Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурвіла: Мы можам стацца наступнай ахвярай Масквы


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да суайчыньнікаў з нагоды Дня Волі.

«Дарагія Суродзічы! Зьвяртаюся да вас сёньня з трывогай на душы, — гаворыцца ў звароце. — Падзеі ва Ўкраіне паказалі сьвету да якой скрайнасьці Масква гатовая пайсьці, каб вярнуць імпэрыю. Не зважаючы на законы міжнароднага сужыцьця, на міжнародныя — ёю падпісаныя — дагаворы і на аднагалоснае асуджэньне ўсяго сьвету, Расея напала на суседнюю дзяржаву пад выдуманай падставай небясьпекі, якая, маўляў, пагражае „рускамоўнаму“ насельніцтву гэтае дзяржавы. У трыццатыя гады напад на суседнюю дзяржаву пад падобнай падставай быў першым крокам да найстрашнейшай сусьветнай вайны, якую перажыло чалавецтва.

Для Беларусі, маскоўская агрэсія на Ўкраіну асабліва трывожная. Бо калі сьвет адэкватна не зрэагуе, мы можам стацца наступнай ахвярай маскоўскага імпэрыялізму. Падстава будзе тая самая: рускамоўнае насельніцтва Беларусі.

Дарагія Суродзічы! У 96-я ўгодкі нашага слаўнага 25-га Сакавіка, дзякуючы якому Беларусь яшчэ жыве, заклікаю вас годна адзначыць гэты Дзень. Гэтым вы прыпомніце сьвету, што і вы хочаце быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, выказваю салідарнасьць з Украінскім народам і ягонымі героямі, якія сёньня змагаюцца супраць пуцінскай „імпэрыі зла“. Не давайце рэжыму ўцягнуць вас у гэтую імпэрыю. Мы на баку цывілізаванага сьвету, а ня дзікіх агрэсараў.

Дык слава Украіне ў змаганьні! Жыве беларуская Беларусь!» — гаворыцца ў звароце старшыні Рады БНР.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG