Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заплаціш за электраэнэргію і газ — будзеш сядзець галодны»


Улада заявіла, што ў 2015 годзе беларусы пачнуць цалкам аплочваць спажытыя электраэнэргію і газ. Як вырастуць плацяжы і што пра гэта кажуць людзі?

Як сьцьвярджаюць улады, цяпер за камунальныя паслугі беларусы аплочваюць у сярэднім каля 28 адсоткаў іхнага кошту. Кубамэтар газу, напрыклад, абыходзіцца гараджаніну без малога ў 2 тысячы рублёў, кіляват электраэнэргіі — у 610,6 рубля.

Наколькі канкрэтна вырасьце, напрыклад, для гамельчукоў кошт таго ж газу, эканамісты дзяржаўнага прадпрыемства «Гомельаблгаз» сказаць не бяруцца. Гэтаксама як і ня кажуць, колькі цяпер даплачвае прадпрыемства за насельніцтва:

«У нас ёсьць пастанова Савету Міністраў ад 28.02.2014 — яны вызначаюць кошты на газ для насельніцтва. Які кошт яны зробяць, такі і будзе ў 2015 годзе».

Падобным жа чынам адказваюць і эканамісты-энэргетыкі.

Калі зыходзіць з таго, што насельніцтва аплачвае камуналку толькі ў памеры 28 адсоткаў, то кошты газу і электраэнэргіі павінны падняцца ў наступным годзе прыкладна ў 3 разы.

Гомельская пэнсіянэрка Галіна кажа, што не гатовая да такога пад’ёму коштаў зь цяперашнім узроўнем пэнсіі:

«З гэтай пэнсіі мы ня зможам аплочваць усе гэтыя камунальныя паслугі — газ, электрасьвятло. Мы ня зможам. Ну ня з двух жа мільёнаў плаціць сто працэнтаў?! У мяне пэнсія 2 мільёны 400 тысяч. Павяліч плацяжы — а што на харчаваньне застанецца? На хлеб і на соль? Бо на малако ўжо ня хопіць».

Гараджанін Уладзімер, які жыве ў двухпакаёўцы, атрымлівае пэнсію і на дадатак падпрацоўвае, не палохаецца павышэньня коштаў газу і электраэнэргіі:

«У мяне службовае жытло. За газ, электраэнэргію я плачу па дзяржаўным кошце. Гэтаксама і за тэхабслугоўваньне. Калі, дапусьцім, камуналка будзе каштаваць 600–700 тысяч, то для мяне гэта нармальна. Затое я ня буду хвалявацца, што мне адключаць газ ці электрычнасьць альбо ваду перакрыюць. Я прыйшоў — у мяне цёпленька, у мяне сьвятло, у мяне ўсё. За паслугі трэба плаціць».

Больш разважліва ставіцца да заяваў улады пра чарговае павелічэньне платы за камунальныя паслугі гамяльчук Леанід:
Мы за ўсё будзем плаціць 100 адсоткаў — толькі дайце нам на сто адсоткаў большыя пэнсіі і заробкі

«Арытмэтыка гэтая, натуральна, не падабаецца. Але трэба будзе паглядзець на ўзровень рэальных даходаў. Спадзяюся, што гэта будзе зьвязана з выраўноўваньнем даходаў. Дапусьцім, мне зараз сьвеціць невялікая пэнсія, і я яшчэ ня ведаю, як гэта адаб’ецца на ўзроўні жыцьця. Таму і заробкі, і пэнсіі — трэба ніжні парог паднімаць. Усё залежыць ад узроўню рэальных даходаў, і толькі ад гэтага. Прычым каб ня ў лічбах гэта выражалася, а ў якіх працэнтах. Дапусьцім, калі тая ж квартплата — хоць стоадсоткава, хоць меней — будзе „важыць“ у межах 20 адсоткаў ад рэальных даходаў, то гэта нармальна. Нават калі будзе камуналка і 25 адоткаў. Калі вышэй, то гэта ўжо ненармальна».

Жанчына ў гадах на ўсё захады ўлады павялічваць аплату камунальных плацяжоў рэагуе эмацыйна:

«Ну, калі стоадсоткава плаціць за газ, то дзе мы возьмем з двухмільённай пэнсіі сродкі, каб аплаціць на ўсе сто адсоткаў газ? За якія шышы? Мы за ўсё будзем плаціць 100 адсоткаў — толькі дайце нам на сто адсоткаў большыя пэнсіі і заробкі».

Тым часам Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, са свайго боку, прапануе насельніцтву раўнадолевы ўдзел у фінансаваньні капітальнага рамонту жыльлёвага фонду. Як сьцьвярджаюць камунальнікі, цяпер насельніцтва аплочвае такі рамонт нібыта толькі на траціну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG