньня арганізацыі яе ўзначальваў Генадзь Мікалаевіч Бураўкін. У прамове Трусава былі словы пра тое, што калісьці будуць у Беларусі і вуліцы, і плошчы імя Генадзя Бураўкіна.
Генадзь Бураўкін назаўжды будзе вызначаць каардынаты нашага нацыянальнага жыцьця
Уладзімер Арлоў


Кампазытар Эдуард Ханок згадаў Генадзя Бураўкіна як аўтара найлепшых і любімых беларускіх песень

Эдуард Ханок: «Дастаткова сказаць, што Васіль Раінчык напісаў знакамітую Калыханку, якая дагэтуль гучыць. А наш вялікі кампазытар Лучанок напісаў „Зачараваная мая“. І я шчасьлівы чалавек, бо хоць трохі, але мы папрацавалі разам. А песьня „Завіруха“ ў мяне нарадзілася спантанна, калі я ехаў на канцэрт. За вакном была завіруха, і яна дапамагла мне. Пакуль я прыехаў з філярмоніі ў музканцэрт, песьня нарадзілася. Такое не забываецца».
Кампазытар Эдуард Ханок згадаў Генадзя Бураўкіна як аўтара найлепшых і любімых беларускіх песень


Падчас разьвітальных прамоваў прагучалі і словы надзвычайнага паверанага амбасады ЗША ў Беларусі Ітана Голдрыча. Ён выказаў спачуваньні Беларусі і асабіста дачцэ Генадзя Бураўкіна Сьвятлане, якая працуе ў амэрыканскай амбасадзе. «Мы смуткуем разам з вамі», — сказаў Голдрыч.

Ад землякоў выступіў старшыня Віцебскай абласной філіі ТБМ Іосіф Навумчык. Ён таксама перадаў родным і сваякам спачуваньне ад Рады БНР і асабіста ад Івонкі Сурвілы

Надзвычай эмацыйнымі былі словы Ўладзімера Арлова.
«Полацкая душа вельмі верыць у дзівосы. І спадар Генадзь верыў у дзівосы, але ня толькі верыў, але і сам іх ствараў. Адным з такіх дзіваў была беларусізацыя нашага тэлебачаньня. Ён стварыў беларускае нацыянальнае тэлебачаньне. І ў час нашай апошняй размовы мы згадвалі, якой падзеяй было тое, што спартыўныя рэпартажы вяліся па-беларуску. Якое шчасьце было для нас — тады заўзятараў менскага Дынама. А Генадзь Мікалаевіч распавёў пра тое, як атрымаў ліст ад старога заўзятара, вельмі сталага чалавека, яшчэ сябра Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, які яму напісаў: „Сёньня, дзякуючы вам, Генадзь Мікалаевіч, я паглядзеў футбольны рэпартаж па-беларуску. Цяпер я магу спакойна памерці».

«Генадзь Бураўкін, — сказаў Арлоў, — назаўжды будзе вызначаць каардынаты нашага нацыянальнага жыцьця».

Разьвітаньне з Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным працягнулася на Ўсходніх могілках, дзе ад сёньня будзе месца ўшанаваньня ягонай памяці. Калі разьвітальная працэсія з кветкамі і вянкамі рушыла з сабора, над ёй узьняўся бел-чырвона-белы сьцяг.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG