Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 глябальных пераменаў ад украінскага крызісу


Тым часам як Масква і Захад рыхтуюцца да працяглага супрацьстаяньня вакол расейскай анэксіі Крыму, наступствы якой могуць перакінуцца на іншыя постсавецкія краіны або нават далей, карэспандэнт агенцтва Ройтэрз Пол Тэйлар разглядае 10 спосабаў таго, як украінскі крызіс мог бы паўплываць на погляды і палітычныя рашэньні ва ўсім сьвеце.

1) Зьмяншэньне Расеі: Роля Расеі ў міжнародных справах зьменшылася, прынамсі часова. Масква ўжо дэ-факта выключаная з групы васьмі вялікіх індустрыйных дзяржаваў. Яе заяўкі на ўступленьне ў Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця і Міжнароднага энэргетычнага агенцтва замарожаныя. Саміты з удзелам Захаду і Масквы адмененыя да асобнага распараджэньня.

Спробы прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна выкарыстаць групу BRICS (Бразылія, Расея, Індыя, Кітай, Паўднёвая Афрыка) для зьмякчэньня заходняй ізаляцыі наткнуліся на далікатную пазыцыю Кітаю і Індыі ў крымскім пытаньні з прычыны спрэчак вакол Тыбэту і Кашміру. У супольнай заяве краінаў BRICS былі асуджаныя санкцыі, аднак не былі згаданыя ні Крым, ні Ўкраіна.

2) Ажыўленьне НАТО: Якраз у той момант, калі выглядала, што з затуханьнем місіі ў Афганістане ўзначальваны Злучанымі Штатамі альянс страчвае сваё значэньне, ён зноў вяртаецца на сцэну. На парадку дня стаіць пашырэньне патруляваньня паветранай прасторы і супольных вучэньняў у Польшчы і краінах Балтыі, тым часам як Варшава выказвае жаданьне як найхутчэйшага разьмяшчэньня амэрыканскай сыстэмы ракетнай абароны ў Цэнтральнай Эўропе.

Пад ціскам ЗША некаторыя эўрапейскія краіны могуць перагледзець рашэньні аб скарачэньні выдаткаў на абарону. Нэўтральныя Швэцыя і Фінляндыя, зноў успрымаючы Расею як патэнцыйную пагрозу, могуць павялічыць намаганьні ў галіне бясьпекі і разьвіваць больш цеснае супрацоўніцтва з НАТО.

3) Дывэрсыфікацыя энэргіі: Энэргетычная мапа Эўропы перамалёўваецца ў паскораным рэжыме, каб зьменшыць залежнасьць ад расейскай нафты і газу. Дзяржавы ЭЗ гатовыя збудаваць больш тэрміналаў звадкаванага прыроднага газу, удасканаліць сеткі трубаправодаў, павялічыць пастаўкі паўднёвага газу праз Грузію і Турцыю ў Паўднёвую і Цэнтральную Эўропу.

ЭЗ атрымлівае траціну нафты і газу з Расеі, 40 працэнтаў гэтага газу пампуецца праз Украіну. Цяпер Эўропа можа пачаць эксплюатацыю ўласных рэзэрваў сланцавага газу і пашыраць ядзерную энэргетыку, нягледзячы на экалягічную занепакоенасьць.

4) Кітайскі фактар: Дыпляматычны альянс паміж Расеяй і Кітаем, якія часта галасуюць заадно ў Радзе Бясьпекі ААН, можа зьмяніцца ў адным з двух напрамкаў — або збліжэньне праз больш шчыльнае энэргетычнае партнэрства, з новымі трубаправодамі для пампаваньня адхіленых Эўропай расейскіх нафты і газу ў Пэкін; або пахаладаньне, калі Кітай больш дыстанцуецца ад паводзінаў Пуціна і пабачыць менш карысьці ў блізкіх стасунках з эканамічна аслабленай і адносна ізаляванай Масквой. Пакуль што прэзыдэнт Сі Цьзіньпін адмаўляецца публічна заняць канкрэтную пазыцыю.

5) Вядучая роля ЗША: Глябальная вядучая роля Вашынгтону, аслабленая ўзмацненьнем пазыцыяў краінаў BRICS і рэжымам эканоміі пад прэзыдэнтам Абамам, часткова аднавілася.

Нягледзячы на выхад з войнаў у Іраку і Афганістане і перанос стратэгічнай вагі ў бк Азіі, апошнія падзеі падштурхоўваюць Абаму вярнуцца да старамоднай ролі «лідэра свабоднага сьвету» ў крызісе паміж Усходам і Захадам у Эўропе.

Гэты крызіс адсунуў на другі плян гнеў эўрапейцаў з прычыны сачэньня за глябальнымі камунікацыямі і надаў новае значэньне супрацоўніцтву.

На мінулым тыдні ў Брусэлі эўрапейцы заклікалі Абаму прадаваць ім сланцавы газ, і абодва бакі дамовіліся паскорыць перамовы па пакце аб трансатлянтычным свабодным гандлі і інвэстыцыях.

І ўсё ж амэрыканскія стратэгі кажуць, што эканамічныя інтарэсы ЗША і пагрозы бясьпецы ў сувязі з уздымам Кітаю дыктуюць захаваньне прыярытэту ў Азіі, а Эўропе давядзецца больш даваць рады самой.

6) Вядучая роля Нямеччыны: Украінская справа ўмацавала лідэрства Бэрліну ў Эўропе. Нямеччына ўжо дамінуе як эканамічная моц, адказная за вырашэньне крызісу эўразоны, а канцлер Ангела Мэркель зрабілася галоўнай асобай Эўропы ў перамовах з Пуціным.

Яе расчараваньне ў ім фармуе ўсё больш цьвёрды адказ пасьля пачатковых ваганьняў. Гатовасьць Нямеччыны зьменшыць энэргетычную залежнасьць ад Расеі будзе крытэрыем таго, як далёка зможа пайсьці рэшта ЭЗ. Мэркель таксама мае галоўную ролю ў дачыненьнях зь непрадказальнай Юліяй Цімашэнкай, чые прэзыдэнцкія амбіцыі могуць павысіць напружаньне ва Ўкраіне.

7) Аб’яднаны Эўразьвяз: Эўрапейскі Зьвяз зноў аб’яднаўся, прынамсі пакуль што, зь вяртаньнем агульнай зьнешняй пагрозы. Магчыма, гэта дапамагло лідэрам краінаў ЭЗ адолець некаторыя старыя супярэчнасьці.

Эўрапарлямэнтар фракцыі «зялёных» Рэбэка Хармс пажартавала, што можа й зарана намінаваць Пуціна на штогадовую прэмію Карла Вялікага за заслугі ў справе эўрапейскай еднасьці, «але перад пагрозай новай вайны ў Эўропе краіны ЭЗ сапраўды прыйшлі да супольнай стратэгіі ў дачыненьні да Расеі».

Некаторыя эўрапейскія дыпляматы кажуць, што Польшча магла б паскорыць свой павольны рух да эўра, шукаючы прытулку ў самым ядры Эўропы, як гэта зрабілі краіны Балтыі. Далучэньне Польшчы да эўразоны паскорыла б пашырэньне агульнай валюты амаль на ўсе краіны ЭЗ, улучна з Даніяй, аднак, напэўна, без Швэцыі ці Брытаніі.

8) Суперніцтва вакол Цэнтральнай Азіі: І Пуцін, і Захад заляцаюцца да цэнтральнаазіяцкіх аўтакратаў у багатых на энэргарэсурсы Азербайджане, Казахстане, Туркменістане і Ўзьбекістане, далікатна заплюшчваючы вочы на сытуацыю з правамі чалавека ў гэтых краінах. Калі Расея аслабне эканамічна, яны будуць хацець прынамсі стаяць адной нагой у заходнім лягеры.

9) Амэрыканска-расейскае супрацоўніцтва: пэўнае супрацоўніцтва ў пытаньнях глябальнай бясьпекі будзе працягвацца, Масква зацікаўленая ў гэтым, каб пазьбегнуць яшчэ большай ізаляцыі. Але магчымае далейшае напружаньне вакол Сырыі, Ірану, Афганістану або Паўночнай Карэі, і Масква мае інструмэнты, якія яна магла б пусьціць у ход, такія як кантракты на пастаўкі ракетных комплексаў С-300 Сырыі або Ірану.

10) Будучыня Пуціна: Расейскі лідэр наблізіўся да піку сваёй папулярнасьці на хвалі нацыяналістычнай гордасьці за «вяртаньне» Крыму. Аднак, можна чакаць росту нестабільнасьці, калі ён апынецца пад ціскам алігархаў, незадаволеных абясцэньваньнем свайго бізнэсу, стратай замежных інвэстыцый у Расеі і пагрозай візавых абмежаваньняў і замарожаньня рахункаў на Захадзе. Сёньня бальшыня зь іх застаюцца на 150 працэнтаў ляяльнымі, але ўжо праз паўгода справы могуць выглядаць інакш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG