Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы калі на выбары ня пойдзеш, то да цябе прыедуць з урнаю...


На выбарчым участку ў вёсцы Вялікія Эйсманты Бераставіцкага раёну падчас датэрміновага галасаваньня
На выбарчым участку ў вёсцы Вялікія Эйсманты Бераставіцкага раёну падчас датэрміновага галасаваньня

У Вялікіх Эйсмантах Бераставіцкага раёну выбары безальтэрнатыўныя, як і ў пераважнай большасьці акругаў на Гарадзеншчыне. Але яўка выбарцаў высокая. Нават датэрмінова за тры дні прагаласавала больш як 170 выбарцаў.

У вёсцы Вялікія Эйсманты Бераставіцкага раёну выбарчы ўчастак — у Доме культуры. У залі для галасаваньня толькі старшыня камісіі і адзін сябра камісіі. Цішыня поўная. Але старшыня камісіі Ўладзімер Янковіч распавядае, што датэрміновае галасаваньне ідзе вельмі актыўна.

Праўда, некаторыя вёскі — на адлегласьці да 10 кілямэтраў ад Вялікіх Эйсмантаў. Паводле старшыні камісіі, адтуль людзей прывозяць на аўтобусах ужо ў дзень выбараў. Спадар Янковіч кажа, што звычайна галасуюць да 96% выбарцаў. Цікаўлюся — колькі ўжо вяскоўцаў прагаласавалі датэрмінова?

Янковіч: «У нас 50–60 чалавек у дзень. У нас усяго 996 выбарцаў, і зь іх ужо на ўчарашні дзень прагаласавалі 173. Людзі лічаць, што ў нядзелю нехта пойдзе да касьцёла, нехта да дзяцей, да некага дзеці прыедуць. Вось каб быць вольнымі, то і галасуюць».

Ужо на вуліцы сутыкаюся зь іншым стаўленьнем. Мясцовыя людзі пасьмейваюцца і кажуць, што ім няма каго выбіраць на гэтых выбарах.

Спадар: «Гэтыя дэпутаты фактычна нічога не вырашаюць. У нас усё вырашае „бацька“, ён што сказаў, тое і будзе, бо інакш давядзецца ісьці шукаць іншае месца. А ў нас што тут гэты мясцовы дэпутат — ходзіць і шукае каго вуліцу падмесьці...»
Гэтыя дэпутаты фактычна нічога не вырашаюць. У нас усё вырашае „бацька“

Карэспандэнт: «Але ж старшыня выбарчай камісіі сказаў, што звычайна ў выбарах бяруць удзел да 96% выбарцаў...»

Вяскоўцы мне толькі ўсьміхаюцца.

Спадар: «Паспрабуй не прыйдзі. Прывязуць урну, усё роўна прагаласуеш. І ня важна, можаш ты хадзіць ці ня можаш...»

Іншы спадар: «Тут нават Дом культуры развалілі да такой ступені, што толькі нядаўна больш-менш адрамантавалі, каб прывезьці сюды гэтыя урны. Пра што вы хочаце казаць? І ні танцаў, ні канцэртаў, нічога няма».

Я прыкладна за 10 кілямэтраў ад Вялікіх Эйсмантаў — вёска Мацевічы. Відаць, што пераважна тут жывуць пэнсіянэры. Але вось сустракаю маладую спадарыню, цікаўлюся наконт выбараў. Яна тлумачыць, што па ўсіх хатах разьвезьлі ўлёткі кандыдатаў і запрашэньні на выбары. Сустрэчаў з кандыдатамі не было, і ўсё наагул спакойна.

Спадарыня: «Ажыятажу ў нас няма. Але што могуць зрабіць дэпутаты мясцовых саветаў? Я сама двойчы была — і што, якія ў нас паўнамоцтвы? Я сама заўсёды казала, што выслухаць вас толькі магу, паспачуваць, перадаць у райвыканкам, але дапамагчы канкрэтна — у нас няма ніякіх паўнамоцтваў».

У Мацевічах сустракаю людзей сталага веку, і яны мне тлумачаць, што ставяцца да выбараў зь вялікай адказнасьцю.
А як жа, нам жа прывезьлі паперкі зь сельсавету, і мы абавязкова павінны ісьці галасаваць

Спадар: «А як жа, нам жа прывезьлі паперкі зь сельсавету, і мы абавязкова павінны ісьці галасаваць. Раз краіна нас просіць, то як мы можам адмовіць? Мы ня можам адмовіць. Раз мы тут жывём, то мы павінны падпарадкоўвацца».

Спадарыня: «Вось у мяне тут надзел зямлі за хатаю, то ўвосень згараюць, а вясною закультывуюць. А мне больш нічога ад іх не патрэбна, і я гэтым вельмі задаволеная».

Яшчэ адзін спадар, пачуўшы маё пытаньне пра выбары, толькі махнуў рукой і сказаў, што ёсьць справы важнейшыя — ён грузіць бульбу везьці здаваць на прыёмны пункт. Потым палагаднеў і распавёў пра свае праблемы.

Спадар: «А куды яе падзець? Сьвіней жа няма, забаранілі трымаць. Пусты хлеў, толькі куры і пара качак. Гэта яшчэ пашэнціла, што здам, бо я зьбіраўся яе ў кар’ер выкідаць. Але астатнюю давядзецца выкідаць, сьвіней няма».

Карэспандэнт: «А да мясцовых уладаў не зьвярталіся, каб вам дапамаглі?»

Спадар: «А ў калгасе сваёй бульбы дастаткова...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG