Білінгвізм – норма ці хвароба? Якая моўная палітыка можа забясьпечыць беларускі мір? Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць пісьменьнік і філёзаф Ігар Бабкоў, філёзаф, галоўны рэдактар часопіса «Архэ» Валер Булгакаў і філёзаф, кіраўнік Рады міжнароднага кансорцыюма «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч.
Бабкоў: Я думаю, што ні першае і ні другое, таму што гэтая апазыцыя паміж беларускай мовай, у нашым выпадку, і расейскай, як паміж мовай меншасьці і мовай большасьці – яна крышачку фальшывая. Мы будзем гаварыць і ад імя беларускамоўнай меншасьці і ад імя білінгвістычнай большасьці. І калі мы гаворым ад імя білінгвістычнай большасьці, то мы гаворым пра тое, што расейская мова зьяўляецца такім самым інструмэнтам і такой самай уласнасьцю беларускай супольнасьці, як і беларуская мова. Адзінае, што варта было б зрабіць – гэта жорстка аддзяліць беларускую расейскую мову ад маскоўскага «говорка», ад таго імпэрскага інструмэнту, які скарыстоўвае Расея, паспрабаваць правесьці посткаляніяльную дэканструкцыю, абясшкоджваньне расейскай мовы і прыдумаць для сябе тую расейскую мову, якая б ня несла пагрозы. Магчыма, назваўшы расейскую мову расейцаў маскоўскай, ці маскоўскім дыялектам, я ня ведаю, што заўгодна. Нам трэба дзейнічаць на тэрыторыі праціўніка, і дзейнічаць не ад абароны, а хутчэй ад наступу.
Дракахруст: Валер, які ваш адказ? Справа ў тым, што вынікам пляну, які прапаноўвае Ігар, можа быць тое, што беларуская расейская мова запануе і выцісьне ўласна беларускую мову.
Булгакаў: Мая першая выснова з украінска-расейскіх падзеяў апошняга часу трошку ў іншым. Яна ў тым, што вакно для адносна нетраўматычнай трансфармацыі краін постсавецкай прасторы, здаецца, зачынілася. Цяпер настаў той момант Х, калі Расея проста так ужо нікога ня выпусьціць з-пад свайго ўплыву. Тое, што практыкавалася на працягу 90-х гадоў адразу пасьля краху Савецкага Саюзу, адышло ў нябыт.
Ніхто не перашкаджаў Расейскай Фэдэрацыі ў 1992 ці ў 1993 гадах увесьці свае войскі на тэрыторыю Латгаліі, захапіць Дзьвінск. Дагэтуль 70% насельніцтва Даўгаўпілса (ці Дзьвінску) складаюць этнічныя расейцы. Чым не прычына абараніць сваё этнічна аднароднае насельніцтва? Але ў тыя часы Расея мела іншы клопат, вызначала сабе іншыя прыярытэты. Цяпер пасьля доўгага часу палітычна-эканамічнай трансфармацыі, уласна кажучы, яе ўнутраная стратэгічная лінія дайшла да таго, што мы бачым. Гэта ўрок №1.
А ўрок №2 я бачу ў рэчышчы агульнага ўсходнеэўрапейскага досьведу, паводле якога ўтварэньне этнічна-аднародных і культурна-гамагенных нацый – гэта не вынаходніцтва пачатку ХХ стагодзьдзя, а досьвед траекторыі разьвіцьця цэнтральна- і ўсходнеэўрапейскіх нацый ужо ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя.
Але Беларусь ня мае ані рэсурсаў, ані палітычных інструмэнтаў для падобнага разьвіцьця падзеяў. Уласна кажучы, тое, што мы бачым цяпер – гэта абмяжоўваньне магчымасьцяў не расейскай мовы, а беларускай. Прычым, гэта адбываецца плянамерна і пасьлядоўна. І менавіта беларуская мова, на мой погляд, знаходзіцца на мяжы зьнішчэньня ці адміраньня.
Таму найбліжэйшая будучыня прынамсі нічога добрага не варожыць. Я перакананы, што любая зьмена status quo, нават у моўным пляне, будзе выклікаць вельмі непрыемную рэакцыю расейскага кіраўніцтва. Яна ўжо і цяпер трансьлюецца праз маргінальныя сайты, кшталту Imperia.by і агенцтва Regnum.
Дракахруст: Уладзімер, ці можна зараз, ва ўмовах, калі Расея знаходзіцца, так бы мовіць, на маршы, рэалізаваць тое, пра што казаў Валер наконт этнічна- і культурна-аднароднага грамадзтва?
Мацкевіч: Сучасны сьвет прывучае нас думаць, што разнастайнасьць – гэта ёсьць багацьце нацыі, а ня толькі хіба. Як і ў любых зьявах, у гэтым ёсьць станоўчыя і адмоўныя бакі. Але ж мы павінны імкнуцца ўзмацняць станоўчыя бакі і прадухіляць небясьпеку адмоўных.
Сёньня мова – гэта ня толькі палітычнае пытаньне. Але ж сёньня яно стала і ваенным пытаньнем. І таму мова, скажам так, гэта абарона ад інфармацыйнага, прапагандысцкага ўплыву. На жаль, Беларусь зь яе дамінаваньнем расейскай мовы такой абароны ад расейскай прапаганды ня мае.
Мы павінны ўсьвядоміць і як мага шырэй распаўсюджваць простую думку, што моўныя праблемы ня могуць быць casus belli, ня могуць быць падставамі і прычынамі для вайны. Абарона правоў чалавека – гэта іншая справа. Сёньня мы бачым палітыку Масквы, якая выкарыстоўвае мову, наўмысна правакуючы гэтыя рэчы, у якасьці падставы для канфліктаў. І вось менавіта гэта недапушчальна. У моўных пытаньнях трэба дамаўляцца, з павагай да правоў кожнага гаварыць на той мове, на якой ён лічыць неабходным.
Дракахруст: Уладзімер, вы кажаце, што разнастайнасьць – гэта добра, што трэба з усімі дамаўляцца, а вось Валер кажа зусім пра іншы досьвед, які сьведчыць пра тое, што трывалыя нацыі будуюцца на глебе гамагеннасьці этнічнай і культурнай, і безь ніякай разнастайнасьці.
Мацкевіч: Адно не супярэчыць іншаму. Аднароднасьць краіны, аднароднасьць нацыі – гэта натуральны працэс, натуральная зьява і не ў нашых сілах яе зьмяніць. Можна, канечне, зрабіць генацыд і такім чынам забясьпечыць гамагеннасьць. Але ператварыць нейкім цывілізаваным шляхам, напрыклад, расейца ў Латгаліі ў латыша, немагчыма. І, калі беларусаў у Польшчы ператвараюць у палякаў, гэта нядобра.
Дракахруст: А расейскамоўнага беларуса ў беларускамоўнага беларуса можна ператварыць цывілізаваным шляхам?
Мацкевіч: Гэта іншая справа, бо ў нас ёсьць дзьвюхмоўе. Мы ў краіне размаўляем на дзьвюх мовах. І гэта нават канстытуцыйна зацьверджана. Таму ніякага ціску ні на каго не аказваецца, калі мы проста патрабуем адказваць чалавеку на той мове, на якой ён да вас зьвяртаецца. Я яшчэ ні разу ня чуў, каб правы расейскамоўных беларусаў у гэтым пляне былі парушаныя.
А вось правы беларускамоўных беларусаў парушаюцца штодня ў дзяржаўных установах. Калі чалавек прыйшоў у суд і патрабуе, каб судовае разьбіральніцтва ішло на ягонай роднай мове ў краіне, дзе гэтая мова дзяржаўная – гэта яго грамадзянскія правы. А вось калі судзьдзя ня можа гэтага забясьпечыць, то гэта ўжо праблемы дзяржавы.
Размовы пра тое, што парушаюцца, напрыклад, правы расейскамоўных ва Ўкраіне – гэта ж хлусьня, бо ніхто ва Ўкраіне не парушаў права грамадзяніна размаўляць на расейскай мове.
Дракахруст: Валер, вы казалі пра аднароднасьць як умову трываласьці нацыі, але паглядзім на найноўшую гісторыю Беларусі. Відавочна, адбываецца заняпад беларускай мовы. Ад перапісу да перапісу зьніжаецца доля людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай у штодзённым ужытку і нават доля людзей, якія кажуць, што беларуская мова для іх родная. Калі мова – апірышча нацыі і нацыянальнай дзяржавы, то як, дзякуючы чаму пры заняпадзе беларускай мовы ўсё ж ужо 23 гады існуе дзяржава Беларусь, чаму яна не ператварылася ў такі вялікі Тамбоў? Ці насамрэч ужо і ператварылася і зьяўляецца менавіта вялікім Тамбовам?
Булгакаў: Я не зусім разумею, што такое «вялікі Тамбоў».
Дракахруст: Гэта азначае, што гэта дэ факта ёсьць Расея.
Булгакаў: Тут я бачу некалькі праблем. Вядомы канадзкі палітоляг, дасьледчык Беларусі Дэвід Марплз апісвае Беларусь, як другую, разам з РФ, расейскамоўную дзяржаву. У нашым мысьленьні мы часта блытаем паняцьці «нацыя» і «дзяржава». Нам здаецца, што наяўнасьць дзяржавы ёсьць перадумовай разьвіцьця і росквіту пэўнай нацыі.
Уласна кажучы, беларуская сытуацыя, як ніякая іншая, дэманструе памылковасьць гэтага тэзісу. Мы зьяўляемся сьведкамі даволі нестандартнага для Заходняй Эўропы працэсу, калі аўтарытарная дзяржава падаўляе нацыянальнае разьвіцьцё. Беларусь, безумоўна, з пункту гледжаньня сваёй дзяржаўнасьці – гэта не Расея, але гэтая беларуская дзяржаўнасьць яна такая ж хліпкая, як і цяперашняя ўкраінская.
Тут я згаджуся, напрыклад, з Аляксандрам Класкоўскім, які напісаў, што ўкраінскія падзеі паказваюць усю двудушнасьць беларускай дзяржавы. Цяпер мы пабачылі, што асноўныя агрэсіўныя ваенныя выклікі для існаваньня дзяржавы, падобнай на беларускую альбо ўкраінскую, прыходзяць з усходу. Але паранаідальнасьць дзяржаўнай прапаганды палягае ў тым, што гэта ніяк не фіксуецца і не асэнсоўваецца. Абсалютна пэўна, што ў выпадку прыходу ў Беларусі да ўлады дэмакратычнага ўраду мы можам чакаць вайсковай інтэрвэнцыі з боку Расеі.
Дракахруст: Ігар, а як бы вы адказалі на гэтае пытаньне, якое выглядае парадаксальным з пункту гледжаньня падыходу Валера? Апірышча дзяржавы – гэта мова і культура. У Беларусі сытуацыя, мякка кажучы, неаднародная. Прычым ужытак беларускай мовы звужаецца. Ці вынікае адсюль, што Беларусь – гэта дэ факта Расея?
Бабкоў: Па-першае, не вынікае. Па-другое, мне складана падтрымліваць дыялёг і з Валерам, і з вамі, таму што мне здаецца, што гэта дыялёг глухіх. У Валера лёгіка палітычнага экспэрта, у вас лёгіка журналісцкая і вы спрабуеце не зразумець альбо дэзавуяваць тыя схемы, якія мы з Уладзімерам Мацкевічам прапаноўваем.
Яшчэ раз: няма ніякіх расейскамоўных у Беларусі. Беларусь уяўляе сабой дзяржаву, дзе абсалютная большасьць – білінгвы. Беларусь на 99,9% так альбо інакш, актыўна альбо пасіўна ўдзельнічае ў гэтым білінгвізьме.
І гэта трэба вельмі жорстка замацаваць на ўзроўні карціны сьвету. Калі мы будзем плакацца, як бабёр, як гэта робіць Валер, маўляў, усё прапала, бо ўсе расейскамоўныя і мы ніколі ня зробім этнічную гамагенную дзяржаву, то інтэлектуальна гэта поўная лухта. У мяне проста няма часу з усім гэтым спрачацца. Шкада, што Валер убіўся ў такі ідыятызм, з майго пункту гледжаньня. Карціна сьвету зусім іншая і стратэгія зусім іншая.
За гэтыя 20 гадоў мы выдатна разумеем, што трэба рабіць зь беларускай мовай. У нас ёсьць прыгожыя стратэгіі выжываньня і разьвіцьця, нягледзячы на адсутнасьць падтрымкі дзяржавы. У нас ёсьць, напрыклад, высокая беларуская элітарная культура, беларуская літаратура, беларуская мэтафізыка, беларуская філязофія, беларуская мысьленьне. У нас ёсьць беларускі трэш, напрыклад, той жа праект Андрэя Дынько «Наша Ніва», да беларускага трэшу зараз імкліва далучаецца «Архэ». У нас ёсьць беларускі глямур – усе гэтыя прывабныя і спакушальныя шоў Глеба Лабадзенкі і Валярыны Куставай.
У нас ёсьць, што рабіць. І калі сапраўды штосьці зьменіцца, то першае, што мы зробім – гэта не ідыёцкія законы пра гамагенізацыю ці этнізацыю, а стварэньне, напрыклад, той жа элітарнай беларускай сыстэмы адукацыі па прыкладу колішняга беларускага Коласаўскага ліцэю, які быў фантастычна прадуктыўным і пасьпяховым праектам. На гэта трэба зьвяртаць увагу. А тое, што мы ня ўмеем – гэта працаваць з расейскай мовай. Туды трэба ісьці, пакідаючы за сабой і працягваючы пасьпяхова ўсе беларускія праекты.
Ва Ўладзімера Мацкевіча ёсьць фантастычна прыгожы лёзунг: «Масква павінна быць разбураная!». Трэба ісьці ў гэты рускі сьвет і гаварыць, што мы за рускі сьвет, але без Масквы, пра тое, што Масква зьяўляецца паразытычным жахлівым наростам на целе гэтага рускага сьвету. Трэба перафарматаваць яго палітычна, культурна і ідэалягічна. Трэба разбураць гэтыя схемы паразаў, тых карцінаў сьвету, згодна зь якімі мы прысуджаныя быць сьмешнай маленькай этнакультурнай меншынёй.
Дракахруст: Валер, вам слова для адказу. Я проста хачу зрабіць маленькую кантэкстную журналісцкую папраўку, як сказаў Ігар. Наконт лёзунгу пра «разбурэньне Масквы» – пакуль разбураецца не Масква, а нешта іншае. Мы бачым, што Расея дзейнічае празь «зялёных чалавечкаў». Але, глядзіце, дзе яны дзейнічаюць – гэта Крым і ўсход Украіны. Яны ж ня едуць у Кіеў ці Львоў. Яны едуць у тыя рэгіёны, дзе бальшыня гаворыць па-расейску. І высьвятляецца, што расейская мова (прынамсі так можна трактаваць) – брама ў «рускі сьвет» Пуціна, а ня ў той рускі сьвет, пра які гаворыць Ігар. Ці ня так?
Булгакаў: З Ігарам бессэнсоўна спрачацца, на мой погляд. Ён мяне пакрытыкаваў, я ў адказ таксама магу яго пакрытыкаваць, але ня бачу ў гэтым сэнсу.
Дракахруст: Тады адкажыце на канкрэтнае пытаньне: ці гэта сапраўды так, што расейская мова – гэта брама ў «рускі сьвет» Пуціна?
Булгакаў: Мы зноў падмяняем лінгвістычную рэальнасьць нейкімі палітычнымі спэкуляцыямі. Безумоўна, у Беларусі ёсьць людзі, якія гавораць па-расейску і не зьяўляюцца на мэнтальным ці культурным узроўні часткай «рускага сьвету». Але я зьвярну ўвагу на іншую праблему. Русыфікацыя беларусаў не была толькі моўным працэсам, яна закранала розныя ўзроўні ідэнтычнасьці чалавека. Яна таксама тычылася і гістарычнай карціны сьвету, гістарычнай сьвядомасьці, ідэнтычнасьці.
Чым беларусы адрозьніваюцца ад ірляндцаў пачатку ХХ стагодзьдзя? Ірляндцы гаварылі па-ангельску збольшага, але мелі выразнае адчуваньне сваёй адметнасьці, у тым ліку ўмацаванае і творамі ірляндзкіх гісторыкаў. У Беларусі такога няма.
Тут акурат будавалася з Масквы маналітная расейскамоўная супольнасьць, дзе ня толькі мова падганялася пад зададзены капыл, але і іншыя вымярэньні. Таму можна будзе гаварыць сур’ёзна, што расейскамоўныя беларусы вымкнутыя з «рускага міру» толькі пры той акалічнасьці, калі яны будуць валодаць разьвітым усьведамленьнем уласнай гісторыі, будуць адчуваць прыналежнасьць да беларускай гісторыі і беларускага культурнага кантэксту. Гэта вельмі цяжка вымераць пры дапамозе нейкіх сацыялягічных апытаньняў. Грамадзянская пазыцыя тут мае вельмі істотнае значэньне.
Напрыклад, падзеі на ўсходзе ва Ўкраіне, у Луганску і ў Данецку паказалі пасіўнасьць тамтэйшага насельніцтва. Па-першае, мясцовыя сілавыя структуры адмаўляюцца выконваць загады з Кіеву, па-другое, мы ня ўбачылі радыкальнага супраціву з боку расейскамоўных праўкраінскіх жыхароў украінскага ўсходу тым сілам, якія належаць да «рускага сьвету».
Але гэта ізноў мэтафізычныя канструкцыі, бо мы маем тую рэальнасьць, якую мы маем – падзеньне долі носьбітаў беларускай мовы. Мы маем моўную сытуацыю, калі ў Беларусі па-беларуску выдаецца 600 кніжак у год. Мы маем 670 студэнтаў, якія навучаюцца на беларускай мове, і мы маем фактычна каляпс школьнай адукацыі.
На гэтым фоне гаварыць пра тое, што ў нас усё добра – даволі ілюзорна.
Дракахруст: Уладзімер, як вы ставіцеся да гэтай гіпотэзы, якую я сфармуляваў – што расейская мова, скажам так, вельмі скарэляваная са шляхам у «рускі сьвет» Пуціна?
Мацкевіч: Юра, давайце ня будзем ігнараваць рэальнасьць, якая палягае ў тым, што сапраўды ў Крыме «зялёныя чалавечкі» мелі амаль адназначную падтрымку насельніцтва, а вось у Луганску, у Данецку і ў Харкаве яны такой падтрымкі ня маюць. Правакацыі, якія робяцца падрыхтаванымі сэпаратыстамі і засланымі з Расеі правакатарамі, шырокай падтрымкі ва ўсходняй Украіне ня маюць. Нават у Адэсу яны ня лезуць. Тое, што яны пакуль існуюць у Данецку, Луганску і ў Харкаве – то без падтрымкі мясцовага насельніцтва. Таму ня трэба перабольшваць у гэтым сэнсе ўплыў «рускага сьвету» на расейскамоўную Украіну.
Трэба проста глядзець, што адбываецца, і хто перамагае. Мне падаецца, што беларускамоўнае асяродзьдзе ня вельмі добра арыентуецца і не надае ўвагі ў тым, што адбываецца ў рускамоўным асяродзьдзі. Я адзін зь нешматлікіх людзей, якія прысутнічаюць і там, і там амаль у роўнай ступені, амаль напалову.
У беларускай расейскамоўнай грамадзе адбываюцца працэсы падвышэньня нацыянальнай сьвядомасьці. Мы можам сьмяяцца, зьдзекавацца над гістарычнай вартасьцю кніжак Анатоля Тараса, Міхася Галдзянкова ці кагосьці яшчэ. Але ж гістарычны падмурак, усталяваньне сьвядомасьці, адрознай ад расейскай, прысутнічае ў расейскамоўным асяродзьдзі. Гэта я не да таго, каб сказаць, што Валер ня мае рацыі. У мяне таксама баліць душа за заняпад беларускай мовы і трохі за беларускую культуру.
Але я пагаджуся з Ігарам ня ў тым сэнсе, што ў нас усё добра. Я хутчэй за ўсё падкрэсьліваю дрэнныя бакі, але тут я павінен сказаць, што сапраўды расейская мова цісьне беларускую па ўсіх франтах. У большасьці дзяржаўных установаў функцыянуе выключна расейская мова. Але ж беларуская культура, нават беларускамоўная, ня толькі беларуская на абедзьвюх мовах, мае наступальную стратэгію, яна пашыраецца і менавіта яна пануе ў Беларусі, нягледзячы ні на што. Людзі не карыстаюцца ў штодзённым жыцьці беларускай моваю, але яны сочаць за падзеямі, якія адбываюцца ў беларускай культуры.
Таму ў мяне ёсьць падставы меркаваць, што мы можам разьлічваць на нармалізацыю ўсяго гэтага працэсу, што ў першую чаргу патрабуе вельмі дакладнага, дысцыплінаванага, канцэптуальнага абгрунтаваньня ўсіх гэтых працэсаў. Трэба ня проста эмацыйнае, сакральнае, як кажа Акудовіч, стаўленьне да гэтай праблемы, а прагматычнае.
Дракахруст: Уладзімер, гаворачы пра Ўкраіну, вы сказалі, што расейскамоўным там ніхто не перашкаджаў размаўляць на расейскай мове. Але моўныя правы – гэта ня толькі права размаўляць дома з жонкай і дзецьмі на той мове, на якой табе хочацца. Такога права ніколі нікога не пазбаўляюць. Моўныя правы – гэта права атрымліваць і школьную, і вышэйшую адукацыю на роднай мове, гэта права атрымліваць адказы ад чынавенства на сваёй мове, гэта права разгляду справы ў судах на роднай мове, гэта права ў войску атрымліваць загады на сваёй мове. Калі мы вяртаемся ў Беларусь, як вы думаеце, якім чынам можа быць вырашаная моўная праблема менавіта ў гэтым сэнсе?
Мацкевіч: Якраз у тых галінах, дзе шмат чыньнікаў кантралюецца дзяржавай, наша мова выціснутая. І тут недаацэнка, недастатковая ўвага беларускамоўнага культурнага асяродку да палітычных дзяржаўных працэсаў замінае нам вырашыць гэтыя праблемы. Я заўсёды кажу, што тое, што ў нас расейская мова зробленая дзяржаўную моваю – гэта дае нам пэўную перавагу і сувэрэнітэт над гэтай мовай. Мы можам усталёўваць свае правілы над ёй. Можна ўвесьці свае правілы, кшталту беларускага «як чуецца, так і пішацца», і тады праз трасянку расейская дзяржаўная мова будзе эвалюцыянаваць у бок беларускай.
Без палітычных чыньнікаў, без увагі да дзяржаўных працэсаў, парлямэнту, ураду і гэтак далей, мы ня вырашым пытаньня ўжываньня беларускай мовы ў судах, у адукацыі і паўсюль ва ўсіх дзяржаўных установаў. На жаль, беларускамоўныя людзі, зьяўляючыся актыўнымі ў культурным пляне, зусім пасіўныя ў палітычным. А без палітычнай увагі гэтае пытаньне не вырашаецца.
Дракахруст: Валер, якая ваша формула моўнага міру? Ці формула вельмі простая: калі гамагеннасьць – гэта ідэал, то, зразумела, беларускай мовы павінна быць 100%.
Булгакаў: Я не гавару, што гамагеннасьць – гэта ідэал альбо ўмова нечага. Я проста гаварыў пра ўсходнеэўрапейскі досьвед. Хачу радыкальна не згадзіцца са спадаром Мацкевічам наконт пасіўнасьці беларусаў у палітычных пытаньнях і актыўнасьці ў культурным пляне. Шмат якія беларусы ўвогуле выключаны з палітычнага жыцьця і ня маюць ніякіх інструмэнтаў уплыву на дзяржаўнае рашэньне. Ня трэба рабіць высновы, што праблема ў нашай пасіўнасьці. Вы яшчэ скажыце, што на падзеях мінулай Плошчы беларусы ў чарговы раз прадэманстравалі сваю пасіўнасьць. Проста ў Беларусі пабудаваная абсалютна непрабіўная маналітная палітычная структура, дзе вельмі малая сувязь паміж нізамі і вярхамі. Асабліва гэта тычыцца палітычных ініцыятываў, якія, на думку ўлады, зьяўляюцца разбуральнымі і непрымальныя. Гэта першае.
Па-другое, я думаю, што тое, што мы цяпер чулі – гэта проста такая балбатня і гаварыльня інтэлектуалаў. Уласна кажучы, аднаму здаецца, што беларуская культура разьвіваецца, другому здаецца, што яна ў крызісе. Але зноў-такі гэта праекцыя таго стану, калі сутнаснае для дзяржавы і нацыі пытаньне абмяркоўваецца не ў парлямэнце, а на хвалях Радыё Свабода. Толькі пасьля пераходу Беларусі да нармальнага палітычнага ладу, мы зможам нешта вызначаць. Калі беларусы вырашаць, што беларуская мова ім непатрэбная, то калі ласка. Гэта значыць, што ня будзе адчуваньня, што гэтае пытаньне, праблематыка штучна заціскаецца.
Дракахруст: Валер, а чаму ў эфіры Радыё Свабода не папрактыкавацца на будучыню? Уявіце сабе, што вы дэпутат парлямэнту, на парадку дня стаіць пытаньне – «Як мы будзем будаваць Беларусь у моўным пляне?» Слова мае дэпутат Булгакаў.
Булгакаў: Думаю, што сапраўды цяпер проста адбываецца такое папярэдняе абмеркаваньне, калі назапашваецца канцэптуальная аснова для будучай дыскусіі, для будучых рашэньняў.
Пад канец сваёй дыскусіі хачу зьвярнуць увагу на тое, што досьвед лукашызму на самой справе будзе вельмі нэгатыўна адбівацца на будучых дыскусіях, бо ён будзе падахвочваць градус радыкалізму і фанатызму ў гэтым пытаньні. Гэта закон палітычнай фізыкі, што тое, што заціскаецца, штучна стрымліваецца, пры зьнішчэньні гэтых мэханізмаў можа набываць неспадзяваную энэргетыку.
Таксама вельмі кепска, што ў нас у моўнай сфэры фактычна ня вызначаныя правілы гульні. Сапраўды шмат рашэньняў прымаецца адвольна, без шырокага грамадзкага абмеркаваньня. У гэтым ёсьць небясьпека таго, што калі мы вернемся да нармальнасьці ў палітычнай сфэры, можа адбыцца змаганьне «сьценка на сьценку». Людзі ня будуць шукаць згоды і кампрамісу, а наадварот будуць імкнуцца правесьці сваю лінію, чаго б гэта ні каштавала.
Уласна кажучы, цяпер гэта і адбываецца. І тое, што фактычна ў Беларусі расейскамоўным беларусам быць камфортна, а беларускамоўным – не, безумоўна, можа мець пэўны эфэкт. Гэта будзе досьвед, які будзе матываваць праз 10-20 гадоў дасягнуць адваротнага стану рэчаў.
Дракахруст: Ігар, сапраўды ёсьць розныя сфэры ўжываньня мовы. На ваш погляд, як можа выглядаць формула моўнага міру альбо моўнай гармоніі? Ці можа яна выглядаць па-бухгальтарску, напрыклад, 20% ВНУ павінны быць беларускамоўныя? Маўляў, на большае не прэтэндуем, але гэта дайце. Як гэта павінна вырашацца, на ваш погляд?
Бабкоў: Калі пачынаць з гэтых фармальных крокаў, то мы якраз і атрымаем Украіну. Таму што ўкраінскі праект – гэта праект украінізацыі, спроба стварэньня культурна гамагеннай дзяржавы зьверху. З аднаго боку, гэта цудоўна, але з другога – мы разумеем, што ў беларускай сытуацыі ўсё гэта не праходзіць.
Тут патрэбныя больш тонкія і менш фармальныя рэчы. Я лічу, што пачынаць трэба з карціны сьвету, з таго, пра што мы адразу пачалі спрачацца. Калі вы прапануеце ўводзіць беларускую мову альбо далучацца да беларускамоўнай супольнасьці, як да лузэраў, якія прайгралі і зараз стаяць бедненькія і няшчасныя і падлічваюць адсоткі закрытых школаў, то ні ў каго такога жаданьня ня ўзьнікне. Трэба гаварыць пра тое, што ў Беларусі сфармавалася беларуская білінгвістычная нацыя, частка якой практыкуе гэты білінгвізм як у сфэры беларускай, так і ў сфэры расейскай моваў, а частка не дацягвае да беларускай мовы.
І мы гаворым тады, што мы не прапануем пераходзіць з расейскай на беларускую, а прапануем падцягнуць гэтую беларускамоўную частку. І гэта зусім іншая карціна сьвету і будзе зусім іншая пэрспэктыва для большасьці людзей. Трэба сказаць чалавеку: глядзіце, як прыгожа ў галерэі «Ў» зьбіраюцца «Шоў беларушчыны» ці якая цікавая беларуская літаратура, далучайцеся, вы нічога не губляеце, у гэтай пэрспэктыве вы можаце толькі набыць. Калі прапаноўваць далучацца да вартага, то ўсё атрымоўваецца. Калі сыходзіць з гэтай карціны сьвету, якую намаляваў Валер Булгакаў, то тады ўсё сапраўды прайграна і страчана. Я не хацеў бы жыць у сьвеце Валера Булгакава.
Аднароднасьць ці разнастайнасьць
Дракахруст: Анэксія Расеяй Крыму, забурэньні на ўсходзе Ўкраіны робяць відавочным палітычнае вымярэньне моўнай праблемы. Але якія высновы варта зрабіць з украінскага ўроку, як прадухіліць падобнае разьвіцьцё падзеяў: ці ідучы насустрач пажаданьням моўных грамадаў ці наадварот – абмяжоўваючы магчымасьці мовы, якую вялікі сусед выкарыстоўвае ў якасьці «траянскага каня»?Бабкоў: Я думаю, што ні першае і ні другое, таму што гэтая апазыцыя паміж беларускай мовай, у нашым выпадку, і расейскай, як паміж мовай меншасьці і мовай большасьці – яна крышачку фальшывая. Мы будзем гаварыць і ад імя беларускамоўнай меншасьці і ад імя білінгвістычнай большасьці. І калі мы гаворым ад імя білінгвістычнай большасьці, то мы гаворым пра тое, што расейская мова зьяўляецца такім самым інструмэнтам і такой самай уласнасьцю беларускай супольнасьці, як і беларуская мова. Адзінае, што варта было б зрабіць – гэта жорстка аддзяліць беларускую расейскую мову ад маскоўскага «говорка», ад таго імпэрскага інструмэнту, які скарыстоўвае Расея, паспрабаваць правесьці посткаляніяльную дэканструкцыю, абясшкоджваньне расейскай мовы і прыдумаць для сябе тую расейскую мову, якая б ня несла пагрозы. Магчыма, назваўшы расейскую мову расейцаў маскоўскай, ці маскоўскім дыялектам, я ня ведаю, што заўгодна. Нам трэба дзейнічаць на тэрыторыі праціўніка, і дзейнічаць не ад абароны, а хутчэй ад наступу.
Дракахруст: Валер, які ваш адказ? Справа ў тым, што вынікам пляну, які прапаноўвае Ігар, можа быць тое, што беларуская расейская мова запануе і выцісьне ўласна беларускую мову.
Булгакаў: Мая першая выснова з украінска-расейскіх падзеяў апошняга часу трошку ў іншым. Яна ў тым, што вакно для адносна нетраўматычнай трансфармацыі краін постсавецкай прасторы, здаецца, зачынілася. Цяпер настаў той момант Х, калі Расея проста так ужо нікога ня выпусьціць з-пад свайго ўплыву. Тое, што практыкавалася на працягу 90-х гадоў адразу пасьля краху Савецкага Саюзу, адышло ў нябыт.
Ніхто не перашкаджаў Расейскай Фэдэрацыі ў 1992 ці ў 1993 гадах увесьці свае войскі на тэрыторыю Латгаліі, захапіць Дзьвінск. Дагэтуль 70% насельніцтва Даўгаўпілса (ці Дзьвінску) складаюць этнічныя расейцы. Чым не прычына абараніць сваё этнічна аднароднае насельніцтва? Але ў тыя часы Расея мела іншы клопат, вызначала сабе іншыя прыярытэты. Цяпер пасьля доўгага часу палітычна-эканамічнай трансфармацыі, уласна кажучы, яе ўнутраная стратэгічная лінія дайшла да таго, што мы бачым. Гэта ўрок №1.
А ўрок №2 я бачу ў рэчышчы агульнага ўсходнеэўрапейскага досьведу, паводле якога ўтварэньне этнічна-аднародных і культурна-гамагенных нацый – гэта не вынаходніцтва пачатку ХХ стагодзьдзя, а досьвед траекторыі разьвіцьця цэнтральна- і ўсходнеэўрапейскіх нацый ужо ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя.
Але Беларусь ня мае ані рэсурсаў, ані палітычных інструмэнтаў для падобнага разьвіцьця падзеяў. Уласна кажучы, тое, што мы бачым цяпер – гэта абмяжоўваньне магчымасьцяў не расейскай мовы, а беларускай. Прычым, гэта адбываецца плянамерна і пасьлядоўна. І менавіта беларуская мова, на мой погляд, знаходзіцца на мяжы зьнішчэньня ці адміраньня.
Таму найбліжэйшая будучыня прынамсі нічога добрага не варожыць. Я перакананы, што любая зьмена status quo, нават у моўным пляне, будзе выклікаць вельмі непрыемную рэакцыю расейскага кіраўніцтва. Яна ўжо і цяпер трансьлюецца праз маргінальныя сайты, кшталту Imperia.by і агенцтва Regnum.
Дракахруст: Уладзімер, ці можна зараз, ва ўмовах, калі Расея знаходзіцца, так бы мовіць, на маршы, рэалізаваць тое, пра што казаў Валер наконт этнічна- і культурна-аднароднага грамадзтва?
Мацкевіч: Сучасны сьвет прывучае нас думаць, што разнастайнасьць – гэта ёсьць багацьце нацыі, а ня толькі хіба. Як і ў любых зьявах, у гэтым ёсьць станоўчыя і адмоўныя бакі. Але ж мы павінны імкнуцца ўзмацняць станоўчыя бакі і прадухіляць небясьпеку адмоўных.
Сёньня мова – гэта ня толькі палітычнае пытаньне. Але ж сёньня яно стала і ваенным пытаньнем. І таму мова, скажам так, гэта абарона ад інфармацыйнага, прапагандысцкага ўплыву. На жаль, Беларусь зь яе дамінаваньнем расейскай мовы такой абароны ад расейскай прапаганды ня мае.
Мы павінны ўсьвядоміць і як мага шырэй распаўсюджваць простую думку, што моўныя праблемы ня могуць быць casus belli, ня могуць быць падставамі і прычынамі для вайны. Абарона правоў чалавека – гэта іншая справа. Сёньня мы бачым палітыку Масквы, якая выкарыстоўвае мову, наўмысна правакуючы гэтыя рэчы, у якасьці падставы для канфліктаў. І вось менавіта гэта недапушчальна. У моўных пытаньнях трэба дамаўляцца, з павагай да правоў кожнага гаварыць на той мове, на якой ён лічыць неабходным.
Дракахруст: Уладзімер, вы кажаце, што разнастайнасьць – гэта добра, што трэба з усімі дамаўляцца, а вось Валер кажа зусім пра іншы досьвед, які сьведчыць пра тое, што трывалыя нацыі будуюцца на глебе гамагеннасьці этнічнай і культурнай, і безь ніякай разнастайнасьці.
Мацкевіч: Адно не супярэчыць іншаму. Аднароднасьць краіны, аднароднасьць нацыі – гэта натуральны працэс, натуральная зьява і не ў нашых сілах яе зьмяніць. Можна, канечне, зрабіць генацыд і такім чынам забясьпечыць гамагеннасьць. Але ператварыць нейкім цывілізаваным шляхам, напрыклад, расейца ў Латгаліі ў латыша, немагчыма. І, калі беларусаў у Польшчы ператвараюць у палякаў, гэта нядобра.
Дракахруст: А расейскамоўнага беларуса ў беларускамоўнага беларуса можна ператварыць цывілізаваным шляхам?
Мацкевіч: Гэта іншая справа, бо ў нас ёсьць дзьвюхмоўе. Мы ў краіне размаўляем на дзьвюх мовах. І гэта нават канстытуцыйна зацьверджана. Таму ніякага ціску ні на каго не аказваецца, калі мы проста патрабуем адказваць чалавеку на той мове, на якой ён да вас зьвяртаецца. Я яшчэ ні разу ня чуў, каб правы расейскамоўных беларусаў у гэтым пляне былі парушаныя.
А вось правы беларускамоўных беларусаў парушаюцца штодня ў дзяржаўных установах. Калі чалавек прыйшоў у суд і патрабуе, каб судовае разьбіральніцтва ішло на ягонай роднай мове ў краіне, дзе гэтая мова дзяржаўная – гэта яго грамадзянскія правы. А вось калі судзьдзя ня можа гэтага забясьпечыць, то гэта ўжо праблемы дзяржавы.
Размовы пра тое, што парушаюцца, напрыклад, правы расейскамоўных ва Ўкраіне – гэта ж хлусьня, бо ніхто ва Ўкраіне не парушаў права грамадзяніна размаўляць на расейскай мове.
На чым грунтуецца дзяржаўнасьць Беларусі?
Дракахруст: Валер, вы казалі пра аднароднасьць як умову трываласьці нацыі, але паглядзім на найноўшую гісторыю Беларусі. Відавочна, адбываецца заняпад беларускай мовы. Ад перапісу да перапісу зьніжаецца доля людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай у штодзённым ужытку і нават доля людзей, якія кажуць, што беларуская мова для іх родная. Калі мова – апірышча нацыі і нацыянальнай дзяржавы, то як, дзякуючы чаму пры заняпадзе беларускай мовы ўсё ж ужо 23 гады існуе дзяржава Беларусь, чаму яна не ператварылася ў такі вялікі Тамбоў? Ці насамрэч ужо і ператварылася і зьяўляецца менавіта вялікім Тамбовам?
Булгакаў: Я не зусім разумею, што такое «вялікі Тамбоў».
Дракахруст: Гэта азначае, што гэта дэ факта ёсьць Расея.
Булгакаў: Тут я бачу некалькі праблем. Вядомы канадзкі палітоляг, дасьледчык Беларусі Дэвід Марплз апісвае Беларусь, як другую, разам з РФ, расейскамоўную дзяржаву. У нашым мысьленьні мы часта блытаем паняцьці «нацыя» і «дзяржава». Нам здаецца, што наяўнасьць дзяржавы ёсьць перадумовай разьвіцьця і росквіту пэўнай нацыі.
Уласна кажучы, беларуская сытуацыя, як ніякая іншая, дэманструе памылковасьць гэтага тэзісу. Мы зьяўляемся сьведкамі даволі нестандартнага для Заходняй Эўропы працэсу, калі аўтарытарная дзяржава падаўляе нацыянальнае разьвіцьцё. Беларусь, безумоўна, з пункту гледжаньня сваёй дзяржаўнасьці – гэта не Расея, але гэтая беларуская дзяржаўнасьць яна такая ж хліпкая, як і цяперашняя ўкраінская.
Тут я згаджуся, напрыклад, з Аляксандрам Класкоўскім, які напісаў, што ўкраінскія падзеі паказваюць усю двудушнасьць беларускай дзяржавы. Цяпер мы пабачылі, што асноўныя агрэсіўныя ваенныя выклікі для існаваньня дзяржавы, падобнай на беларускую альбо ўкраінскую, прыходзяць з усходу. Але паранаідальнасьць дзяржаўнай прапаганды палягае ў тым, што гэта ніяк не фіксуецца і не асэнсоўваецца. Абсалютна пэўна, што ў выпадку прыходу ў Беларусі да ўлады дэмакратычнага ўраду мы можам чакаць вайсковай інтэрвэнцыі з боку Расеі.
Дракахруст: Ігар, а як бы вы адказалі на гэтае пытаньне, якое выглядае парадаксальным з пункту гледжаньня падыходу Валера? Апірышча дзяржавы – гэта мова і культура. У Беларусі сытуацыя, мякка кажучы, неаднародная. Прычым ужытак беларускай мовы звужаецца. Ці вынікае адсюль, што Беларусь – гэта дэ факта Расея?
Бабкоў: Па-першае, не вынікае. Па-другое, мне складана падтрымліваць дыялёг і з Валерам, і з вамі, таму што мне здаецца, што гэта дыялёг глухіх. У Валера лёгіка палітычнага экспэрта, у вас лёгіка журналісцкая і вы спрабуеце не зразумець альбо дэзавуяваць тыя схемы, якія мы з Уладзімерам Мацкевічам прапаноўваем.
Яшчэ раз: няма ніякіх расейскамоўных у Беларусі. Беларусь уяўляе сабой дзяржаву, дзе абсалютная большасьць – білінгвы. Беларусь на 99,9% так альбо інакш, актыўна альбо пасіўна ўдзельнічае ў гэтым білінгвізьме.
І гэта трэба вельмі жорстка замацаваць на ўзроўні карціны сьвету. Калі мы будзем плакацца, як бабёр, як гэта робіць Валер, маўляў, усё прапала, бо ўсе расейскамоўныя і мы ніколі ня зробім этнічную гамагенную дзяржаву, то інтэлектуальна гэта поўная лухта. У мяне проста няма часу з усім гэтым спрачацца. Шкада, што Валер убіўся ў такі ідыятызм, з майго пункту гледжаньня. Карціна сьвету зусім іншая і стратэгія зусім іншая.
За гэтыя 20 гадоў мы выдатна разумеем, што трэба рабіць зь беларускай мовай. У нас ёсьць прыгожыя стратэгіі выжываньня і разьвіцьця, нягледзячы на адсутнасьць падтрымкі дзяржавы. У нас ёсьць, напрыклад, высокая беларуская элітарная культура, беларуская літаратура, беларуская мэтафізыка, беларуская філязофія, беларуская мысьленьне. У нас ёсьць беларускі трэш, напрыклад, той жа праект Андрэя Дынько «Наша Ніва», да беларускага трэшу зараз імкліва далучаецца «Архэ». У нас ёсьць беларускі глямур – усе гэтыя прывабныя і спакушальныя шоў Глеба Лабадзенкі і Валярыны Куставай.
У нас ёсьць, што рабіць. І калі сапраўды штосьці зьменіцца, то першае, што мы зробім – гэта не ідыёцкія законы пра гамагенізацыю ці этнізацыю, а стварэньне, напрыклад, той жа элітарнай беларускай сыстэмы адукацыі па прыкладу колішняга беларускага Коласаўскага ліцэю, які быў фантастычна прадуктыўным і пасьпяховым праектам. На гэта трэба зьвяртаць увагу. А тое, што мы ня ўмеем – гэта працаваць з расейскай мовай. Туды трэба ісьці, пакідаючы за сабой і працягваючы пасьпяхова ўсе беларускія праекты.
Ва Ўладзімера Мацкевіча ёсьць фантастычна прыгожы лёзунг: «Масква павінна быць разбураная!». Трэба ісьці ў гэты рускі сьвет і гаварыць, што мы за рускі сьвет, але без Масквы, пра тое, што Масква зьяўляецца паразытычным жахлівым наростам на целе гэтага рускага сьвету. Трэба перафарматаваць яго палітычна, культурна і ідэалягічна. Трэба разбураць гэтыя схемы паразаў, тых карцінаў сьвету, згодна зь якімі мы прысуджаныя быць сьмешнай маленькай этнакультурнай меншынёй.
Дракахруст: Валер, вам слова для адказу. Я проста хачу зрабіць маленькую кантэкстную журналісцкую папраўку, як сказаў Ігар. Наконт лёзунгу пра «разбурэньне Масквы» – пакуль разбураецца не Масква, а нешта іншае. Мы бачым, што Расея дзейнічае празь «зялёных чалавечкаў». Але, глядзіце, дзе яны дзейнічаюць – гэта Крым і ўсход Украіны. Яны ж ня едуць у Кіеў ці Львоў. Яны едуць у тыя рэгіёны, дзе бальшыня гаворыць па-расейску. І высьвятляецца, што расейская мова (прынамсі так можна трактаваць) – брама ў «рускі сьвет» Пуціна, а ня ў той рускі сьвет, пра які гаворыць Ігар. Ці ня так?
Булгакаў: З Ігарам бессэнсоўна спрачацца, на мой погляд. Ён мяне пакрытыкаваў, я ў адказ таксама магу яго пакрытыкаваць, але ня бачу ў гэтым сэнсу.
Дракахруст: Тады адкажыце на канкрэтнае пытаньне: ці гэта сапраўды так, што расейская мова – гэта брама ў «рускі сьвет» Пуціна?
Булгакаў: Мы зноў падмяняем лінгвістычную рэальнасьць нейкімі палітычнымі спэкуляцыямі. Безумоўна, у Беларусі ёсьць людзі, якія гавораць па-расейску і не зьяўляюцца на мэнтальным ці культурным узроўні часткай «рускага сьвету». Але я зьвярну ўвагу на іншую праблему. Русыфікацыя беларусаў не была толькі моўным працэсам, яна закранала розныя ўзроўні ідэнтычнасьці чалавека. Яна таксама тычылася і гістарычнай карціны сьвету, гістарычнай сьвядомасьці, ідэнтычнасьці.
Чым беларусы адрозьніваюцца ад ірляндцаў пачатку ХХ стагодзьдзя? Ірляндцы гаварылі па-ангельску збольшага, але мелі выразнае адчуваньне сваёй адметнасьці, у тым ліку ўмацаванае і творамі ірляндзкіх гісторыкаў. У Беларусі такога няма.
Тут акурат будавалася з Масквы маналітная расейскамоўная супольнасьць, дзе ня толькі мова падганялася пад зададзены капыл, але і іншыя вымярэньні. Таму можна будзе гаварыць сур’ёзна, што расейскамоўныя беларусы вымкнутыя з «рускага міру» толькі пры той акалічнасьці, калі яны будуць валодаць разьвітым усьведамленьнем уласнай гісторыі, будуць адчуваць прыналежнасьць да беларускай гісторыі і беларускага культурнага кантэксту. Гэта вельмі цяжка вымераць пры дапамозе нейкіх сацыялягічных апытаньняў. Грамадзянская пазыцыя тут мае вельмі істотнае значэньне.
Напрыклад, падзеі на ўсходзе ва Ўкраіне, у Луганску і ў Данецку паказалі пасіўнасьць тамтэйшага насельніцтва. Па-першае, мясцовыя сілавыя структуры адмаўляюцца выконваць загады з Кіеву, па-другое, мы ня ўбачылі радыкальнага супраціву з боку расейскамоўных праўкраінскіх жыхароў украінскага ўсходу тым сілам, якія належаць да «рускага сьвету».
Але гэта ізноў мэтафізычныя канструкцыі, бо мы маем тую рэальнасьць, якую мы маем – падзеньне долі носьбітаў беларускай мовы. Мы маем моўную сытуацыю, калі ў Беларусі па-беларуску выдаецца 600 кніжак у год. Мы маем 670 студэнтаў, якія навучаюцца на беларускай мове, і мы маем фактычна каляпс школьнай адукацыі.
На гэтым фоне гаварыць пра тое, што ў нас усё добра – даволі ілюзорна.
Дракахруст: Уладзімер, як вы ставіцеся да гэтай гіпотэзы, якую я сфармуляваў – што расейская мова, скажам так, вельмі скарэляваная са шляхам у «рускі сьвет» Пуціна?
Мацкевіч: Юра, давайце ня будзем ігнараваць рэальнасьць, якая палягае ў тым, што сапраўды ў Крыме «зялёныя чалавечкі» мелі амаль адназначную падтрымку насельніцтва, а вось у Луганску, у Данецку і ў Харкаве яны такой падтрымкі ня маюць. Правакацыі, якія робяцца падрыхтаванымі сэпаратыстамі і засланымі з Расеі правакатарамі, шырокай падтрымкі ва ўсходняй Украіне ня маюць. Нават у Адэсу яны ня лезуць. Тое, што яны пакуль існуюць у Данецку, Луганску і ў Харкаве – то без падтрымкі мясцовага насельніцтва. Таму ня трэба перабольшваць у гэтым сэнсе ўплыў «рускага сьвету» на расейскамоўную Украіну.
Трэба проста глядзець, што адбываецца, і хто перамагае. Мне падаецца, што беларускамоўнае асяродзьдзе ня вельмі добра арыентуецца і не надае ўвагі ў тым, што адбываецца ў рускамоўным асяродзьдзі. Я адзін зь нешматлікіх людзей, якія прысутнічаюць і там, і там амаль у роўнай ступені, амаль напалову.
У беларускай расейскамоўнай грамадзе адбываюцца працэсы падвышэньня нацыянальнай сьвядомасьці. Мы можам сьмяяцца, зьдзекавацца над гістарычнай вартасьцю кніжак Анатоля Тараса, Міхася Галдзянкова ці кагосьці яшчэ. Але ж гістарычны падмурак, усталяваньне сьвядомасьці, адрознай ад расейскай, прысутнічае ў расейскамоўным асяродзьдзі. Гэта я не да таго, каб сказаць, што Валер ня мае рацыі. У мяне таксама баліць душа за заняпад беларускай мовы і трохі за беларускую культуру.
Але я пагаджуся з Ігарам ня ў тым сэнсе, што ў нас усё добра. Я хутчэй за ўсё падкрэсьліваю дрэнныя бакі, але тут я павінен сказаць, што сапраўды расейская мова цісьне беларускую па ўсіх франтах. У большасьці дзяржаўных установаў функцыянуе выключна расейская мова. Але ж беларуская культура, нават беларускамоўная, ня толькі беларуская на абедзьвюх мовах, мае наступальную стратэгію, яна пашыраецца і менавіта яна пануе ў Беларусі, нягледзячы ні на што. Людзі не карыстаюцца ў штодзённым жыцьці беларускай моваю, але яны сочаць за падзеямі, якія адбываюцца ў беларускай культуры.
Таму ў мяне ёсьць падставы меркаваць, што мы можам разьлічваць на нармалізацыю ўсяго гэтага працэсу, што ў першую чаргу патрабуе вельмі дакладнага, дысцыплінаванага, канцэптуальнага абгрунтаваньня ўсіх гэтых працэсаў. Трэба ня проста эмацыйнае, сакральнае, як кажа Акудовіч, стаўленьне да гэтай праблемы, а прагматычнае.
Як дасягнуць негвалтоўнага моўнага міру?