Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па просьбе Расеі ў Беларусь не пусьцілі ўкраінскую праваабаронцу


Марыя Ясяноўская
Марыя Ясяноўская

Украінку Марыю Ясяноўскую зьнялі зь цягніка «Сымфэропаль — Менск» на пераходзе Церахаўка і паведамілі, што на просьбу расейскага боку ўезд у Беларусь ёй забаронены.



Марыя Ясяноўская: «Я ехала з прыватнай паездкай. Ніякіх фармальных прычынаў мяне затрымліваць не было.

У 2011 годзе я актыўна брала ўдзел у міжнароднай назіральніцкай місіі Камітэту міжнароднага кантролю па сытуацыі з правамі чалавека ў РБ. Практычна ўсім маім калегам уезд у Беларусь быў забаронены яшчэ тады. Таму я такі варыянт мела на ўвазе і для сябе. Але для расейскіх калегаў у такой сытуацыі тэрмін забароны не перавышаў двух гадоў.

Ужо прайшло больш за тры гады, таму я меркавала, што бясьпечна дабяруся да Беларусі».

Найбольшым зьдзіўленьнем для праваабаронцы стала тое, што просьбу на забарону ўезду падаў расейскі бок.

Марыя Ясяноўская: «У Расеі я ўдзельнічала ў арганізацыі міжнароднага назіраньня за судамі па Балотнай плошчы. Але ніводнае нашае дзеяньне не падпадала пад нейкія санкцыі як правапарушэньне. Я шчыра зьдзіўленая тым, што здарылася».

Марыя не выключае, што прычынай просьбы расейскага боку мог стаць украінска-расейскі крызіс. Аднак праваабаронца адзначае, што расейскія ўлады ідуць на ўсё больш жорсткія рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці і да праваабаронцаў у прыватнасьці.

Праваабаронца Алена Танкачова кажа, што выпадкі забароны на ўезд у Беларусь для праваабаронцаў далёка ня рэдкія.
Алена Танкачова
Алена Танкачова
Алена Танкачова: «Мы можам згадаць прыкладна аналягічную сытуацыю з украінскай праваабаронцай Аляксандрай Дзелемянчук. Уезд быў забаронены арганізатару міжнароднай місіі назіраньня расейскаму праваабаронцу Андрэю Юраву.

І, нарэшце, наш швэдзкі калега Марцін Угла, які досыць крытычна і пасьлядоўна выступае наконт стану правоў чалавека ў Беларусі, літаральна два тыдні таму ня змог уехаць, нягледзячы на тое, што на час ЧМ такую магчымасьць абяцалі ўсім ахвотным».

Танкачова адмыслова адзначае, што сумесныя дзеяньні расейскіх і беларускіх памежнікаў у сытуацыі забароны на ўезд для праваабаронцаў патрабуюць праверкі на адпаведнасьць заканадаўству.

«Мы вымушаныя канстатаваць, што, падобна, ёсьць узгодненая палітыка ў гэтым сэнсе як мінімум паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй. Патрабуе дадатковага дасьледаваньня тое, наколькі палажэньні заканадаўства наконт саюзнай дзяржавы дазваляюць такім чынам абмяжоўваць перамяшчэньні грамадзянаў. Асаблівую занепакоенасьць выклікае тое, што пад такія абмежаваньні падпадаюць грамадзяне краінаў, зь якімі Беларусь мае бязьвізавы рэжым».

Алена Танкачова дадае, што такія забароны абмяжоўваюць магчымасьці праваабарончай працы, і гэтая тэндэнцыя выклікае занепакоенасьць грамадзянскай супольнасьці. Аналітычны дакумэнт пра гэтую сытуацыю будзе падрыхтаваны бліжэйшым часам, — сьцьвярджае Алена Танкачова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG