Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая пацёмкінская вёска


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Як заўсёды ў падобных выпадках, падпісаньне прэзыдэнтамі Беларусі, Расеі, Казахстану дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) афіцыйныя мэдыі назвалі гістарычнай падзеяй. Але насамрэч гэтая дзея адбываецца абсалютна ў духу фармаваньня падобных інтэграцыйных утварэньняў на постсавецкай прасторы, пачынаючы з СНД. То бок — дэкляратыўнасьць, пераважаньне фармальнага боку справы над рэальным зьместам і практычнай карысьцю.

Пачнём з таго, што назва гэтага аб’яднаньня не адпавядае зьместу. Бо эканамічны саюз прадугледжвае ўніфікацыю макраэканамічнай палітыкі дзяржаў-удзельніц. Пакуль да гэтага яшчэ далёка. Звычайна эканамічныя зьвязы будуюцца паэтапна, пачынаючы зь ніжэйшых формаў інтэграцыі. Спачатку ствараецца мытны зьвяз, зона вольнага гандлю. І толькі потым пераходзяць да вышэйшага этапу. Тут жа адбылося так, што, не дабудаваўшы першага паверху, пачынаюць пераскокваць на другі.

Дасюль ня завершана стварэньне паўнавартаснага мытнага саюзу. Бо па шмат якіх таварных пазыцыях краіны-ўдзельніцы маюць рознае мыта.

З 2012 году ў межах трох краін нібыта існуе Адзіная эканамічная прастора. То бок павінна функцыянаваць зона вольнага гандлю, павінен адбывацца свабодны, без абмежаваньняў рух капіталаў, тавараў, паслуг, рабочай сілы. Але год таму прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясніковіч адзначаў, што толькі «дзьве траціны тавараў і адна трэць паслуг перасоўваюцца ў „тройцы“ свабодна». І канстатаваў, што «значыць, агульнага рынку ў поўным сэнсе слова няма». Напрыклад, існуе 25 бар’ераў, якія перашкаджаюць гандляваць прадуктамі харчаваньня. Стварэньне агульнага рынку ў энэргетычнай сфэры заплянавана толькі на 2025 год.

Эканамічны саюз — больш высокая форма інтэграцыі. Ён прадугледжвае ўніфікацыю макраэканамічнай палітыкі дзяржаў-удзельніц: усталёўваньне агульных парамэтраў бюджэтнага дэфіцыту, правілаў фармаваньня абменнага курсу нацыянальных валютаў, узроўню інфляцыі ды інш. Гэта значыць, што важныя кірункі эканамічнай палітыкі павінны перадавацца на наднацыянальны ўзровень.
Інтэграцыю ладзяць тры дзяржавы з аўтарытарнымі рэжымамі. А аўтарытарныя лідэры ня любяць дзяліцца ўладай
Але тут і ўзьнікае шэраг праблемаў. Бо аб’ядноўваюцца краіны, розныя па памеры, па структуры эканомікі (у Расеі і Казахстану — свой газ і нафта, у Беларусі іх амаль няма), па ступені рынкавасьці. І галоўнае: інтэграцыю ладзяць тры дзяржавы з аўтарытарнымі рэжымамі. А аўтарытарныя лідэры ня любяць дзяліцца ўладай, перадаваць прыняцьце важных рашэньняў на наднацыянальны ўзровень. Хіба можна ўявіць, што беларускае кіраўніцтва ня можа само вызначаць абменны курс рубля, узровень інфляцыі, ступень падтрымкі сваіх вытворцаў? Гэта ж разбурыць саму мадэль ручнога кіраваньня эканомікай.

У ходзе падрыхтоўкі дамовы аб стварэньні ЭАЭС усе спрэчныя пытаньні выносіліся за дужкі, іх вырашэньне пераносілася на пазьнейшы тэрмін ці на двухбаковы ўзровень. У выніку ўстаноўчыя дакумэнты аказаліся выхалашчанымі, дэкляратыўнымі.

Каму і навошта гэта трэба? Найперш, Расеі. Менавіта цяпер больш чым калі бачна, што для Масквы ЭАЭС — гэта найперш палітычны, дакладней — геапалітычны праект, і толькі потым — эканамічны. Цікава, што ў першапачатковым варыянце дамовы, прапанаваным расейскім бокам, быў вялікі палітычны складнік. Там быў агульны парлямэнт, агульнае грамадзянства, зьнешняя палітыка, пашпартна-візавая сфэра, агульная ахова мяжы ды інш. То бок — нейкая копія Эўразьвязу. Але Казахстан запратэставаў, і ў выніку ўсю палітычную частку выкінулі.

Для Расеі, якая «ўстае з калень», вельмі важна аднавіць статус вялікай дзяржавы, якая гуртуе вакол сябе постсавецкую прастору. А Пуцін стварае вобраз зьбіральніка зямель. І фармаваньне ЭАЭС — гэта якраз у межах гэтага трэнду.

Акрамя таго, на тле ўкраінскага крызісу, ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі, у якой апынулася Расея, канфлікту з Захадам значэньне эўразійскага праекту для Масквы ўзрастае, бо трэба давесьці, што ніякай ізаляцыі няма. А расейскае грамадзтва, якое знаходзіцца ў стане шавіністычнага ўздыму, патрабуе ад кіраўніцтва ўсё новых посьпехаў. Апошнія падзеі ва Ўкраіне такім посьпехам замежнай палітыкі РФ назваць цяжка. Таму прыдумляюцца нейкія новыя канструкцыі. Вось Расея падпісала важнае пагадненьне з Кітаем, якое экспэрты таксама называюць больш геапалітычным, чым эканамічным. І ўтварэньне ЭАЭС — з гэтага шэрагу.

Такім чынам, будзе яшчэ адно аб’яднаньне. Усьлед за СНД, Саюзнай дзяржавай, АДКБ, ЭўрАзЭС. Можна заблытацца. Чарговая пацёмкінская вёска.

А ў Беларусі няма іншага выйсьця, як далучацца да гэтых геапалітычных гульняў. Бо ўдзел у згаданых інтэграцыйных утварэньнях — гэта неабходная ўмова атрыманьня нафты і газу па льготных цэнах, без чаго беларуская эканоміка існаваць ня можа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG