Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адбываюцца мясцовыя выбары — Цэнтарвыбаркам


Па выніках галасаваньня плянуецца сфармаваць 1.328 мясцовых саветаў: шэсьць абласных, Менскі гарадзкі, 118 раённых, 10 гарадзкіх у гарадах абласнога падпарадкаваньня, 14 гарадзкіх у гарадах раённага падпарадкаваньня, 19 пасялковых і 1.160 сельскіх. Для гэтага неабходна абраць 18 тысяч 816 дэпутатаў.

Ужо вядома, што некаторыя дэпутацкія месцы застануцца вакантнымі, бо сама меней тры выбарчыя акругі па розных прычынах аказаліся без кандыдатаў у дэпутаты. У астатніх акругах выбары адбудуцца, паколькі парог яўкі выбарнікаў пры правядзеньні мясцовых кампаній не прадугледжаны.

Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў 22.338 кандыдатаў у дэпутаты. Зь іх 14.931 вылучаліся шляхам збору подпісаў, 7.727 — працоўнымі калектывамі, 675 — палітычнымі партыямі. 46,7% кандыдатаў у дэпутаты — жанчыны, 5% — маладыя людзі да 30 гадоў, 48,1% — дэпутаты папярэдняга скліканьня, 26 чалавек — грамадзяне Расеі.

Яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі прадстаўнікі апазыцыі заяўлялі аб недэмакратычнасьці выбараў, тлумачачы сваю пазыцыю адсутнасьцю ў краіне свабоды слова і сходаў, а таксама наяўнасьцю палітзьняволеных. Выбарчую кампанію яны выкарыстоўвалі як найбольш легальны ў цяперашніх умовах спосаб працы з выбарнікамі, данясеньня да іх сваіх ідэяў.

Незалежныя назіральнікі таксама адзначалі недэмакратычнасьць выбарчай кампаніі на розных яе этапах. Так, паводле інфармацыі кампаніі «За справядлівыя выбары», пры фармаваньні выбарчых камісій мела месца дыскрымінацыя па палітычных матывах прадстаўнікоў апазыцыі. У акруговыя камісіі было ўключана 83,4% вылучаных прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў і ўсяго 8,2% — сябраў апазіцыйных партый.

Падчас агітацыйнай кампаніі назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за сумленныя выбары» адзначалі выпадкі цэнзураваньня друкаванай прадукцыі апазыцыйных кандыдатаў і іх выступленьняў па радыё, а таксама выпадкі пазбаўленьня рэгістрацыі кандыдатаў за дапушчаныя парушэньні пры агітацыі.

Акрамя таго, па ацэнцы праваабаронцаў, адміністрацыйныя арышты ў пэрыяд агітацыйнай кампаніі актывістаў апазыцыйных партый, якія ўдзельнічаюць у выбарах, стваралі «вельмі нэгатыўны палітычны фон, на якім адбываюцца выбары».
У той жа час у Цэнтарвыбаркаме сьцьвярджаюць, што выбарчая кампанія праходзіць у поўнай адпаведнасьці з заканадаўствам, і прадказваюць высокую яўку выбарнікаў.

Што да датэрміновага галасаваньня, якое доўжылася з 18 па 22 сакавіка, то, як заяўляюць актывісты кампаніі «Права выбару», «па ўсёй Беларусі адбываліся масавыя парушэньні нават тых, далёка не дэмакратычных, норм права, якія замацаваны ў дзейным Выбарчым кодэксе». Назіральнікі, у прыватнасьці, указваюць на такія парушэньні, як выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу, прымушэньне да датэрміновага галасаваньня, завышэньне яўкі выбарнікаў, перашкода працы назіральнікаў.

У той жа час у Цэнтарвыбаркаме сьцьвярджаюць, што выбарчая кампанія праходзіць у поўнай адпаведнасьці з заканадаўствам, і прадказваюць высокую яўку выбарнікаў. Так, напрыклад, старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына разьлічвае, што на выбарчыя ўчасткі прыйдуць больш чым 50% выбарнікаў. Такім чынам, заявіла яна, «абраныя мясцовыя органы ўлады будуць легітымныя, перш за ўсё з маральнага пункта гледжаньня, гэта значыць падтрыманыя большасьцю выбарнікаў».

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з судзьдзямі Канстытуцыйнага суду Беларусі 14 сакавіка заклікаў выбарнікаў да ўдзелу ў выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. «Яшчэ вельмі шмат трэба зрабіць, таму вельмі важна, хто заўтра стане дэпутатам і далей працягне стваральную працу на карысьць нашай краіны. У дні галасаваньня ў нашых грамадзян ёсьць магчымасьць самастойна адказаць на гэтае пытаньне. І таму я зьвяртаюся да нашых людзей і прашу прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць свой сьвядомы выбар. Для нас важнае меркаваньне кожнага чалавека», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Паводле зьвестак ЦВК, за чатыры дні датэрміновага галасаваньня (з 18 па 21 сакавіка) на выбарах прагаласавала амаль 25% выбарнікаў. Для параўнаньня: на папярэдніх выбарах 2010 года за гэты ж пэрыяд прагаласавала 22%.

Сёньня, у асноўны дзень галасаваньня, выбарчыя ўчасткі працуюць з 8.00 да 20.00.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG