Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даражэе малако і вырасьце «жыроўка»


У Беларусі павышаныя гранічныя максымальныя адпускныя кошты на малочную прадукцыю. Адпаведнае рашэньне зацьверджана пастановай Мінэканомікі ад 14 лютага, якая сёньня апублікавана на Нацыянальным прававым партале.

На 7 працэнтаў павышаныя адпускныя кошты на малако і кефір тлустасьцю да 3,5 працэнты, сьмятану тлустасьцю да 25 працэнтаў і тварог тлустасьцю да 9 працэнтаў. На 5 працэнтаў павялічаныя кошты на малако і кефір тлустасьцю вышэй за 3,5 працэнты, сьмятану тлустасьцю вышэй за 25 працэнтаў, тварог тлустасьцю вышэй за 9 працэнтаў.

Такім чынам, напрыклад, гранічныя максымальныя адпускныя кошты на пастэрызаванае малако ўсталёўваюцца ў межах 3075 — 5007 рублёў за літар, на кефір тлустасьцю да 3,5 працэнты — ад 2810 да 5051 рублёў, сьмятану тлустасьцю да 25 працэнтаў — ад 12352 да 20091 рублёў.

Тым часам, міністр ЖКГ Андрэй Шорац прапануе павысіць плату за камунальныя паслугі праз увядзеньне ў жыроўку дадатковага пункту — інвэстыцыйнай надбаўкі. З такой прапановай ён выступіў на паседжаньні працоўнай групы па вывучэньні праблемных пытаньняў у жыльлёва-камунальнай гаспадарцы.

«Увядзеньне інвэстыцыйнага складніка ў плянава-разьліковы кошт дазволіць прыцягнуць інвэстыцыі ў галіну, а значыць, зьнізіць бюджэтнае фінансаваньне», — патлумачыў Шорац.

Эканаміст Міхал Залескі лічыць, што ўлады могуць павышаць кошты бясконца на любыя тавары і паслугі — гэта ніякім чынам не адаб’ецца, напрыклад, на выніках мясцовых выбараў. Таксама экспэрт патлумачыў, што рост кошту малочнай сыравіны — зьява заканамерная, бо гэта вынік неэфэктыўнасьці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў:

Міхал Залескі
Міхал Залескі
«Выбары, каторыя набліжаюцца, абсалютна нікога не хвалююць: ні насельніцтва, ні ўладу. Усіх, каго трэба, выбяруць. Таму можна спакойна павышаць кошты на любую велічыню, што кіраўніцтва краіны і робіць. Мяжу павышэньня вызначае цярплівасьць нацыі. А паколькі нацыю ліквідавалі, а цярпеньне насельніцтва бясконцае, то і павышаць кошты можна на любую велічыню.

Міністэрства эканомікі патлумачыла павышэньне коштаў на малако тым, што ўзрасьлі кошты на малочную сыравіну. Гэта праўда, таму што дзейнасьць сельскагаспадарчых арганізацый у Беларусі вельмі неэфэктыўная. Зямля, пазбаўленая камуністамі гаспадара, так яго і не займела. І працяг камуністычнай аграрнай палітыкі ёсьць гарантам бясконцага падвышэньня цэн на харчовую прадукцыю. Але гэтыя цэны, калі разьлічваць па пакупніцкай здольнасьці, у 5 разоў ніжэйшыя, чым былі ў 2013 годзе. Таму што грошы гэтыя вяртаюцца сельскагаспадарчым арганізацыям праз цэнтралізаваны бюджэт у выглядзе датацыяў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG