Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесін: Усе чакаюць, што Расея будзе дзейнічаць па крымскім варыянце


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
На паўднёвым усходзе Ўкраіны ў раёне Славянску і Краматорску ўкраінскія сілавікі пачалі актыўную фазу антытэрарыстычнай апэрацыі. Паведамляецца, што тэрарысты зьбілі два верталёты.

Камэнтуючы сытуацыю для Свабоды, вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін адзначыў:

«Цяпер зьбіць верталёт, які нізка ляціць, не праблема. У Аўганістане была маса такіх выпадкаў у савецкія часы, і амэрыканцы нясуць страты. Прычым вельмі часта ад РПГ-7. Паводле інфармацыі, над Славянскам менавіта гэтай зброяй зьбіты верталёт. Яшчэ адзін сродак — процітанкавыя кіраваныя рэактыўныя снарады. Таму зусім рэальна. І ў лякальных канфліктах, у антытэрарыстычных апэрацыях на Блізкім Усходзе, Афрыцы і Аўганістане неаднаразова яны зьбіваліся».

Паводле Алесіна, разагнаўшы «Беркут», украінскія ўлады атрымалі вельмі кваліфікаваных ворагаў:

«Многія зь іх былі ў Аўганістане, маюць па 200–300 выхадаў на перахоп караванаў з душманамі і выдатна валодаюць рознымі відамі зброі. Апроч таго, украінская армія са сваіх шэрагаў выдаліла шмат вайскоўцаў, і ня факт, што ўсе яны былі задаволеныя. Ёсьць жа яшчэ ўдзельнікі аўганскай кампаніі. Таму не праблема».

Карэспандэнт: «Таму выходзіць, што правесьці апэрацыю хутка ня ўдасца?»

Алесін: «Абцяжарвае тое, што мірныя жыхары выходзяць у зону баявых дзеяньняў і перашкаджаюць руху бранятэхнікі. Ну як у горадзе адрозьніць правага ад няправага, дастаць чалавека, які схаваўся ў падваротні, каналізацыйным люку, на гарышчы ці верхнім паверсе двух-трохпавярховых дамоў?! Гэта трэба весьці сур’ёзныя баявыя дзеяньні з выкарыстаньнем штурмавых групаў пры падтрымцы артылерыі. Зачысьціць горад вельмі цяжка. Адпачатку трэба было дамаўляцца. А гэты шлях — тупіковы. Апроч таго, калі будзе масіраванае прымяненьне браніраванай тэхнікі, можна чакаць, што Расея прыменіць лібійскі варыянт, які прымянялі НАТО і амэрыканцы, то бок зьнішчэньне браняваных цэляў з паветра».

Карэспандэнт: «Вы дапускаеце, што Расея можа ўмяшацца?»

Алесін: «Усё залежыць ад колькасьці ахвяраў і ступені жорсткасьці. Расея трапіла ў пастку, бо ад яе чакаюць дапамогі. Усе чакаюць, што яна будзе дзейнічаць па крымскім варыянце».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG